37
Поэт Владимир Каризна о Государственном гимне: сердцем вынашивал каждую строчку, паузу, знак препинания
12.05.2023
«Сэрцам выношваў у тэксце гiмна краiны кожны радок, паўзу, знак прыпынку», – шчыра прызнаецца адзiн з аўтараў Дзяржаўнага гiмна Беларусi — паэт Уладзiмiр Карызна
Дзесяцiгоддзямi гiмнам нашай рэспублiкi, якая ўваходзiла ў склад СССР, была песня Мiхася Клiмковiча на музыку Нестара Сакалоўскага «Мы, беларусы». Гiмн — адзiны сiмвал нашай краiны, якi не памяняўся за гады незалежнасцi. Пасля абвяшчэння Рэспублiкi Беларусь тэкст з галоўнай песнi дзяржавы быў выдалены i гучала толькi музыка. Савет Мiнiстраў абвясцiў конкурс на абнаўленне тэксту Дзяржаўнага гiмна Беларусi. 2 лiпеня 2002 года Прэзiдэнт адобрыў варыянт, напiсаны беларускiм паэтам Уладзiмiрам Карызнам. Творца быў адзначаны высокай дзяржаўнай узнагародай — ордэнам Францыска Скарыны.
Сёлета Аляксандрам Лукашэнкам прынята рашэнне з гэтага года ў другую нядзелю мая падчас святкавання Дня Дзяржаўнага сцяга i Дзяржаўнага герба адзначаць i свята Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь. Новая назва ўрачыстасцi надала данiну павагi ўсiм тром дзяржаўным сiмвалам краiны.Творчая дзейнасць Уладзiмiра Iванавiча раней адзначалася дзяржаўнай прэмiяй у галiне лiтаратуры, мастацтва i архiтэктуры, лiтаратурнай прэмii «Залаты купiдон», а таксама прэмiяй прафсаюзаў Рэспублiкi Беларусь. Адзначаны званнем «Заслужаны дзеяч культуры». На рахутку творцы тры дзясяткi кнiг, сярод якiх паэтычныя зборнiкi i празаiчныя творы. Не маючы спецыяльнай музычнай адукацыi, ён сам пiша музыку. Аўтарству яго належыць больш за паўсотню песень. Многiя з iх папоўнiлi залаты фонд беларускага меласу. З паэтам плённа супрацоўнiчаюць вядомыя беларускiя кампазiтары. Iх сумесныя творы выконваюць вядучыя музычныя калектывы краiны, Нацыянальны акадэмiчны хор iмя Генадзя Цiтовiча.Сёлетняя вясна асаблiвая для паэта Уладзiмiра Карызны. 25 мая ён будзе прымаць вiншаваннi з нагоды 85‑годдзя з дня нараджэння. Свой юбiлей сустракае з жонкай Алай Iванаўнай на лецiшчы, што побач з браслаўскiм возерам Дрывяты. У гэтым маляўнiчым куточку Вiцебшчыны Уладзiмiр Iванавiч пачынаў працоўную дзейнасць пасля заканчэння фiлалагiчнага факультэта Белдзяржунiверсiтэта. У Опсаўскай сярэдняй школе сустрэў будучую жонку. Пасля заканчэння сталiчнага педiнстытута iмя Горкага яна была размеркавана на працу ў родны Браслаўскi раён. Маладыя педагогi з сябрамi адзначылi зарэгiстраваны ў загсе шлюб. Iх супольны сямейны саюз адлiчвае сёмы дзясятак. Кампазiтарам стаў сын Уладзiмiр. Сусветную вядомасць атрымаў унук Iван. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай кансерваторыi працягнуў вучобу па класе вiяланчэлi ў Парыжскай кансерваторыi. Яго выступленнi збiраюць аншлагi ў самых прэстыжных музычных залах краiн свету. Зорны ўнук выкройвае час i для наведвання родных у Беларусi.
— Звычайна Iван такiя своеасаблiвыя канiкулы ўстройвае для сябе на калядныя святы, — адзначае Уладзiмiр Карызна. — Дзякуючы сучасным сродкам сувязi незалежна ад краiны, дзе ён знаходзiцца, штодзённа маем стасункi. Радасна ўспрыняў ён вестку пра афiцыйнае далучэнне да дня нацыянальных сiмвалаў Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь. Для ўсёй нашай сям’i гэта важная падзея. Спадзяюся, што ў чарговы прыезд Iвана на радзiму праспяваем гiмн краiны пад акампанемент вiяланчэлi.
— Уладзiмiр Iванавiч, мелодыя гiмна засталася без змяненняў. У час працы над новым варыянтам тэксту цi адразу ўсё атрымлiвалася?
— Калi мне паступiла прапанова ўдзельнiчаць у гэтым творчым конкурсе, адразу ахапiла думка, цi спраўлюся. Разумеў, што задача надзвычай важная i адказная.
У сёлетнiм Пасланнi беларускаму народу i Нацыянальнаму сходу Прэзiдэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусi тры дзяржаўныя сiмвалы: герб, сцяг i гiмн, а дзяржаўнае свята прысвечана толькi двум, i прапанаваў выправiць гэты недахоп. Цудоўна, што на высокiм узроўнi прынята рашэнне штогод у другую нядзелю мая адзначаць Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба i Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь.
Савет Мiнiстраў абвясцiў творчы конкурс на абнаўленне тэксту гiмна краiны. Удзел у iм прынялi многiя лiтаратары. Камiсiя пiльна ставiлася да кожнага прапанаванага варыянта. Гэта ж галоўная песня краiны, i яна павiнна ўвабраць самае важнае i значнае з нашай агульнай гiстарычнай i духоўнай спадчыны.
— Як вы лiчыце, чаму менавiта вам паступiла прапанова паўдзельнiчаць у гэтым конкурсе?
— Думаю, таму, што ў мяне за спiной вялiкi творчы багаж. Звыш трох соцень маiх вершаў пакладзена на музыку. Ёсць у маiм арсенале кантаты, рамансы, араторыi.
А што значыць напiсаць гiмн сваёй краiны? Гэта вельмi сур’ёзна. Але мне сказалi, што трэба, i адмовiцца я не меў права. У нас нямала выдатных кампазiтараў, быццам i ёсць з каго выбiраць, але я прыйшоў да думкi, што нiкому з iх гэта не пад сiлу. Так мне тады падалося. Дзяржаўны гiмн у некаторай ступенi з’ява прыроды, як гром. I тады я, праслухаўшы яшчэ раз былы гiмн нашай рэспублiкi, створаны Нестарам Сакалоўскiм, спынiўся на ранейшым музычным варыянце.
Працуючы над новым варыянтам гiмна, з ювелiрнай тонкасцю падбiраў кожнае слова. Iмкнуўся радкi максiмальна напоўнiць глыбокiм сэнсам i пры гэтым, каб словы клалiся на мелодыю. Словы гiмна — гэта не лiрычны верш, а больш правiльна сказаць тэкст. I музыка не песенная. Сэрцам выношваў у тэксце кожны радок, паўзу, знак прыпынку.
Як марскiя хвалi нястомна шлiфуюць прыбярэжныя каменьчыкi, так грунтоўна абкатвалася кожная фраза для надання гiмну краiны велiчнага гучання. Дзяржаўная сiмволiка Беларусi — свайго роду захавальнiк гiстарычнай памяцi. Кожны радок абноўленага тэксту нясе глыбокi фiласофскi сэнс. Працуючы над новым варыянтам гiмна, вывяраў семантыку слоў, каб яны трапна адпавядалi закладзенай думцы, выклiкалi пачуццё адданасцi роднай Айчыне.
Такое маё галоўнае правiла ў творчай дзейнасцi. Памятаю, як выношваў кожны радок песнi «Люблю цябе, Белая Русь». У той час працаваў у музычнай рэдакцыi Беларускага радыё. Зачытваў словы кампазiтару Юрыю Семяняку, i ён уважлiва слухаў, потым разам шлiфавалi тэкст. Песня стала вiзiтнай карткай заслужанай артысткi Беларусi Тамары Раеўскай. Высокапрафесiйны артыстызм спявачкi, яе душэўнасць i ўнутранае адчуванне закладзенага ў словах i музыцы глыбокага сэнсу надалi папулярнасць песнi. Музычную грамату засвоiў самастойна, i сам магу напiсаць акампанемент, запiсаць у нотах мелодыю, а аркестроўку твораў выконваюць прафесiяналы. У конкурсе была вялiкая канкурэнцыя. Здаралiся напружаныя моманты. Увесь час мяне не пакiдала думка, што гэта гiмн, а не звычайная песня. За iм стаiць дзяржава, народ. Стараўся перадаць у словах светлыя iмкненнi i надзеi на дабрабыт, спакой, яднанне нашага грамадства. Скажу шчыра, хваляваўся да апошняй хвiлiны. Прадаставiў канчатковы варыянт гiмна ў камiсiю творчага конкурсу i чакаў вынiкаў.
— Ваш варыянт тэксту гiмна прызнаны лепшым не толькi конкурснай камiсiяй, але i народным галасаваннем. Напэўна, адразу пасыпалiся вiншаваннi з перамогай?
— Шмат было вiншавальных тэлефонных званкоў. Вялiкай прыемнасцю для мяне стала Падзяка Прэзiдэнта за аўтарства гiмна Беларусi i высокая дзяржаўная ўзнагарода — ордэн Францыска Скарыны.
У абноўленым варыянце Дзяржаўнага гiмна Беларусi закладзены iдэi адзiнства нацыi, пачуццё патрыятызму i адданасцi роднай зямлi. Гэта асаблiва важна для нашай мiрнай краiны. Гiмн нясе ўпэўненасць нашым грамадзянам у заўтрашнiм днi, заклiкае да руплiвай, стваральнай працы на карысць любiмай Радзiмы.
Удзячны сiмфанiчнаму аркестру i Акадэмiчнаму хору Белтэлерадыёкампанii за бездакорнае выкананне гэтага важнага музычнага твора. А тут яшчэ такая навiна — указам кiраўнiка краiны з гэтага года ў другую нядзелю мая будзе адзначацца Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба i Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь. Для мяне як аднаго са стваральнiкаў галоўнага сiмвала краiны гэта найлепшы падарунак да 85‑годдзя.
https://www.sb.by/articles/sertsam-vynoshva-u-tekstse-gimna-krainy-kozhny-radok-pa-zu-znak-prypynku-shchyra-pryznaetstsa-adzin-.html
Поделиться
Комментарии