33
Выращиваем виноград и арбузы, но страдаем от засух
05.06.2023
Змяненне клiмату негатыўна ўплывае на здароўе чалавека, прыводзiць да размнажэння розных пераносчыкаў захворванняў, напрыклад, кляшчоў. Працяглая адсутнасць дажджоў у цёплы перыяд года вядзе да пажараў i, як следства, знiшчэння лясных экасiстэм i забруджвання паветра. Частыя засухi становяцца прычынай знiжэння ўраджайнасцi сельгаскультур.
Дарэчы, сельская гаспадарка — адна з асноўных галiн эканомiкi, якая залежыць ад надвор'я. Павышэнне сярэднегадавой тэмпературы паветра ў Беларусi на адзін градус прывяло да зрушэння аграклiматычных зон з поўдня на поўнач прыкладна на 150—200 кiламетраў. У нас ужо з'явiлася чацвёртая аграклiматычная зона, у якую ўваходзяць паўднёвыя часткі Брэсцкай i Гомельскай абласцей. Яна характарызуецца самай кароткай i цёплай у межах нашай краiны зiмой i найбольш працяглым i цёплым вегетацыйным перыядам.
— Хутчэй за ўсё, да сярэдзiны стагоддзя працягласць перыяду актыўнай вегетацыi раслiн павялiчыцца яшчэ ў сярэднiм на тры тыднi, у вынiку чаго сума актыўных тэмператур у паўночнай частцы краiны дасягне значэнняў, якiя цяпер характэрныя для поўдня. Такiм чынам, сучасныя клiматычныя ўмовы, якiя ўтварылiся ў новай аграклiматычнай зоне, будуць назiрацца ўжо на поўначы Беларусi, гэта значыць, у Вiцебскай вобласцi. У той час як на вялiкай частцы тэрыторый аграклiматычныя параметры апынуцца блiзкiмi да сучасных умоў цэнтра Украiны i Сярэдняга i Нiжняга Паволжа, — падкрэслiла першы намеснiк начальнiка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Філіновіч.
Паводле слоў спецыялiста, з аднаго боку ў пацяпленнi ёсць свае плюсы. Напрыклад, у Беларусi сталi вырошчваць культуры, якiя раней былi не характэрныя для нашага рэгiёна (вiнаград, кавуны i г. д.), павялiчылiся пасяўныя плошчы кукурузы i рапсу. Аднак мiнусаў усё ж значна больш.
— Здаецца, цёплыя зiмы спрыяльна ўплываюць на перазiмоўку культур, паколькi няма моцных маразоў, але з-за высокiх тэмператур яны не могуць знайсцi стан спакою i працягваюць вегетацыю на працягу зiмовага перыяду. Да таго ж рэзкiя перапады тэмпературы, адсутнасць снегу прыводзяць да розных пашкоджанняў глебы на сельскагаспадарчых палетках, — дадала Наталля Васільеўна. — Таксама трэба адзначыць, што пацяпленне не вельмi добра ўплывае на традыцыйныя для нашага рэгiёна культуры, такiя як бульба i нават цукровыя буракі.
Адным з самых негатыўных наступстваў змены клiмату для сельскай гаспадаркi з'яўляецца рост паўтаральнасцi засух, асаблiва ў паўднёвых раёнах нашай краiны. Як запэўнiваюць спецыялiсты, раней засухi наступалi пераважна ў летнi перыяд, цяпер жа гэта адбываецца ў больш раннiя тэрмiны. Напрыклад, у красавiку- маі сёлета практычна не было ападкаў, што прывяло да моцнага высушвання глебы.
Як адзначае Наталля Філіновіч, у першую чаргу пакутуюць пясчаныя глебы. У нашым раёне пад уплыў засухі трапілі землі ў ААТ “Скабін”, “Прагрэс 2010”, УП “ПІК-Лясное” і іншых гаспадарках. Калі гаварыць увогуле, то пакуль што масавай гібелі пасеваў няма. Ёсць толькі некаторыя ачагі. Пашкоджаныя ўчасткі збожжавых, на якіх вядзецца рэвізія, у хуткім часе будуць перасявацца просам, кукурузай ці іншымі культурамі.
Сяргей КОЗЕЛ
Поделиться
Комментарии