Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

29

14 мая День Государственного флага, Государственного герба и Государственного гимна Республики Беларусь

14.05.2023
Дзень Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь – свята, якое адзначаецца ў краіне штогод у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі №157 ад 26 сакавіка 1998 года. Першапачаткова яно называлася Дзень Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь. Указам Прэзідэнта Беларусі №105 ад 12 красавіка 2023 года назва дзяржаўнага свята была зменена на Дзень Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Новая назва дазваляе аддаць даніну павагі ўсім тром дзяржаўным сімвалам Беларусі. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны флаг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн з’яўляюцца сімваламі суверэнітэту краіны. Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальных каляровых палос: верхняй — чырвонага колеру і ніжняй — зялёнага. Стаўленне шырыні палос чырвонага і зялёнага колеру — 2:1. Адносіны шырыні Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь да яго даўжыні — 1:2. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, якое складае 1/9 даўжыні Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны на сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя промні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Зверху над полем знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб апраўлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева — кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы «Рэспубліка Беларусь». Дзяржаўным гімнам Рэспублікі Беларусь з’яўляецца твор на музыку Нестара Сакалоўскага і словы Міхаіла Клімковіча і Уладзіміра Карызны. Дзяржаўны гімн сучаснай Беларусі захаваў музычную аснову гімна Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Музыка Нестара Сакалоўскага карысталася папулярнасцю і павагай людзей розных пакаленняў, таму і пры стварэнні гімна незалежнай Беларусі было прынята рашэнне яе захаваць. Потым быў аб’яўлены конкурс на стварэнне тэксту гімна. Да сімволікі – з павагай Да свята дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь рэдакцыя газеты «Слава працы» на сваім Тэлеграм-канале правяла бліц-апытанне наконт таго, якое ж месца ў жыцці падпісчыкаў займаюць дзяржаўныя флаг, герб і гімн нашай краіны. Як высветлілася, большасць рэспандэнтаў ганарацца сваёй краінай і адпаведна сімволікай. Прыкладна аднолькавая колькасць тых, хто галасаваў, да дзяржаўнай сімволікі ставіцца з павагай, разумеючы, што гэта спосаб выказаць удзячнасць роднай краіне і нашы сімвалы — гэта частка гісторыі Беларусі. Некаторыя не сумняваюцца, што старэйшае пакаленне шануе сімвалы больш глыбока, чым моладзь. Сустракаюцца адзіночныя меркаванні ўдзельнікаў апытання, якія адносяцца роўна да гэтага пытання, і асаблівых эмоцый яно ў іх не выклікае, а таксама ёсць тыя, каторыя не вырашылі яго для сябе. Сяргей КОЗЕЛ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей