Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

142

Калядныя святкаванні на Беларусі

07.01.2012
Каляды – народнае зімовае свята дахрысціянскага паходжання. У гадавым коле народных аграрных абрадаў і святкаванняў мінулага Каляды храналагічна займалі першае месца. Назва іх паходзіць ад лацінскага слова “саlendae” (“календы”). Так старажытныя рымляне называлі  першы дзень кожнага месяца. Усе “календы” святкаваліся, але асабліва ўрачыста адзначаліся навагоднія. Каляды на Беларусі, як і ў іншых славянскіх народаў, адзначаюцца: у католікаў — з 24 снежня па 6 студзеня ўключна, у праваслаўных — з 6 па 19 студзеня. На працягу гэтых двух тыдняў працаваць лічылася грахом, і людзі ўдзень выконвалі толькі тую работу, без якой нельга было абысціся. Ва ўсе вечары забараняліся любыя работы. А таму іх называлі святымі. Рыхтавацца да Каляд сяляне пачыналі ўжо з Піліпаўкі. Да свята кожная сям’я старалася забяспечыць сябе патрэбнымі прадуктамі харчавання, забівалі свінню (калолі “каляду”), для жывёлы нарыхтоўвалі неабходную колькасць кармоў (рэзалі сечку, трэслі трасянку). У некаторых вёсках на Беларусі (Вілейскі, Стаўбцоўскі раёны і інш.) Калядамі называлі толькі само свята 25—28 снежня, а перыяд з 24 снежня і па 6 студзеня – калядоўніцай (калядніцай), Вадохрышча – провадамі. У іншых славян Калядою ўласна называлі толькі тры дні: дзень перад нараджэннем Хрыста, дзень перад Новым годам і дзень перад Вадохрышчам. З народным абрадам сустрэчы Новага года ў мінулым і было непарыўна звязана святкаванне Каляд (па часе яны супадалі з навагоднімі ўрачыстасцямі, але адзначаліся больш шырока). У кожнага народа Каляды праводзіліся весела. Лічылася, што калі радасна сустрэць пачатак Новага года, то ўвесь год будзе вясёлым і шчаслівым. На Беларусі вячэра 24 снежня насіла агульную назву “куцця”, таму што ў гэты дзень абавязкова варылася куцця (каша з ячных круп). Паводле ўяўленняў нашых далёкіх продкаў, куцця лічылася сакральнай стравай, паколькі зерне валодае дзівоснай уласцівасцю доўга захоўваць жыццё і, калі трэба, зноў аднаўляць яго. Вядома, што зерне здольна праляжаць гады, нават стагоддзі, а як толькі яно трапляе ў спрыяльныя ўмовы, у ім абуджаецца жыццё. Вось чаму куцця варылася з цэлых абтоўчаных у ступе зярнятаў. Яна сімвалізавала несмяротнасць, г. зн. бясконцасць жыцця. Першая куцця служыла пачаткам Каляд і спраўлялася з вялікай урачыстасцю, а таму і атрымала назву “Вялікай куцці”. Яна яшчэ называлася поснай, таму што стравы на вячэру гатаваліся без жывёльнага тлушчу. На працягу ўсіх калядных дзён спраўлялася тры куцці. З першай было звязана ў народзе многа прыкмет, звычаяў, варожбаў. Так, падсохлы верх куцці за вячэрай здымалі і аддавалі курам, “каб добра яйкі неслі”. У некаторых мясцовасцях Беларусі зачэрпнуўшы першую лыжку куцці, гаспадар стукаў у акно і клікаў мароза “ісці куццю есці”, каб ён не марозіў пасевы ячменю, пшаніцы, гароху, грэчкі, а гаспадыня зазывала мароз на куццю, каб не марозіў на агародзе расаду, гуркі, гарбузы, буракі і інш. Колькасць страў на першую куццю (3, 5, 7, 9, 12) залежала ад заможнасці сям’і і мела рытуальнае прызначэнне. Паводле старажытнай народнай традыцыі, гэтыя лічбы з’яўляліся сімвалічнымі і ў каляднай рытуальнай вячэры сімвалізавалі поспех, шчасце, удачу ў наступаючым годзе. Стравы ўжывалі наступныя: квас з грыбамі, кашу, бліны з макам, куцця з мядовай сытой, селядзец з алеем, рыба, аўсяны кісель, вараныя грыбы, узвар з сушаных яблыкаў, груш, сліў, пражаны гарох і інш. Абавязковай стравай быў грыбны адвар. Паколькі грыб лічыўся зямной раслінай, то грыбны адвар сімвалізаваў сокі зямныя, якія пад уздзеяннем сонца абуджаюць жыццё ў прыродзе. Меркавалася, што мак на куццю спрыяе ўраджайнасці. Пяклі і мучныя бліны. Круглы блін сімвалізаваў сонца, якое абагатваралася чалавекам у старажытнасці, паколькі яно давала не толькі святло і цяпло, а і прабуджала жыццё на зямлі. Вось чаму далёкі продак з такім нецярпеннем чакаў павароту сонца на лета. Звараны мёд лічыўся абрадавым пітвом. Гэта і сімвал арганізаванасці і працавітасці (мёд – плён працы дружнай пчалінай сям’і). Нашы продкі добра разумелі: дзе ў згодзе, аб’яднана, арганізавана і старанна працуюць, там лад і дастатак у сям’і. У гэты ж вечар варажылі аб будучым ураджаі льну: выцягвалі з-пад абруса сянніну. Калі выцягвалася доўгая, то лён будзе высокім. Добра звараная куцця служыла прыкметай багатага ўраджаю ячменю. Калі ж ноччу на небе шмат зорак, летам будзе многа грыбоў. Або, калі з поўдня пасыплецца град, то бу- дзе ўмалотны гарох, калі снег – будуць раіцца пчолы. Гаспадар лыжкай лавіў бурбалкі ў кіпячай вадзе і гэтым варам паліваў авёс, а назаўтра раніцай ён аддаваў яго коням, каб былі такія ж гладкія і так шпарка бегалі, як гэтыя бурбалкі ў кіпячай вадзе. Каб авечкі не адбіваліся ад дому і прыходзілі ў свой двор, пасля вячэры не мылі лыжкі, звязвалі іх шарсцянай ніткай і пакідалі на стале. Сена, якое было разаслана на куццю пад абрусам, аддавалі назаўтра каровам і авечкам. Пра гэтыя звычаі пісаў і Я. Колас у паэме “Новая зямля” ў раздзеле “Каляды”. На першы дзень святых калядак Такі ўжо быў стары парадак: Збіралі сена са стала, Кармілі ім каня, вала І ўсіх жывёлін, хоць па жмені, А на стале ў драбнюткім сене Здавён-даўно вялося й гэта: Уважна зярнятак шукалі І па тых зярнятах гадалі: Які зародзіць хлеб налета. Само ж святкаванне Каляд пачыналася 25 снежня і працягвалася некалькі дзён. У першы дзень паводле абрадавай традыцыі, варылі верашчаку са свінінай, пяклі бліны (часта двух сартоў: грачаныя і аўсяныя, што з’яўлялася адзнакаю ўрачыстасці дня, паколькі блінцы на Беларусі – пераважна святочная страва), елі смажаныя каўбасы, сальцісон, студзень і іншыя мясныя стравы. Увогуле, у цэнтры каляднай абрадавай яды аказваецца свініна. Рытуальнае забіццё свінні перад Калядамі было састаўной часткай абраднасці старажытназемляробчага свята зімовага сонцавароту. Вучонымі ўстаноўлена, што ў далёкім мінулым свіння па пладавітасці ўспрымалася як сімвал  урадлівасці. Святочная абраднасць на Беларусі ўключала калядаванне – народны традыцыйны звычай абходу хат з выкананнем віншавальна-сімвалічных калядных песень, тэатралізаваных сцэнак з пераапрананнем у “казу” ці “мядзведя”, “кабылу”, “жорава”. У аснове ўсяго гэтага ляжала старажытная аграрная абраднасць, агульным прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла (згодна з народным выразам “ад Каляд сонца паварочвае на лета”) і забяспячэнне добрага ўраджаю ў новым гаспадарчым годзе пры дапамозе магічных дзеянняў. У беларусаў і ў іншых земляробчых народаў “каза” ўшаноўвалася, як даўца ўраджаю: Дзе каза ходзіць, Там жыта родзіць. Дзе не бывае, Там вылягае… Увечары перад Новым годам спраўлялі другую куццю, якую называлі “багатай”, “тоўстай”, “шчодрай”, “мясной”, або “шчодрым вечарам”. Дзяўчаты шчадравалі – хадзілі са “шчодрай”, на ролю якой выбіралі прыгожую дзяўчыну. Яе апраналі ў святочнае адзенне, на галаву ўскладалі папяровы вянок з рознакаляровымі стужкамі. Дзяўчаты адпраўляліся па хатах і спявалі шчадроўкі. У навагоднюю ноч вялікае значэнне надавалася варажбе аб будучым замужжы. Найбольш распаўсюджанай была варажба па штыкецінах. Вечарам дзяўчаты бралі міску з кашай (куццёю) ці каўбасой, выносілі на двор і ставілі каля сметніка, а самі беглі да плоту і, беручыся рукой за кожную штыкеціну, гаварылі: “Маладзец, удавец, маладзец, удавец”. Апошняя штыкеціна і “паказвала”, хто будзе мужам – маладзец ці ўдавец. Варажылі і на блінах. Сутнасць гэтай варажбы заключалася ў тым, што дзяўчына тайком ад усіх хатніх брала першы спечаны блін і, выбегшы на вуліцу, пыталася ў мужчыны, якога сустракала, як яго імя. Пачуўшы, яна амаль была ўпэўнена, што ведае імя свайго суджанага. Неабходна было яшчэ дазнацца, ці выйдзе яна замуж у новым годзе. Для гэтага трэба было з тым жа бліном падысці да суседзяў пад акно і паслухаць, аб чым гавораць у хаце. Калі да вушэй дойдзе слова “ідзі”, значыць, яна выйдзе замуж, а калі пачуе слова “сядзь”, то ў лепшым выпадку прыйдзецца яшчэ год “сядзець у дзеўках”. Каб даведацца, у якім баку жыве яе суджаны, дзяўчына выходзіла на раздарожжа і прыслухоўвалася: дзе забрэша сабака, у той бок і выйдзе замуж. З такой жа мэтай кідалі зняты з нагі чаравік: у які бок ён ляжа наском, там быць і замужам. А каб ведаць, ці багаты будзе суджаны, трэба было ноччу з бліном у руках пайсці ў лазню, прасунуць руку ў акенца і пастарацца што-небудзь абмацаць. Калі ў  руку пападзецца што-небудзь касматае, быць дзяўчыне за багатым, калі ж пападзецца гладкае (камень, кавалак дрэва і г. д.), усё жыццё прый- дзецца гараваць у беднасці. Для дзяўчыны заставалася яшчэ адна загадка: ці добры будзе яе муж, ці сярдзіты. Адгадаць гэта можна было так: пайсці да калодзежа або на рэчку і кінуць у ваду камень. Калі камень пойдзе на дно ціха, то муж будзе ціхі і добры чалавек, а калі з шумам – не будзе згоды ў сям’і. Дзень Новага года на вёсцы раней быў больш вядомы пад назвай “Васілле”, у чым праявіўся вонкавы ўплыў царкоўнага календара (1 студзеня – дзень св. Васіля Вялікага). Раніцай у гэты дзень сялянскія дзеці з мяшочкамі, напоўненымі збожжам, заходзілі ў хаты і, віншуючы гаспадароў традыцыйнымі навагоднімі зычэннямі, “засявалі” – пасыпалі кругам зярняткі. Пры гэтым яны часта выконвалі спецыяльна прысвечаныя Васілю песенькі: Ходзіць Ілля на Васіля, Носіць кучу жыцяную, Дзе замахне – жыта расце… Засявальнікаў прымалі вельмі ахвотна, давалі ім хлеб, сала, арэхі, абаранкі і інш. З прыкмет і павер’яў, звязаных з трэцяй (поснай) куццёй – вячэрай, што спраўлялася 5 студзеня, перад Вадохрышчам, можна адзначыць наступныя: мяцеліца на Вадохрышча прадракала добры ўраджай грыбоў, ягад і арэхаў. Калі хата ў гэты дзень трымалася ў чысціні, летам лён павінен урадзіцца чысты. За вячэрай спяшаліся з ядой, каб летам хутчэй управіцца з палявымі работамі і інш. Як бачым, калядная абраднасць і звязаныя з ёю прыкметы, павер’і, варожбы па сваёй сутнасці былі накіраваны галоўным чынам на забеспячэнне добрага ўраджаю ў наступаючым гаспадарчым годзе, ад якога цалкам залежаў дабрабыт сялянскай сям’і. Праз аграрныя і сямейныя абрады зімовага цыкла беларусаў праходзіць адна мэта: імкненне чалавека зазірнуць у будучае і дабратворна паўплываць на яго. Калядны цыкл беларускіх абрадаў і звычаяў, як і ў іншых славянскіх народаў, прадстаўляецца як сукупнасць традыцыйных абрадаў аграрнавытворчага характару. Беларускую калядную абраднасць у ліку народных звычаяў можна разглядаць як свайго роду помнік этнічнай гісторыі беларускага народа, як своеасаблівую культурную спадчыну мінулага. Наогул, народныя абрады і звычаі складаюць істотную частку духоўнай культуры народа, дзе адлюстроўваліся яго светаразуменне і маральна-эстэтычныя погляды на жыццё. Антон ГУРСКІ, кандыдат філалалгічных навук  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей