Актыўную і ініцыятыўную моладзь ушаноўвалі ў Мінаблвыканкаме. Прыемна адзначыць, што ў ліку ўдзельнікаў конкурсу «Малады лідар Міншчыны» ёсць і капыляне.
Усяго на абласны этап з раёнаў паступіла 30 заявак ад маладых людзей ва ўзросце ад 21 да 31 года. Пераможцы аб'яўлены ў 12 намінацыях – у адукацыі, ахове здароўя, культуры, спорце, грамадскай рабоце, у сферах вытворчасці, лясной гаспадаркі і інш. Як адзначыў намеснік старшыні Мінаблвыканкама
Іван Маркевіч, конкурс набірае папулярнасць:
– Падводячы вынікі, пераканаліся: наша моладзь таленавітая, крэатыўная, разумная. Самае галоўнае – імкнецца быць у лідарах: маладыя людзі становяцца кіраўнікамі, дырэктарамі, навуковымі супрацоўнікамі. У іх няма абыякавасці. Яны вызначылі: у жыцці трэба ставіць мэты і дасягаць найлепшых вынікаў, працаваць над сабой, вучыцца, удасканальвацца.
[caption id="attachment_132217" align="alignnone" width="840"]
Пераможца конкурсу ў сферы лясной гаспадаркі Сяргей Яўсючэня[/caption]
Галоўны інжынер Капыльскага вопытнага лясгаса
Сяргей Яўсючэня перамог у конкурсе ў сферы лясной гаспадаркі з праектам «Санкцыі=новыя магчымасці». Умелы арганізатар паспяхова каардынуе дзейнасць падначаленых, а прафесійна-дзелавымі яго якасцямі з'яўляюцца імкненне павышаць свой прафесійны ўзровень, здольнасць аналізаваць новую сітуацыю і прымаць адпаведныя рашэнні, спраўляцца з вялікім аб'ёмам працы і несці адказнасць за яе вынікі. У чым жа заключаецца праект, малады лідар адзначыў «СП»:
– Вырашана было прадставіць вопыт працы на ўнутранае спажыванне. І Прэзідэнт, і ўрад сёння патрабуюць ад нас быць даступнымі для насельніцтва: людзі павінны карыстацца мясцовымі матэрыяламі.
Таму для пашырэння рынкаў збыту, павелічэння продажаў, зніжэння рэшткаў гатовай прадукцыі і павелічэння выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг Капыльскі вопытны лясгас рэалізаваў новы праект — адкрыў гандлёвыя аб'екты. Адзін з іх знаходзіцца ў горадзе-спадарожніку Мінска – у Дзяржынску, а другі – у сталіцы, на Лагойскім тракце. Праца з насельніцтвам заўсёды стаяла ў прыярытэце ў кіраўніцтва Капыльскага вопытнага лясгаса. Цэны даступныя для насельніцтва, а якасць пацвярджаецца ДАСТамі і вытворчымі тэхнiчнымi ўмовамi. Піламатэрыялы, паганажныя вырабы, шматлікія сталярныя вырабы – тронкі для рыдлёвак, качалкі, апрацоўчыя дошкі і многія іншыя тавары па прымальных цэнах прыйшліся да душы пакупнікам.
[caption id="attachment_132216" align="alignnone" width="840"]
Іван Маркевіч падчас узнагароды Людмілы Шаблюк і Паліны Була[/caption]
У ліку ўзнагароджаных – выкладчык першай кваліфікацыйнай катэгорыі Капыльскага дзяржаўнага каледжа
Людміла Шаблюк. На конкурсе дзяўчына выступала з праектам «Апрабацыя арганізацыйна-метадычнай структуры суправаджэння інклюзіўнай прафесійнай адукацыі».
– Мой праект пра тое, што кожны мае права на навучанне, – расказвае Людміла. – І, працуючы з дзецьмі, якія патрабуюць асаблівай увагі і адукацыйных патрэбаў, выкладчыку неабходна распрацаваць і ўкараніць розныя новыя формы і метады навучання, якія дапамогуць дасягнуць пэўнага поспеху. У нашай установе адукацыі маецца вопыт, і мы гатовы яго трансляваць, што, у прынцыпе, і робім не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і за мяжой. Дарэчы, я таксама з'яўляюся спікерам школы інклюзіўнага педагога ва УА «РІПА».
Настаўнік фізвыхавання дзіцячага сада N2 г. Капыля
Паліна Була прадставіла праект «Дзіцячы фітнес»:
– Лічу, што маладыя людзі абавязкова павінны займацца грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю, таму што гэта, у першую чаргу, фарміруе чалавека як асобу. Я ніколі не ставіла сабе рамак і абмежаванняў, для мяне не існавала паняццяў «занадта рана» або «недастаткова вопыту». Я заўсёды выразна пазначала свае мэты і імкнулася да іх дасягнення. Калі мне не хапала вопыту ці ведаў, то шукала крыніцы, дзе магу іх атрымаць. Вельмі важна не расслабляцца, і нават пасля сур'ёзных дасягненняў працягваць павышаць планку для далейшых здзяйсненняў і новых перамог. Калі ж дзяліцца эмоцыямі пра конкурс, то я апынулася пад уражаннем не толькі ад драйву мерапрыемства, але і ад экскурсійнай праграмы, арганізаванай аблвыканкамам. Даўно хацела наведаць Хатынь, асабліва новы музей. Ён выклiкаў у мяне моцнае ўражанне: там усё так інтэрактыўна, відовішчна, таму немагчыма застацца абыякавым. Я вельмі ўдзячна арганізатарам за такую магчымасць. І мне вельмі прыемна, што мой праект адзначылi на такiм высокiм узроўнi. Спадзяюся, што ён прынясе карысць грамадству.
Таццяна БОХАН
Фота аўтара і з архіва ўдзельнікаў конкурсу
Комментарии