Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

117

Рассказываем, как прошел XXII Республиканский фестиваль белорусской песни и поэзии “Молодечно – 2023”

14.06.2023
Маладзечна адфестываліў. Горад Сонца, як ласкава называюць яго мясцовыя жыхары,  ужо ў дваццаць другі раз сабраў прыхільнікаў беларускай песні і паэзіі. На фестываль мне пашчасціла трапіць не ўпершыню. Заўважу, што горад і праграма свята змяняюцца. Кожны год Маладзечна сустракае гасцей прыгажосцю, багаццем зеляніны, кветак, малых архітэктурных формаў. Прайшло абнаўленне летняга амфітэатра ў Парку Перамогі. Як сказаў са сцэны старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юрый Горлаў, пры дапамозе Белтэлерадыёкампаніі больш сучасна стала выглядаць сцэна, з’віліся новае абсталяванне, святло, экраны. Гэта надавала дзейству своеасаблівы каларыт, пацвярджала, што ты знаходзішся на імпрэзе высокага ўзроўню. [caption id="attachment_133075" align="alignnone" width="840"] Лакацыя Капыльскай раённай цэнтральнай бібліятэкі[/caption] Фестываль беларускай песні і паэзіі, на маю думку, вельмі важны для краіны. Ён напоўнены нашай культурай, якую мы пастаянна прапагандуем. Фестываль — гэта ўнікальная магчымасць даведацца пра музычныя і паэтычныя навіны Беларусі, пачуць новыя імёны і песні маладых выканаўцаў, якія, трэба спадзявацца, зоймуць нішу беларускіх эстрадных зорак. Галоўная інтрыга фестывалю —  конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, у якім прымаў удзел 21 канкурсант: па тры ад кожнай вобласці і горада Мінска. Са сцэны ў суправаджэнні  Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя Міхаіла Фінберга пад кіраўніцтвам галоўнага дырыжора Максіма Расохі гучала мноства беларускіх песень, якія ўдзельнікі конкурсу самі падбіралі для выканання. Не толькі маё меркаванне, але і іншых гледачоў, што рэпертуар даволі сур’ёзны, а нават месцамі і сумны, таму нядрэнна было б яго разнастаіць. [caption id="attachment_133073" align="alignnone" width="840"] Фотазона з гістарычнымі персанажамі[/caption] Аднак вынікі конкурсу падведзены. Гран-пры і спецыяльны прыз імя Уладзіміра Мулявіна — сімвалічную хрустальную гітару — атрымаў Данііл Савеня, які прадстаўляў Мінскую вобласць. Родам ён са Слуцка. Першыя крокі ў музыку рабіў у Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце (для дзяцей з праблемамі зроку). Першае месца заняла Маргарыта Шыбаева (Мінская вобласць). Другое раздзялілі Аляксандр Журовіч (Мінск) і Аляксандр Малашэнка (Віцебская вобласць). Трэцяе месца ў Дар’і Часлаўскай (Магілёўская вобласць). [caption id="attachment_133070" align="alignnone" width="400"] Максім Расоха ўручае гран-пры Даніілу Савеню[/caption] Многія з прадстаўнікоў дэлегацый раёнаў, у тым ліку і Капыльскага, з захапленнем наведалі канцэртную праграму «Усе зоркі сышліся», у якой прынялі ўдзел фіналісты тэлепраектаў «Х-Фактар Belarus» і «Фактар.BY». Падчас гала-канцэрта закрыцця «Любімыя песні. Спяваем разам» гледачы спявалі ра-зам з народнымі артыстамі Беларусі Анатолем Ярмоленкам, Уладзімірам Громавым, заслужанымі артыстамі Рэспублікі Беларусь Ірынай Дарафеевай, Вікторыяй Алешка, Жанет, Нацыянальным акадэмічным народным хорам Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, заслужанымі калектывамі Рэспублікі Беларусь ансамблем танца, музыкі і песні «Белыя росы», Беларускім дзяржаўным ансамблем «Песняры», групай «AURA», арт-групай «Беларусы» і іншымі. Праграма праходзіла ў фармаце народнага караоке, дзе ўсе кампазіцыі дубліраваліся бягучым радком на відэаэкранах. [caption id="attachment_133072" align="alignnone" width="840"] У глядзельнай зале прадстаўнікі рэдакцыі «Слава працы» (сярэдні рад)[/caption] Склалася ўражанне, што ўвесь горад выйшаў на вуліцы, каб на свае вочы ўбачыць тую прыгажосць, якую дарыў фестываль. Згадзіцеся, гэта сапраўднае свята не толькі для Маладзечна, але і для ўсёй рэспублікі. На свяце прысутнічалі прадстаўнікі з усіх абласцей Беларусі і госці з Расійскай Федэрацыі. На гарадскіх вуліцах было створана шмат лакацый для дзяцей і дарослых, і яны абсалютна рознай тэматыкі: кінапаказы, дыскатэкі, канцэрты, выставы і кірмашы. Прыемна было сустрэць на святочных вуліцах нашых землякоў. Забаўлялі народ удзельнікі народнага тэатра гульні і гумару «Капыльскія пацехі», свае вырабы дэманстравалі супрацоўнікі раённага цэнтра ткацтва. А раённая цэнтральная бібліятэка арганізавала тэматычную пляцоўку «Тэатр —гэта лепшыя старонкі кніг». У яе рамках была арганізавана выстава-панарама «Яскравыя знічкі эпохі ХVIII ст.» Тэматычная выстава «Сюжэты пастановак тэатральных бяруцца з кніг і летапісаў даўніх» знаёміла з рэпертуарам спектакляў, пастаўленых Слуцкім тэатрам і Нясвіжскім тэатрам Радзівілаў. Шмат наведвальнікаў збіралі гульнёвая праграма і фотазона з імправізаванай сцэнай. Вяртанне дамоў па начной дарозе дазволіла пракруціць у памяці ўсе  падзеі насычанага дня і сказаць: «Да сустрэчы, Маладзечна!» Сяргей КОЗЕЛ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей