Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

66

В этом году исполняется 100 лет с начала творческого пути Кузьмы Черного

24.06.2023
Сёлета споўнілася 100 гадоў з пачатку творчага шляху Кузьмы Чорнага, а менавіта з моманту напісання апавядання «На граніцы». Літаратурна-музычная імпрэза да гэтай падзеі была арганізавана Літаратурным музеем Кузьмы Чорнага і Цімкавіцкай сельскай бібліятэкай. Вядучыя свята — кіраўнікі згаданых устаноў культуры Людміла Ніжэвіч і Вольга Радкевіч — падрабязна расказалі пра шлях станаўлення пісьменніка, цытавалі яго творы. Для прысутных гучалі беларускія песні і інструментальныя кампазіцыі ў выкананні народнага ансамбля народнай музыкі «Капыляне». Тут жа была прадстаўлена выстава карцін пра граніцу, выкананых юнымі мастакамі мясцовай дзіцячай школы мастацтваў. Чорны – гэта цэлы свет Як адзначыла Людміла Ніжэвіч, Кузьма Чорны пачынаў свой творчы шлях з пачуццём вялікай адказнасці. Ён разумеў, што знаходзіцца ў самым пачатку стварэння сапраўднай беларускай прозы, а таму адразу ставіў перад сабою складаныя задачы. Ён быў упэўнены, што прыйшоў час беларускага народа заявіць аб сабе, павесці гаворку з «цэлым светам». Псіхалагічная драма чалавека, яго роздумы і перажыванні — аснова кампазіцыі ў яго творах. Самае галоўнае Чорны ўсё ж паспеў зрабіць, стаўшы стваральнікам беларускай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы, у якой чытач адшуквае сапраўднага беларускага мужыка і сапраўднага беларускага інтэлігента, патрыёта і гуманіста. Усім сваім жыццём і ўсёй творчасцю Кузьма Чорны быў звязаны з гэтымі людзьмі, служыў ім. Ён горача любіў свой народ і яго мову. «Родныя мае мясціны, — прызнаваўся  пісьменнік. — Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Гэта ўсё адтуль, сапраўднае…» «Вучыцеся ў Раманоўскага» Яшчэ ў школе Мікола Раманоўскі добра пісаў сачыненні. У Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе ён вучыўся, зачытвалі яго рэфераты і пісьмовыя работы перад усімі семінарыстамі, кажучы: «Вучыцеся ў Раманоўскага, як трэба пісаць!».  Неяк само сабою сталася, што ён пачаў пісаць апавяданні. Раманоўскі  начамі выседжваў у каморы, заклапочана пазіраў на газоўку і пісаў, пісаў… Але атрымлівалася чамусьці так, што днём ён жыў сярод цімкаўцаў, гаварыў з імі, жартаваў, апавядаў пра розныя дзіўныя гісторыі, а ноччу трапляў у нейкі надуманы і нерэальны свет, дзе не сустракалася на вочы ні адна знаёмая постаць, не чулася там і роднага слова.  Некалькі апавяданняў, напісаных пад уплывам Максіма Горкага, Мікалай у 1919 годзе паслаў у Петраград. Адказу доўга не было. Нарэшце прыйшла паштоўка. Там было ўсяго пару радкоў: стрымана хвалілі адно апавяданне і абяцалі, калі трапіцца магчымасць, яго надрукаваць. Але не надрукавалі. Першая публікацыя з’явілася ў друку 25 лютага 1921 года ў дзіцячым часопісе «Зоркі». Гэта было апавяданне «Гузік», падпісанае яшчэ «Мікола Раманоўскі». [caption id="attachment_133694" align="alignnone" width="500"] Моманты літаратурна- музычнай імпрэзы[/caption] Усё жыццё апісваць цімкаўцаў У гэты час Мікола асабліва пасябраваў са сваім цёзкам Кліменкам. Сябры не толькі вялі доўгія дыскусіі на розныя жыццёвыя тэмы, але і чыталі адзін аднаму напісанае. Аднойчы Мікола Раманоўскі ў нейкім  роздуме прамовіў :  «Літаратура – гэта бурлівы і глыбокі акіян. І трэба быць добрым плыўцом, каб не ўтапіцца ў ім. А спакойна і ўпэўнена плысці можна толькі тады, калі бачыш родны бераг…» Сэнс гэтых слоў зразумеў сябар, калі 5 мая 1923 года прачытаў у газеце «Савецкая Беларусь» апавяданне Міколы Раманоўскага «На граніцы», упершыню падпісанае псеўданімам «Кузьма Чорны».  