Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

55

Юные ученые из Каменской средней школы выясняли, каким был Копыль

16.06.2023
Вучні Каменскай СШ Мікіта Савельеў і Дар’я Тагіль пад кіраўніцтвам настаўніка Ігара Віктаравіча Крэпскага ў ходзе навуковага даследавання стварылі макет, на якім паказалі, як прыкладна выглядала планіроўка і забудова Капыля на мяжы ХІІ–ХІІІ стагоддзяў. Гісторыя Капыля, развіццё яго забудовы адлюстраваны ў дзвюх групах крыніц: рэчавых і пісьмовых. У вывучэнні планіроўкі горада вызначальную ролю маюць рэчавыя дадзеныя, а ў пытаннях абарончых канструкцый — пісьмовыя. Як адзначана ў даследчай рабоце, Капыль ХІІ–ХІІІ стагоддзяў можна ахарактарызаваць як горад з развітай сістэмай гаспадаркі, устойлівымі гандлёвымі сувязямі, развітай тапаструктурай, дзе акрамя дзядзінца, вакольнага горада, некропаля і сельскай акругі, магчыма, было яшчэ і перадграддзе. Капыль меў умацаванні мысавага тыпу, падпарадкаваныя рэльефу мясцовасці. Форма мыса абумовіла тое, што гарадзішча было вузкім і доўгім. Паселішча размяшчалася таксама на правым беразе ракі. Добра абаронены прыродай мыс быў адрэзаны ровам і валам, якія паўколам ахоплівалі паселішча. З заходняга боку вал і роў ушчыльную падыходзілі да зрэзу вады, з усходняга —  да абрывістага берага. Форма рова вакольнага горада трохкутная са скругленым дном. Паміж ровам і валам была гарызантальная пляцоўка (берма) шырынёй каля аднаго метра, каб прадухіліць асыпанне вала ў роў. Яны ўяўлялі сабой абабітыя дрэвам тунэлі ўнутры вала з замаскіраваным звонку выхадам. Замкавай гары штучна была нададзена эліпсоідная форма. Пры гэтым за кошт лішку грунта вал дзядзінца меў большую вышыню, чым глыбіня яго рова. Вал і роў былі незамкнутымі. З паўночнага боку дзядзінец абаранялі воды ракі. Роў быў сухім, але, магчыма, існавалі дамбы, якія падчас небяспекі разбіраліся, і роў запаўняўся вадой. На паўднёвым баку пляцоўкі дзядзінца ёсць варонка. Даследчыкі мяркуююць, што гэта можа быць калодзеж, які абваліўся. На вяршыні вала вакольнага горада стаяла сцяна ў выглядзе частакола. Звычайна пры набліжэнні сур’ёзнага ворага жыхары хаваліся ў дзядзінцы, а пасад спальвалі. Лёгкія ўмацаванні астрога засцерагалі пасад толькі ад дзікіх звяроў, бандытаў і раптоўных набегаў качэўнікаў. Наяўнасць у культурным пласце XII–XIII стагоддзяў прадметаў узбраення, рыштункаў каня і вершніка, прадметаў феадальнага побыту, хрысціянскага культу, імпартных прадметаў сведчыць аб тым, што Капыль з’яўляўся пунктам групавання ваенных сіл, феадальнай сядзібай, рамесна-гандлёвым цэнтрам наваколляў сельскагаспадарчай тэрыторыі. [caption id="attachment_133239" align="alignnone" width="840"] Адзін з фрагментаў макета, выкананага юнымі даследчыкамі[/caption] Плошча дзядзінца Капыля складала 0,3-0,35 га, пасада — 7,5-8,2 га. Пасля вывучэння метадаў вызначэння колькасці  насельніцтва сярэднявечнага горада юныя  даследчыкі паспрабавалі разлічыць колькасць жыха-роў Капыля ў канцы XII–пачатку XIII стагоддзяў. Шчыльнасць насельніцтва для дзядзінца — 200 чалавек на 1 га, а для пасада шчыльнасць — 80-100 чалавек на 1 га. Асноўныя формы домабудаўніцтва ў большасці сваёй мелі агульнарускі характар. Жыллё гэтага часу прадстаўлена выключна зрубнымі пабудовамі, гаспадарчыя пабудовы — зрубнымі і слупковай канструкцыі. Большасць пабудоў узводзіліся на падмурках. Незалежна ад прызначэння ўсе яны мелі надзейныя, моцныя падлогі. Супастаўленне звестак па забудове Верхняга замка Віцебска і Верхняга замка Слуцка паказвае, што ў іх ёсць агульныя для ўсіх усходнеславянскіх гарадоў XII–XIII стагоддзяў  будаўнічыя прыёмы, але пры гэтым прысутнічаюць і некаторыя лакальныя асаблівасці. Адна з вуліц ішла ўздоўж гарадскога вала з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад, другая, падпарадкаваная рэльефу мясцовасці, злучала прыстань на паўночным захадзе з надбрамнай вежай на паўднёвым усходзе. Вуліцы былі пазначаны маставымі, уздоўж якіх размяшчаліся сядзібы. Склад пабудоў на сядзібе залежаў ад дастатку гараджан. Большасць жылля ссечана з акоранага хваёвага бярвення. Амаль усе зрубы былі аднакамернымі, але меліся і пяцісценныя. Былі і двухпавярховыя пабудовы. Хлявы прадстаўлены зрубнай і слупковай канструкцыямі. Слупавая канструкцыя дазваляла эканоміць матэрыялы пры будаўніцтве. Рамныя ці каркасныя канструкцыі з’яўляліся найбольш дасканалымі сярод слупковых пабудоў. Для захоўвання караняплодаў, агародніны, іншых прадуктаў харчавання выкарыстоўвалі істопкі, а для захоўвання каштоўнай маёмасці — клеці. Часам у склад сядзіб уваходзілі вытворчыя пабудовы, але ў большасці выпадкаў яны былі для жылля. Пажаранебяспечныя вытворчасці былі вынесены за межы вуліц. Дружыннікі з сем’ямі жылі на вуліцы, на якой размяшчаўся гаспадарчы двор. Побач з ёй была прыстань са складамі. Рынкавая плошча выконвала гандлёвую і адміністрацыйную функцыі. Яна размяшчалася ў цэнтры горада і служыла месцам пакупкі і продажу разнастайных тавараў, на ёй спаганяліся гандлёвыя пошліны. Побач з гандлёвай плошчай размяшчаліся гасціны двор, царква і гарадская студня. Абшчынныя свірны і гумны стваралі ўмовы харчовай бяспекі на выпадак неўраджаю або аблогі. Яны размяшчаліся як адзіны комплекс на адкрытай мясцовасці ў мэтах пажарнай бяспекі і зручнасці назірання за гарадзішчам. Ветраны і вадзяны млыны служылі для размолу збожжа. Выкарыстанне энергіі ветру і вады дапаўнялі адзін аднаго, што дазваляла менш залежаць ад прыроды. Сяргей КОЗЕЛ

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей