Наўрад ці кожны з нас можа сцвярджаць, што добра ведае беларускую мову і літаратуру. А між тым, мы, беларусы, павінны ведаць і паважаць тую культурную спадчыну, што засталася нам ад продкаў. Нядаўна мне пашчасціла наведаць цікавую літаратурна-мастацкую выставу «Планета творцаў і іх герояў», якая размясцілася ў мінскім дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры і прысвечана дзеячам беларускай культуры.
Выстава дае цудоўную магчымасць не толькі пазнаёміцца са скарбамі нацыянальнага прыгожага пісьменства, але і ўбачыць увасабленне герояў твораў айчыннай літаратуры і саміх творцаў слова ў выкананні славутых майстроў алоўка і пэндзля. Тут можна ўбачыць шэдэўры жывапісу, графікі і скульптуры аўтары якіх М. Будавей, А. Кашкурэвіч, У. Савіч, А. Чыгрын і інш. Асабліва запомніліся мне партрэты вядомых пісьменнікаў і паэтаў І. Мележа, С. Грахоўскага, Я. Янішчыц, а таксама нашага земляка К.Чорнага. Уразіў і партрэт нашага першадрукара Францыска Скарыны. Можна было палюбавацца на саміх герояў твораў. Экскурсавод свой аповед пра пісьменнікаў суправаджала асабістымі вершамі, прысвечанымі майстрам слова. Пасля наведвання музея мне захацелася перачытаць некаторыя творы роднай літаратуры. Калі ў вас ёсць магчымасць, абавязкова наведайце гэту выставу. Упэўнена — не пашкадуеце!
Аксана Юха,
вучаніца 6 класа СШ №3 г. Капыля
Комментарии