Ён пачаў пісаць пра родныя, мілыя сэрцу Цімкавічы. Пісьменнік  часта гаварыў: «Мне б на ўсё жыццё хапіла  апісваць цімкаўцаў». Калі Кузьма Чорны садзіўся за пісьмовы стол, яго абступалі  суседзі, блізкія  і проста знаёмыя людзі, з якімі ён сустракаўся ў час вандровак па Случчыне. З імі ён шчыра, па-сяброўску размаўляў, апантана спрачаўся, радаваўся за іх, жыў іхнімі пачуццямі, думкамі і памкненнямі.  Знаёмыя цімкаўцы не прасіліся ў яго творы, а неяк самі асталёўваліся там, гаварылі пра сябе, выказвалі думкі ўголас. Усе найбольш значныя творы Чорнага –  і апавяданні, і аповесці, і раманы, напісаныя перад вайною і ў час вайны, – цесна звязаны з той мясцінай, дзе «паблізу чутны ў людской гаворцы гарады Нясвіж і Слуцак», інакш кажучы, звязаны з Цімкавічамі, а героямі іх з’яўляюцца землякі пісьменніка. На граніцы творчасці Апавяданне «На граніцы» з’явілася ў друку  пад псеўданімам «Кузьма Чорны», які ўзяў Мікалай Раманоўскі ў гонар свайго любімага дзеда Міхала Парыбка, працаўніка, вядомага на ўсю ваколіцу майстра-сурвэтніка, мянушка якога па-вулічнаму была Чорны. З 5 мая 1923 года Мікалай Раманоўскі вядомы як пісьменнік Кузьма Чорны. Тонкі назіральнік, які  нястомна выхоўваў у сабе мастака слова  і глыбокага мысліцеля. Пісаць так, каб кніга вучыла людзей, каб яна была скарбніцаю думак, пачуццяў і спадзяванняў народа. Пра такія творы марыў Чорны, такія творы ён імкнуўся пісаць. Апавяданне «На граніцы» пісьменнік лічыў пачаткам сваёй літаратурнай творчасці. Творчы рост Чорнага адбываўся вельмі шпарка: так шмат патрэбна было яму сказаць і за сябе, і за сваіх землякоў-цімкаўцаў, і за ўсіх беларусаў. Гісторыя з геаграфіяй За 21 год сваёй літаратурнай дзейнасці ён напісаў 10 кніг апавяданняў, 15 раманаў і аповесцей, 3 п’есы і вялікую колькасць публікацый, нарысаў, памфлетаў і крытычных артыкулаў. 5 мая  споўнілася 100 гадоў творчай дзейнасці пісьменніка, якога ўжо  цэлае стагоддзе людзі ведаюць як Кузьму Чорнага. Чытаючы яго творы, наяве бачыш людзей, чуеш іх словы. Бо гэта ж мова нашай любімай Капыльшчыны! У іх сустракаеш назвы, якія чуў ці не кожны жыхар Капыльшчыны: Цімкавічы, Цецераўцы, Старыца, Перавоз, Самахвалавічы, Нясвіж, Капыль… Па творах нашага земляка можна вывучаць геаграфію. Чытаючы іх, раптам разумееш, што зноў запоўніліся нашы апусцелыя вёскі гоманам шматлікай дзетвары, падлеткаў, а не толькі шумам тэхнікі. Здаецца, побач Кузьма Чорны, глядзіць на нас   ясным, разумным поглядам і піша такія словы: «Я стаў пісьменнікам. Больш таго, я пішу на мове тых простых людзей, сярод  якіх і вырас.  Гэтыя людзі сталі шчаслівымі на зямлі, іх мова стала дзяржаўнай мовай. Я пішу аб гэтых людзях у сваіх кнігах». І калі сёння нашу літаратуру ведаюць у свеце, дык нямала зрабіў для гэтага менавіта ён, Кузьма Чорны. Зрабіў тым, што праклаў шлях, паказаў дарогу іншым. Любая літаратура можа лічыць сябе па-сапраўднаму багатай і сталай, калі мае свайго Кузьму Чорнага. Людміла НІЖЭВІЧ, загадчык філіяла «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага» ўстановы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры»; Сяргей КОЗЕЛ, карэспандэнт газеты «Слава працы»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей