На прамую лінію з першым намеснікам старшыні райвыканкама начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ірынай Кісляк па пытаннях арганізацыі ўласных падсобных гаспадарак ад вяскоўцаў паступіла шэсць званкоў.
Галіна Мікалаеўна Маскалік з в. Закопанка звярнулася з просьбай спілаваць старую таполю.
Дырэктар МАУП “Доктаравічы” У. Дземянкоў і старшыня Доктаравіцкага сельсавета М. Гулейка пасля вывучэння праблемы на месцы, патлумачылі, што для выканання гэтай работы неабходна падключаць работнікаў раённых электрасетак і РАНС. У бліжэйшы тыдзень дрэва будзе спілавана.
Ніна Канстанцінаўна Краўчанка з в. Слабада-Кучынка паскардзілася на тое, што закуп малака ў насельніцтва выконваецца без лабаранта, месяц тлус-тасць не вызначалася і грошы за здадзенае малако гаспадарка выплачвае нерэгулярна.
Дадзенае пытанне абмеркавана з дырэктарам СГФ “Крыніца” Аляксандрам Кажурам. Ён патлумачыў, што тлустасць малака не вызначалася з-за адсутнасці лабаранта. На гэту пасаду назначаны новы работнік, тлустасць малака будзе вызначацца тры разы на месяц. Грошы насельніцтву выплачаны.
Вольга Уладзіміраўна Сукала з в. Гулевічы расказала, што вада мясцовай сажалкі падтоплівае участкі, скляпы грамадзян.
Пасля праверкі кіраўніцтвам гаспадаркі выяўлена, што прычына падтоплівання не сажалка, а высокі ўзровень грунтовых вод. Да таго ж, жыхары робяць канаўкі, каб адвесці ад сваіх агародаў паводкавую і дажджавую ваду, што таксама ўскладняе сітуацыю.
Міхаіл Піліпавіч Рак з в. Пясочнае адзначыў, што ў палях севазвароту некаторыя гаспадаркі раёна выдзяляюць да 60 сотак для пасадкі бульбы, сяўбы збожжавых і іншых сельскагаспадарчых культур. Чаму РСУП “Саўгас “Прамень” не выдзяляе насельніцтву соткі, і якія рэкамендаваны расцэнкі на пасадку бульбы, спытаў песачанец.
Па словах дырэктара РСУП “Саўгас “Прамень” Д. Юхі, усім грамадзянам, якія пражываюць на тэрыторыі гаспадаркі, дадаткова да сотак каля дома выдзяляецца па 20 сотак у палях севазвароту для пасадкі бульбы, згодна з калектыўным дагаворам. Пасадка бульбы грамадзянам праведзена 20 мая. Расцэнкі на яе пасадку даведзены да ведама грамадзян. Пытанне выдзялення дадатковай зямлі ў палях севазвароту для пасадкі і пасеву сельскагаспадарчых культур будзе разгледжана на агульным сходзе работнікаў гаспадаркі, пасля чаго будзе прынята адпаведнае рашэнне.
Васіль Міхайлавіч Жывалкоўскі з в. Ракіні пацікавіўся, калі ў полі выдзяляць участкі пад бульбу.
Старшыня СВК “Ціміразеўскі” А. Турбан адказаў, што соткі для насельніцтва ўжо выдзелены, бульба пасаджана.
Іван Іосіфавіч Струшкевіч з в. Комсічы звярнуўся з пытаннямі па падсыпцы і ямачным рамонце дарогі ў вёсцы. Акрамя гэтага, ён пацікавіўся, калі з комсіцкай фермы будуць вывезены гной і рэшткі кармоў.
Начальнік філіяла КУП “Мінаблдарбуд” – ДРБУ-124 У. Чэкун заверыў, што адпаведныя работы па рамонце дарогі будуць праведзены да 1 ліпеня бягучага года.
Уборка і вываз гною і рэшткаў кармоў з МТФ “Комсічы” выкананы да 20 мая, - такі адказ быў атрыманы ад дырэктара ААТ “Капыльскае” А. Кіулы.
На прамой лініі дзяжурыў Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии