Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

109

Деревня с поэтическим названием на Копыльщине

24.05.2023
Аксаміты - прыгожая вёска з паэтычнай назвай, якая раскінулася ўдалечыні ад шумных дарог, сярод лугоў і палёў, прыкладна за два кіламетры ад Грозава. Адкуль такая рамантычная назва? Яшчэ і сёння расказваюць у навакольных вёсках, як вярнуліся з рэкрутаў пяцёра салдат на радзіму. За добрую службу цар узнагародзіў служывых ладным кавалкам зямлі. Пабудавалі салдаты хаты, ажаніліся. Толькі вось паселішча не мела назвы. Аднойчы ў завіруху ехаў па дарозе паўз безыменную вёску пан. Фурманка як заехала ў гурбу снегу – ні з месца ні кранецца. Тутэйшыя мужчыны дапамаглі, дасталі фурманку са снегу. «Як жа вам дзякаваць за дапамогу?» – пытаецца пан. «Ат, якая нам узнагарода патрэбна, – адказваюць мужчыны. – Мы людзі вольныя, зямлю маем, хлеб, ёсць і да хлеба. Вось толькі вёска наша без назвы…»  Зірнуў пан на мужыкоў, затым глянуў на свой убор з аксаміту і прамовіў: «Добрыя вы людзі, працавітыя. Няхай і вёска ваша мае добрую назву – Аксаміты». [caption id="attachment_131550" align="alignnone" width="600"] Аксаміты сустрэлі россыпам першацветаў і квеценню садоў[/caption] Прыгожая назва раскрывае яе прыродную красу. Іду па роднай вёсцы (чатыры гады дзяцінства прайшло тут), любуюся россыпам першацветаў, стараюся згадаць малюнкі мінулага, успомніць сваіх сяброў маленства. Але, хіба толькі што ўспомніць… Сёння ў Аксамітах, якія налічваюць 29 дамоў, зарэгістравана толькі  адна жыхарка – Людміла Уладзіміраўна Дарашэвіч. Прысаджваюся побач на лаўку. Першае, што заўважаю – у руках газета «Слава працы». [caption id="attachment_131549" align="alignnone" width="600"] Людміла Дарашэвіч - адзіная жыхарка Аксаміт[/caption] – Выпісваеце? – пытаюся. – Канечне. Пастаянна. Я без яе не магу. Харошая газета. Я нават, калі ў дачкі ў Салігорску зімавала, то мне яе і туды насілі, – адказвае жанчына. Людміла Уладзіміраўна рада субяседніцы, з ахвотай расказвае пра сваё жыццё, пра мінулае вёскі. А згадаць ёсць што. Заслужаная работніца (за свае працоўныя заслугі ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга) 42 гады адпрацавала даяркай. Калі ў 1960 годзе набрала першую групу кароў, усё рабілася ўручную. Цяжка было, але не сумавалі, рук не апускалі, дапамагалі адзін аднаму. Усёй вёскай выходзілі на Юр'я на расу, сустракалі разам Каляды, Вялікдзень. Спраўлялі разам вяселлі, гадавалі дзяцей. Дружныя людзі былі, працавітыя. Сумленна   апрацоўвалі  зямлю, якая шчодра ўзнагароджвала іх багатымі ўраджаямі. За адданую працу, за высокія надоі на кожнае свята атрымоўвала падарункі ад калгаса  і Людміла Дарашэвіч. Калі выходзіла на пенсію ў 2002 годзе, яе група налічвала ажно 50 галоў, праўда, на новай ферме працавалася лягчэй. Муж, Аляксандр Адамавіч, таксама ўсё жыццё працаваў у калгасе, памёр у 2001 годзе. Дачка Святлана жыве ў Салігорску, сын Уладзімір – у Сунаях. На зіму Людміла Уладзіміраўна едзе да дзяцей, а вясной зноў вяртаецца ў Аксаміты. Цягне дамоў, толькі часам робіцца крыўдна, што вёска пустая. Але з вясеннім цяплом ажывае жыццё ў Аксамітах. Вяртаюцца на свае лецішчы з гарадоў унукі і праўнукі, кіпіць праца на агародах. З удзячнасцю гаворыць гаспадыня пра сацыяльнага работніка  Наталлю Давідоўскую. Яна і частая госця, і памочніца 80-гадовай жанчыне. Разам з Людмілай Уладзіміраўнай згадваем мясцовыя дынастыі (ці не нашчадкаў тых салдатаў-рэкрутаў, што далі пачатак Аксамітам) – Яфімчыкаў, Рабкевічаў, Цімошкаў, Касцюкоў, Лазоўскіх, Макарэнкаў, Вадап'янаў… Іду далей. Спыняюся каля дагледжанага лецішча Яфімчыкаў.  Пра такія падворкі гавораць: свой дварочак як вяночак. 65-гадовы гаспадар Уладзімір Міхайлавіч – жыхар Мінска, працаваў прарабам на Мінскай ЦЭЦ-3, а калі выйшаў на пенсію, то вырашыў заняцца рамонтам бацькоўскага дома. На маё пытанне, чаму не набыў дачу бліжэй да сталіцы, здзіўлена адказвае: [caption id="attachment_131548" align="alignnone" width="600"] Уладзімір Яфімчык, жыхар Мінска, не забывае родную вёску[/caption] – Гэта ж радзіма, тут мае карані, бацькі тут пахаваны. Цягне ў Аксаміты. А як жа іначай? Дарэчы, мама Уладзіміра, Аляксандра Аляксандраўна, як і папярэдняя гераіня, працавала даяркай і таксама ўзнагароджана ордэнам за працоўныя заслугі. Мамы няма ўжо тры гады, памерла на 90-ым годзе жыцця. Бацька – Міхаіл Паўлавіч – таксама ўсё жыццё аддаў працы на зямлі. І гледзячы на тое, як сын давёў да ладу бацькоўскую сядзібу, разумееш – залатыя рукі мае Уладзімір. Яны такія, аксамітоўцы. У Аксамітах нарадзіўся Валянцін Рабкевіч – вядомы мовазнаўца, паэт, перакладчык, збіральнік фальклору. Тут прайшло маленства беларускай паэтэсы Галіны Каржанеўскай. Гэта ёй належаць радкі, прысвечаныя малой радзіме: [caption id="attachment_131547" align="alignnone" width="840"] Рабкевіч Валянцін - вядомы мовазнаўца, паэт, перакладчык падчас абароны дысертацыі, 70-я гг.[/caption] Аксаміты (а лепей Аксаміты) Завецца вёска, дзе жыла гады. За ёй кустамі пышнымі прыкрыты, Бег ручаёк – няведама куды… Сапраўды, нездарма людзі кажуць: тут зямля такая. З Аксаміт і яшчэ адзін Рабкевіч Сільвестр Васільевіч – легендарны камісар партызанскай брыгады імя Чапаева, а ў пасляваенны час – старшыня калгаса «Інтэрнацыянал». І амаль у кожнай хаце – настаўнікі, урачы, інжынеры. Тут разумелі ролю адукацыі, стараліся вучыць сваіх дзяцей. Ёсць у Аксамітах і свая трагічная старонка гісторыі: 23 лютага 1943 года былі спалены пятнаццаць жыхароў вёскі за сувязь з партызанамі. Калі ў 2010 годзе збірала разам з вучнямі Грозаўскай школы матэрыял на канферэнцыю па гісторыі, пераканалася: не любяць у Аксамітах успамінаць пра тыя сумныя падзеі, не хочуць. Тады апошнія сведкі аксаміцкай трагедыі скупа адказвалі на нашы пытанні, так і не расказаўшы да канца, што ж адбылося ў той лютаўскі дзень 1943 года. Стаіць яшчэ дом бацькі партызанскага камісара, майго прадзеда Васіля Рабкевіча, спаленага тады ў Грозаве. Нагадвае пра сардэчную гаспадыню, Марыю Давідоўскую, пустая сядзіба: тут суседка схавала ад агню, рызыкуючы сваім жыццём і жыццём уласных дзяцей, маю матулю, тады васьмігадовую Святланку. Шуміць стары сад, пасаджаны дзедам Іванам у 1946 годзе, калі вярнуўся без нагі з-пад Варшавы. Не пустуе і хата маёй прабабкі Алены, былой пакаёўкі грозаўскага бацюшкі Фёдара Струкоўскага, яе імя з годнасцю стараюся несці па жыцці. Жывая яшчэ памяць. Адчуваю моцную сувязь з мінулым, са сваімі продкамі. Сілкуюся ад іх каранёў… А значыць, жывая і мая малая радзіма – вёска з паэтычнай назвай Аксаміты. Алена ДУБІНА Фота аўтара і з архіва сям'і Рабкевіч

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей