Традыцыйная дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», якая праходзіць у нашай краіне з 20 снежня па 10 студзеня, прадугледжвае і шэраг цікавых навагодніх ранішнікаў, карнавалаў, сустрэч.
На галоўнай ёлцы краіны, якая прайшла 27 снежня ў Палацы Рэспублікі, сабралася 2 тыс. 370 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама якія выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях, дзеці з сем’яў бежанцаў, навучэнцы – пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, навучэнцы, якія дасягнулі поспехаў у грамадскай рабоце. Сярод іх былі і чатыры прадстаўнікі Капыльшчыны. Са святам дзяцей павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
Каля 800 дзяцей з усіх куткоў Мінскай вобласці сабрала і абласная ёлка, што прайшла на мінулым тыдні ў Маладзечне. Запрашэнні на яе атрымалі 18 юных капылян. Яны адправіліся ў неверагоднае падарожжа па зімовым лесе, дзе сустрэліся з самымі рознымі казачнымі персанажамі. З самымі цёплымі віншаваннямі і пажаданнямі да хлопчыкаў і дзяўчынак звярнуўся губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура.
На Капыльшчыне свята для выдатнікаў вучобы, пераможцаў конкурсаў, алімпіяд і спаборніцтваў адбудзецца 4 студзеня. У раённы Цэнтр культуры з’едуцца каля 200 хлопчыкаў і дзяўчынак. 35-і лепшым з іх будуць уручаны прэміі, устаноўленыя раённым выканаўчым камітэтам.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии