Падчас чарговага візіту ў Капыль вядомы археолаг, даследчык гісторыі Капыльшчыны Леанід Калядзінскі даў эксклюзіўнае інтэрв’ю газеце «Слава працы». Вучоны ўспомніў мінулае, падзяліўся некаторымі планамі.
[caption id="attachment_133234" align="alignnone" width="300"]
Леанід Калядзінскі[/caption]
— Леанід Уладзіміравіч, Вы зноў вярнуліся ў Капыль. Калі тут былі апошні раз? Якія адчуванні ўзнікаюць пры наведванні гэтых мясцін?
— Мой апошні прыезд сюды быў на Дзень беларускага пісьменства, дзе я прымаў удзел у навуковых канферэнцыях, выступаў з дакладамі. Дарэчы, зараз рыхтуецца да друку зборнік матэрыялаў па яе выніках. А Капыль я заўсёды наведваю з прыемнымі пачуццямі, бо тут прайшлі мае лепшыя гады, час, калі праводзілі раскопкі. Гэты быў вельмі плённы і спрыяльны перыяд. Тут я атрымліваў творчае натхненне. Памятаю цёплы прыём з боку мясцовай улады, раённага краязнаўчага музея і яго дырэктара
Валянціны Шураковай, падтрымку былога дырэктара СШ №2 г. Капыля
Аляксандра Саладухі і іншых капылян.
— Вы нямала зрабілі для горада: столькі знаходак, адкрыццяў.
— Усё, што я зрабіў для Капыля, размясцілася ў зале археалогіі раённага краязнаўчага музея. Пры яго наведванні мой настаўнік, прафесар
Пётр Лысенка, высока адзначыў экспазіцыю па археалогіі Капыля і раёна ў краязнаўчым музеі. Не кожны музей Міншчыны заслугоўвае такой адзнакі.
— Ці плануеце Вы вярнуцца ў Капыль?
— У маіх планах — працяг вывучэння гісторыі горада. Паміж пляцоўкай Замкавай гары і крынічкай ёсць лагчынка. Некаторыя мяркуюць, што тут быў падземны ход. Патрэбна гэту версію праверыць.
Вельмі цікавым пытаннем з’яўляецца вывучэнне абарончай сістэмы ўмацавання (валоў). Ёсць жаданне аднавіць на гарадзішчы ўчастачак старадаўніх умацаванняў, каб жыхары горада, раёна і госці мелі ўяўленне, як выглядалі такія ўмацаванні Капыля, скажам у ХІІ – ХІІІ ст. Але для гэтага патрэбна правесці дадатковыя раскопкі і дасканала вывучыць, на падставе чаго можна будзе рабіць такую рэканструкцыю. На маю думку, неабходна ўзяць толькі частачку гарадзішча, каб не сапсаваць помнік. Патрэбна аднавіць частку сцяны, вежу, зрабіць прыступкі на гарадзішча, як гэта зроблена на гарадзішчы Менка пад Мінскам, дзе такія прыступкі праклалі па схіле гарадзішча і пры гэтым не парушілі яго. Такім чынам, магу сказаць, што Капыль хавае яшчэ шмат цікавага для нашчадкаў.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии