Грывень – самы крайні населены пункт Капыльшчыны, размешчаны на паўднёва-ўсходнім накірунку: літаральна праз паўтара кіламетра пачынаецца Слуцкі раён. Вёска надзвычай прыгожая, каларытная, з не меней прыгожай і цікавай гісторыяй. Недалёка працякае рака Лакнея, якая і раздзяляе два раёны: на адным беразе – Случчына, а на другім – Капыльшчына.
Факты гісторыі...
Першае пытанне, якое ўзнікае, калі трапляеш у гэтую прыгожую вёску, што раскінулася на ўзбярэжжы ракі Лакнеі, – адкуль такая незвычайная назва. Сама па сабе нарадзілася філалагічная, мая асабістая, версія. Грывень – жаночае ўпрыгожанне, ажаролак, у выглядзе абруча ці медальёна, які носяць на ланцужку. Падумалася, што так, як ажаролак, прыгожая вёска аздобіла раку Лакнею, ланцужком выцягнуўшыся недалёка ад яе. Аднак у Грывені адразу ж мне паведамілі пра сапраўднае паходжанне назвы вёскі. Праўда, мая філалагічная версія мясцовым жыхарам таксама спадабалася: задаволена ўсміхнуўшыся, яны пагадзіліся і з ёю, маўляў, усё можа быць. Дык вось пра назву (сапраўдная версія, гістарычная): грыўняй на Русі называлі грашовую адзінку, роўную дзесяці капейкам. Першапачаткова тут, на правым беразе Лакнеі, былі пабудаваны дзесяць дамоў – такі своеасаблівы грывеннік. Вось адсюль і назва. А ўзнік Грывень прыкладна ў XVIII стагоддзі. Пасялілася тут шляхта – беларускія дваране.
Заснавальнікам вёскі стаў пан
Чэчка. Сёння ад сядзібы пана Чэчкі засталіся толькі сад, які так і называюць – Чэчкаў сад, і падмурак ад склепа. А яшчэ памятаюць у Грывені пана
Цвірку, дакладней, адзіную жанчыну з яго роду, якой удалося пазбегнуць раскулачвання. Называлі яе Цвіркоўна, хто з насмешкай, а хто са спачуваннем, бо хадзіла Цвіркоўна заўсёды ў шляпе, як сапраўдная пані, і дзіўная нейкая была. Увогуле, у Грывені жылі людзі заможныя, багатыя, і таму многія ў 30-я гады былі раскулачаны і сасланыя ў Сібір, а сама вёска ў 1939 годзе напалову згарэла. Цяжка меркаваць, ці гэта было кімсьці запланавана, ці проста здарылася няшчасце. З 1939 года вёска нанава адбудоўвалася і стала яшчэ прыгажэйшай.
...і аргументы сучаснасці
Сёння ў Грывені налічваецца 38 дамоў, дзе прапісана ўсяго 5 жыхароў. Тым не меней, Грывень не пустуе. Іду па прыгожай, засаджанай кветкамі, грывенскай вуліцы, якая і сёння выглядае па-шляхецку: дагледжаныя хаты патанаюць у квецені садоў, няма ніводнай закінутай, неабкошанай сядзібы, усюды адчуваецца гаспадарлівая рука. Вёска нагадвае хутчэй дачны пасёлак, зрэшты, так яно і ёсць. Дзеці вёскі пасталелі і вяртаюцца на сваю малую радзіму. Першы мой субяседнік – адзін з самых пажылых жыхароў Грывеня –
Пётр Васільевіч Кіш. Яму 84. Пётр Васільевіч усё жыццё працаваў у калгасе «Радзіма» (ААТ «Праснакі»), больш за 20 гадоў быў дэпутатам мясцовага сельсавета, членам праўлення калгаса. Але самая большая яго заслуга – ён бацька 11 дзяцей! Разам з жонкай
Тамарай Іванаўнай, якая, дарэчы, узнагароджана двума ордэнамі «Мацярынская слава» і ордэнам «Маці-гераіня», яны выгадавалі годных грамадзян краіны, шчырых працаўнікоў. Ёсць у гэтай вялікай і дружнай сям’і свае настаўнік і медсястра, майстар лясгаса і інспектар ДАІ, егер і работнік мукамольнага завода, вадзіцель аўтобуса і трактарыст. На маё пытанне, як жывецца ў вёсцы на самым краі раёна, Пётр Васільевіч адказвае:
– Не адчуваем, што жывём на перыферыі. Два разы на тыдзень прыходзіць аўталаўка з Капыля, прывозіць прадукты і прадпрымальнік са Слуцка (да Слуцка ж усяго 18 кіламетраў), рэгулярна машына ЖКГ забірае смецце, канешне, па заказе прывозяць газ у балонах. Так, крыху далекавата ад райцэнтра, але Грывень глухой вёскай не назавеш.
[caption id="attachment_132384" align="alignnone" width="600"]
Пётр Кіш - бацька 11 дзяцей, адзін з самых пажылых жыхароў Грывеня[/caption]
Знакамітасці мясцовыя і не толькі
Жыхары Грывеня па праву ганарацца, што з’яўляюцца землякамі
Алеся Жука – знакамітага беларускага пісьменніка, аўтара шматлікіх апавяданняў і аповесцяў. Сярод самых вядомых яго твораў – аповесці «Праклятая любоў», «Чорны павой», «Паляванне на Апошняга Жураўля» (па гэтым творы зняты фільм і пастаўлены спектакль у тэатры імя Янкі Купалы), а яшчэ – «Такая восень», «Не забывай мяне», «Халодная птушка», «Зоркі на палігонах» і многія-многія іншыя. Малой радзімай Алеся Жука афіцыйна лічыцца Клешава – вёска па той бок Лакнеі. З Клешава родам маці пісьменніка,
Яўгенія Іванаўна, якая, дарэчы, працавала медсястрой у Грозаўскай участковай бальніцы і пеша штодня хадзіла на працу. З Грывеня бацька Алеся Жука,
Аляксандр Сцяпанавіч. Сям’я пераехала ў Грывень, калі Алік (так звалі яго дамашнія) ужо вучыўся ва ўніверсітэце. Размаўляем з роднай сястрой Алеся Аляксандравіча –
Леакадзіяй Аляксандраўнай Мікула (а для яго проста Лёдзяй), жыхаркай Слуцка, дарэчы, таксама медсястрой, працавала ў Слуцкай раённай бальніцы, у інфекцыйным аддзяленні. Самога пісьменніка не стала восенню 2022 года.
[caption id="attachment_132385" align="alignnone" width="400"]
Алесь Жук – знакаміты беларускі пісьменнік, сцэнарыст, драматург, перакладчык і рэдактар[/caption]
[caption id="attachment_132383" align="alignnone" width="840"]
Леакадзія Мікула - сястра Алеся Жука[/caption]
– Алік бясконца любіў Грывень, тут жывуць героі яго кніг, тут ён чэрпаў сілы і натхненне, адсюль браў сюжэты для будучых твораў. Праводзіў у вёсцы увесь адпачынак, амаль кожныя выхадныя ехаў у вёску. Ведаў кожнае ўрочышча, кожную сцяжынку ў лесе, кожнае дрэўца. На веласіпедзе, з заплечнікам, яго часта можна было ўбачыць ля ваколіц Грывеня. Любіў хадзіць на паляванне, але нярэдка яно заканчвалася тым, што паляўнічы, залюбаваўшыся прыродай, забываўся націснуць на курок і, апусціўшы стрэльбу, толькі прамаўляў: «Паляцела птушачка. От і добра». І сына свайго, і пляменнікаў вучыў любіць і берагчы прыроду.
Кажуць, пісьменнікам становіцца той, каму давялося аднойчы перажыць надзвычайны стан – найвялікшы боль, стрэс або душэўны ўздым, шчасце. Алесь Жук перажыў боль. Сястра пісьменніка ўспамінае, што, яшчэ ў дзяцінстве (тады жылі ў Клешаве) у іх быў сабака Пушок. Сабака састарыўся і моцна хварэў. Уся сям’я вельмі перажывала: усе любілі Пушка. «Дапамогу» сваю прапанаваў аднавясковец, у якого была стрэльба. І бацькі прынялі нялёгкае рашэнне: каб жывёліна не мучылася, застрэліць яе. Прыйшоў той «добразычлівец», калі дарослых не было дома, і загадаў Аліку адвязаць сабаку, завесці за хлеў і патрымаць за ланцуг, пакуль не прагрыміць стрэл. Можна толькі здагадвацца, што перажыў у гэты момант хлопчык, якую душэўную траўму атрымаў. Пазней Пушок стаў героем аднаго з твораў пісьменніка Алеся Жука. А пісаць апавяданні пачаў, яшчэ вучачыся ў школе...
Алесь Аляксандравіч быў надзвычай працавітым чалавекам: сам майстраваў, сталярнічаў, хадзіў за плугам, словам, выконваў любую сялянскую работу. Праца на зямлі прыносіла задавальненне і адначасова была адпачынкам. У Грывені добра і працавалася, і пісалася, і адпачывалася. Леакадзія Аляксандраўна трымае ў руках апошнюю братаву кнігу – «Свята дажджу». Тут сабраны і новыя творы Алеся Жука, і напісаныя раней. Сярод іх і любімая аповесць – «Паляванне на Апошняга Жураўля», прататыпам галоўнага героя Сцяпана Дзямідчыка ў ёй стаў дваюрадны брат аўтара. Зрэшты, усе асноўныя героі гэтай аповесці – землякі пісьменніка. Увогуле, на старонках кніг Алеся Жука жывуць не толькі жыхары Грывеня, але і прыродныя аб’екты, мясцовыя краявіды. Напрыклад, возера, куды вёў сваю сям’ю на «спрадвечную радзіму» стары бабёр, герой гэтай жа кнігі.
У творы лёгка пазнаюцца і іншыя мясцовыя геаграфічныя аб’екты: Грозава, Гразавок, Міхалёўскі лес, рака Вужанка і, канешне, Лакнея.
Заўважыла, што ёсць нешта магічнае ў гэтым месцы: пабываўшы ў Грывені адзін раз, нібы абяцаеш яму вярнуцца. Міжволі падумалася: я ў Грывені – трэці раз! Вось і жыхарка Капыля
Галіна Уладзіміраўна Бранавіцкая (сёння пенсіянерка, раней працавала памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садку №6) ледзь толькі прыгрэе сонейка – імкнецца ў Грывень, дзе чакаюць яе працавітых рук ружы і цюльпаны, агарод і сад, і стары бацькоўскі дом. Жанчына пераканана, што Грывень – самае цудоўнае месца на зямлі:
– Тут я нарадзілася. Тут нарадзіліся і пахаваныя мае бацькі. Тут нарадзіліся і памерлі бацькі маіх бацькоў... І дзе я толькі ні была, якія я толькі ні бачыла мясціны, нідзе на свеце няма прыгажэйшай вёскі, чым наша.
У гэтым пераканалася і я. Мы былі ў Грывені, калі цвілі сады. Ужо ад’язджаючы, на пагорку азірнулася і замерла ад здзіўлення: вёска, якая патанала ў квецені садоў, нагадвала вялікую белую жамчужыну. Такую неверагодную прыгажосць, сапраўды, нячаста ўбачыш. Не верыце – прыязджайце самі ў Грывень, у вёску на беразе ракі Лакнеі, дзе жывуць бабры.
Алена ДУБІНА
Фота аўтара і з адкрытых крыніц
Комментарии