Напрыканцы бягучага года быў уведзены ў строй першы пускавы аб’ект МТФ “Быстрыца” ААТ “Ціміразеўскі”, на якой праводзілася маштабная рэканструкцыя. Кіраўнікі, галоўныя ветурачы і заатэхнікі сельгаспрад-прыемстваў, якія наведалі гаспадарку, на свае вочы ўбачылі, што зроблена на працягу бягучага года.

Удзельнікі мерапрыемства даведаліся, што на МТФ будзе ўтрымлівацца 450 галоў (з іх 350 – дойны статак і 100 – запускных). Як узнікла думка аб рэканструкцыі фермы “Быстрыца”, расказаў Аляксандр Турбан. Не абышлося без цяжкасцей, адзначыў дырэктар сельгаспрадпрыемства. Галоўнае - ставіць перад сабой мэту і вырашаць звязаныя з ёю задачы. Тое, што рэканструкцыя старой фермы – апраўданы крок, яскрава гавораць лічбы: гаспадарка кожны дзень плюсуе па валавым надоі ў многім дзякуючы мадэрнізацыі цэнтральнай фермы. Увогуле ААТ “Ціміразеўскі” здае дзяржаве 25,6 тоны малака ў дзень і штомесячна атрымлівае ад яго реалізацыі 2,6 млрд рублёў. Каля мільярда ідзе на выплату заработнай платы працаўнікам, астатнія грошы – на патрэбы сельгас- прадпрыемства. Вывады відавочныя.
На сустрэчы было абмеркавана павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай галіны шляхам рэканструкцыі старых ферм. Пра тое, што мадэрнізацыя і рэканструкцыя неабходна фермам раёна, гаварыў старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня. Ён адзначыў, што такія задачы перад аграрыямі ставяць і Прэзідэнт краіны, і губернатар вобласці. Таму ў 2012 годзе ў раёне плануецца правесці рэканструкцыю 24 ферм і будаўніцтва трох новых. Упраўленню райсельгасхарчу разам з кіраўніцтвам гаспадарак неабходна распрацаваць план, дзе будуць вызначаны МТФ, якія падпадаюць пад рэканструкцыю, і паэтапныя крокі вядзення работ. Першае, з чаго трэба пачынаць ужо сёння, - добраўпарадкаванне, надвор’е яшчэ дазваляе весці агароджванне тэрыторый ферм. Таксама быў абмеркаваны шэраг пытанняў па арганізацыі гэтай работы.
Анатоль Жданеня падкрэсліў, што рэнтабельнасць сельскай гаспадаркі трэба ўзнімаць, рэзервы для гэтага ёсць. Павышэнне надояў і якасці малака – такую задачу рэальна выканаць, дасягнуўшы надояў у сярэднім па раёне па 11 кг малака ад каровы. Неабходная кармавая база для гэтага маецца. Таму патрэбна гутарыць з людзьмі, якія працуюць на фермах, даводзіць да ведама, адкуль фактычна бярэцца іх зарплата.
Першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк звярнула ўвагу кіраўнікоў гаспадарак на кармленне дойнага статка, вывазку і ўнясенне арганічных, калійных угнаенняў і інш.
Пра асаблівасці складання праектаў рэканструкцыі ферм расказаў намеснік старшыні райвыканкама Леанід Бурак. Былі разгледжаны пытанні па арганізацыі работ, складанні каштарысу, добраўпарадкаванні пляцовак для выгулу жывёлы.
За ходам выканання работ у раёне будуць сачыць балансавая камісія, адказныя асобы.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКУ: У новай даільнай зале.
Фота аўтара
Комментарии