За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, наш зямляк Вікенцій Вайцяховіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За баявыя заслугі» (два), «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «За воінскую доблесць. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна» і інш. І яшчэ адна падзея, памяць аб якой ветэран пранёс праз усё жыццё, знакаміты партызанскі парад у Мінску, які адбыўся 16 ліпеня 1944 года.
Жыццё да 1941-га
Убачыў свет
Вікенцій Іванавіч у 1925 годзе на хутары Асавец, што побач з Падгорцамі. Сялянская сям’я была мнагадзетнай: брат
Станіслаў, сёстры
Алена і Станіслава. Жылі дружна. Зразумела, што шмат працавалі. Здольны да навучання хлопец скончыў толькі 5 класаў Слабадакучынскай сямігодкі. Некалькі месяцаў вучыўся на шаўца ў Дусаеўшчыне, там і працаваў у майстэрні. Пачалося перасяленне з хутароў. 14-гадовы сын ва ўсім дапамагаў бацькам: разбіралі хату на бярвёны, каб перанесці яе ў вёску.
Пачатак вайны
22 чэрвеня разам з сельскай моладдзю ён пайшоў на возера. Там купаліся, гулялі, спявалі. Дзесьці пасля абеду на кані з’явіўся малады хлопец.
– Вайна! Вайна!
– Гэта бяда! – сказала маці
Вікторыя Фларыянаўна.
Яна добра памятала І Сусветную вайну і белапольскую акупацыю, падчас якой загінуў яе першы муж. З’явіліся адступаючыя чырвонаармейцы і бежанцы. Аднавяскоўцы выносілі ім ваду і ежу. Пачалося жыццё ў акупацыі. Людзі выжывалі дзякуючы сельскай гаспадарцы. Усім, чым магла, сям’я
Вайцяховічаў дапамагала партызанам. Хацеў далучыцца да іх, але адразу не дазваляла здароўе.
У партызанах
У канцы 1943 года Вікенцій пачаў атрымоўваць павесткі з паліцыі. Знаёмы шапнуў:
– Немцы вывозяць нашу моладзь у Германію на прымусовыя работы. Трэба ці схавацца, ці ісці ў партызаны.
Як пайсці?! Акупанты могуць расправіцца з сям’ёй. Пашанцавала, што аднавясковец
Міша Камінскі прыйшоў наведаць сваіх родных. Да яго і звярнуўся Вікенцій, каб той замовіў слова перад камандаваннем. А ў вёсцы пусцілі чутку, што сілай забралі. Камандзір партызанскага атрада імя М.А. Шчорса
Аляксандр Колчанка, як толькі ўбачыў «маладое папаўненне», скрозь зубы выціснуў:
– Ты каго прывёў? Як ён будзе ваяваць: малы, худы, увесь свеціцца і ветрам гойдае!
Але загадаў выдаць вінтоўку-трохлінейку (большую за яго) і вучыць па-сапраўднаму ваеннай справе.
Першае баявое заданне. Ён і двое сяброў пільнавалі ў засадзе на гравійнай дарозе Шышчыцы–Бабоўня здрадніка-паліцэйскага, які дастаўляў фашыстам спісы партызанскіх сем’яў. Быў страх, які пасля першых стрэлаў па ворагу адразу знік. З’явілася ўпэўненасць у сваіх сілах, а затым прыйшоў і баявы вопыт. Стаў членам ЛКСМБ. У новым атрадзе імя П.К. Панамарэнкі ўдзельнічаў у Труханавіцкім і Слабада-Кучынскім баях, дыверсіях на чыгунцы Слуцк–Баранавічы.
[caption id="attachment_134010" align="alignnone" width="500"]
9 мая 1945 г., г. Кёнігсберг[/caption]
Партызанскі парад
Нашы войскі вызвалілі Мінск. Партызанскія злучэнні атрымалі загад ад Беларускага штаба партызанскага руху дапамагчы Чырвонай Арміі. У час аперацыі «Баграціён» партызаны ўдзельнічалі ў баях з нямецкімі войскамі, якія трапілі ў «мінскі кацёл», ажыццяўлялі ахову важных аб’ектаў і інш. Яны на конях дапамагалі пехацінцам выяўляць варожыя акопы, агнявыя кропкі і асабліва на палетках, дзе расло збожжа. Каб трапіць на парад, неабходна было прайсці строгі адбор. Усіх хворых і параненых «адсеялі». У Калядзічах рыхтаваліся да парада. Прыводзілі ў парадак абутак, адзенне, чысцілі зброю, вучыліся маршыраваць у калонах. Кармілі з салдацкіх палявых кухняў. Мабыць, за ўсю вайну так добра ніколі не еў. Напярэдадні атрымаў сваю першую баявую ўзнагароду – медаль «Партызану Айчыннай вайны» ІІ ступені. Калона 27-й брыгады імя Чапаева рушыла адной з першых. Тых народных мсціўцаў, у каго было пацёртае абмундзіраванне, ставілі ў цэнтр. Ён аказаўся на фланзе і добра бачыў на трыбуне знакамітых ваенных на чале з камандуючым ІІІ Беларускім фронтам генералам арміі
Іванам Чарняхоўскім, а таксама кіраўніцтва рэспублікі.
[caption id="attachment_134012" align="alignnone" width="840"]
Спаборніцтвы Беларускай ваеннай акругі, 1952 г.[/caption]
У Чырвонай Арміі
На наступны дзень партызанскую брыгаду расфарміравалі. Прыехалі «купцы» з розных падраздзяленняў. Яны распытвалі у былых партызан, хто і дзе хоча служыць. Звярнуліся і да Вайцяховіча, ці жадае ён далучыцца да танкістаў, бо ў таго невялікі рост. Ён згадзіўся і трапіў на хуткатэрміновыя курсы механікаў-вадзіцеляў самаходных установак СУ-122. У званні гвардыі малодшага сяржанта ваяваў у складзе 3-га гвардзейскага танкавага Кацельнікаўскага Чырвонасцяжнага ордэна Суворава корпуса 2-й мотастралковай брыгады на І Прыбалтыйскім фронце. Пры вызваленні Літвы (г. Расейняй) яго самаходка была падбіта, а ён, цяжка паранены ў абедзве нагі, атрымаў моцныя апёкі. Але малады арганізм вытрымаў усё. Пасля трох месяцаў лячэння ў шпіталі і курсаў санінструктараў вярнуўся да сваіх танкістаў. На ІІ Беларускім фронце вызваляў Польшчу, гарады Гдыня, Гданьск, аказваў дапамогу нашым параненым у час баёў, эвакуіруючы іх з палаючых машын. Перамогу сустрэў на беразе Балтыйскага мора.
[caption id="attachment_134011" align="alignnone" width="500"]
Дзень Перамогі, Мінск, 1985 г.[/caption]
Сям’я
Служба прадоўжылася адзін год ў Паўночнай групе войск, а затым у Беларускай ваеннай акрузе (г. Слонім) у 97-м асобным матацыклетным ордэна Суворава батальёне. Яшчэ захапіўся матацыклетным спортам (матагонкамі), выступаў на шматлікіх спаборніцтвах, займаў прызавыя месцы. Удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, іграў у вайсковым тэатры. Гэта быў ужо відны, прыгожы і статны малады чалавек. У адпачынак на Капыльшчыну прыязджаў на амерыканскім матацыкле «Харлей-дэвідсан» з каляскай. У Русаках сустрэў сваю адзіную каханую. Зразумела,
Марыя Антонаўна Ліннік, якая працавала настаўніцай нямецкай мовы ў Пацейкаўскай СШ, толькі пазнаёміўшыся з такім выдатным чалавекам, не раздумваючы, пагадзілася выйсці замуж. Разам пражылі ў міры і згодзе 45 гадоў, далі пуцёўку ў жыццё тром дзецям:
Людміла працавала выкладчыкам БДУ,
Таццяна – настаўніцай,
Віктар – інжынерам аўтатранспарту. Пасля 28 гадоў у званні старшыны ветэран вайны і Узброеных Сіл звольніўся ў запас са службы. Пабудавалі хату ў пасёлку Юбілейны пад Мінскам. Рукі так засумавалі па роднай зямельцы, што захацелася далучыцца да сялянскай працы. Радаваліся нараджэнню чатырох унукаў, якія раслі і рабілі першыя крокі ў іх на вачах. Пакуль было здароўе, ездзіў на сустрэчы аднапалчан у Маскву і Мінск. Успамінамі, унікальнымі па сваім драматызме і шчырасці, дзяліўся у школах, тэхнікумах, інстытутах. Сямейнымі святамі заўсёды былі Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У жыцці – сціплы і добры чалавек, ён імкнуўся наведваць кожны год родныя мясціны. З павагай і клопатам ставіўся да сваіх малодшых сясцёр, адорваючы іх невялікімі падарункамі. Пайшоў з жыцця ветэран у маі 2005 года, не дажыўшы некалькі дзён да свайго любімага і галоўнага свята краіны, але даўшы наказ нашчадкам – зберагчы святую памяць аб трагічных і пераможных днях Вялікай Айчыннай вайны.
Нам, новым пакаленням, неабходна шанаваць памяць пра загінуўшых, паважаць тых, хто застаўся жывы, паважліва адносіцца да гераічнага мінулага малой радзімы.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии