За гады вайны падпольшчыкі і партызаны сталі для Чырвонай Арміі сапраўдным другім фронтам у тыле ворага. Уладзімір Андрэевіч Дарашэвіч з вёскі Свідзічы быў адным з першых падпольшчыкаў і партызан Капыльшчыны.
Разведчык штаба 27-й брыгады імя В.І. Чапаева за свае баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «Партызану Айчыннай вайны» І ступені, «За перамогу над Германіяй у 1941 –1945 гг.», «За доблесную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг.» і інш. У мірным жыцці аддаваў усе сілы, працаваў, не шкадуючы сябе. Пасля выхаду на пенсію перадаваў свой багаты жыццёвы вопыт маладому пакаленню, выхоўваючы ў моладзі любоў да Радзімы, пачуццё абавязку, патрыятызму. Нарадзіўся
Уладзімір у мнагадзетнай сям’і ў 1913 годзе. Змалку праходзіў усе этапы нялёгкай сялянскай навукі: пасвіў гусей, авечак, кароў, навучыўся правільна трымаць касу і плуг. Здольны да навучання хлопец змог скончыць толькі 5 класаў Слабада-Кучынскай няпоўнай сярэдняй школы. Памёр бацька, і разам з маці трэба было займацца гаспадаркай, дапамагаць падымаць трох малодшых сясцёр. У сям’і жылі яшчэ двое старэйшых (інваліды) – сястра і дзядзька. Так што, яму хапіла ўсяго. У 17 гадоў уступіў у калгас «Барацьбіт». Шчыра працаваў ад цямна да цямна, бо верыў у светлую будучыню. За сваю актыўную жыццёвую пазіцыю быў прыняты ў камсамол. Удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці і ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. Заўсёды знаходзіў час, каб займацца самаадукацыяй: многа чытаў газет, часопісаў, кніг, наведваў мясцовую бібліятэку. Адслужыў у Чырвонай Арміі вызначаны тэрмін, дзе яшчэ больш загартаваўся яго характар, умацавалася ўпэўненасць у сваіх сілах, раскрыліся якасці арганізатара(быў камандзірам аддзялення). У 1937 годзе быў прызначаны сакратаром Слабада-Кучынскага сельсавета. У Барысаве скончыў шасцімесячныя курсы савецка-партыйных работнікаў, і быў накіраваны на працу ў Вялешынскі сельсавет. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны займаўся прызывам у армію, і быў пакінуты для арганізацыі падпольнага і партызанскага руху. Разам з сёстрамі Уладзімір збіраў па лясах, абочынах дарог зброю і боепрыпасы, хаваў знойдзенае ў патаемных месцах, аказваў дапамогу байцам і камандзірам Чырвонай Арміі, якія выходзілі з акружэння. У роднай вёсцы стварыў патрыятычную групу, у якую ўвайшлі мясцовыя актывісты, члены яго сям’і, акружэнцы
Сяргей Зуеў і Фёдар Ганчарук. У сваёй хаце хаваў сям’ю аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху, якая не паспела эвакуіравацца. Ён наладзіў сувязь з былым інструктарам Капыльскага райкама партыі
Аляксандрам Кандыбовічам, рабочым Старыцкага спіртзавода
Адамам Карнейчыкам, маёрам
Шалякіным, у якога быў радыёпрыёмнік. Разам вялі агітацыйную работу сярод насельніцтва, прымалі зводкі Савінфармбюро і размнажалі іх ад рукі, пісалі лістоўкі і распаўсюджвалі іх у Капылі і навакольных вёсках. Затым група Дарашэвіча ўлілася ў падпольную арганізацыю пад кіраўніцтвам
Паўла Лагвіненкі. 2 сакавіка 1942 года ў Старыцкім лесе быў створаны партызанскі атрад, які дапамог узброіць 21 вінтоўкай, 3 ручнымі кулямётамі ДП, 2 аўтаматамі ППШ і некалькімі тысячамі патронаў. Аб’яд-наўшыся з атрадам імя Чапаева, партызаны раз-гарнулі актыўную баявую дзейнасць. Налётамі на гарнізоны, органы кіравання і гаспадарчыя аб’екты акупантаў, дыверсіямі на чыгунцы і шашы, лініях сувязі, раптоўнымі ўдарамі з засад наносіўся адчувальны ўрон ворагу. Змагаўся ў складзе групы разведчыкаў, выяўляў варожых шпіёнаў і інфарматараў, а таксама займаўся пошукам зброі. У яго паслужным спісе – удзел у 10 буйных баях. Не раз быў на валаску ад смерці. На яго рахунку шмат выратаваных жыццяў партызан і мірных жыхароў. Праяўляў мужнасць і гераізм, а яшчэ – разважлівасць, моцную вытрымку і кемлівасць. З успамінаў Аляксандра Кандыбовіча, жыхара вёскі Слабада-Кучынка:
«Партызаны прыкмецілі, што ў Старыцкім лесе акупанты пачалі нарыхтоўку дроў. Дарашэвіч параіў не чапаць іх, пачакаць і паназіраць некалькі дзён. Ён дэтальна, крок за крокам прадумваў усю аперацыю, каб пазбегнуць ахвяр сярод баявых таварышаў. Калі дровы ўжо былі складзены, раптоўна напалі на ворага і без адзінага выстралу захапілі ўсіх у палон. Адну частку нарыхтаваных дроў перавезлі ў партызанскі лагер, другую раздалі жыхарам бліжэйшых вёсак, што не паспелі – спалілі». Наладзіў сувязь з падпольшчыкамі Капыля: адтуль яго сястра
Аляксандра дастаўляла каштоўныя звесткі, перавязачны матэрыял, медыкаменты, а таксама паперу, фарбы і шрыфт для партызанскай тыпаграфіі. Пасля Старыцкага бою карнікі расстралялі 45 аднавяскоўцаў. Сярод іх аказалася яго шаснаццацігадовая сястра
Валянціна, а старэйшая сястра была паранена ў галаву. Ахвяр магло б быць болей, але яго група змагла перахапіць здраднікаў са спісам сям’яў партызан і партыйна-камсамольскага актыву. Разведчыкі, абыходзячы засады і пасты гітлераўцаў, змаглі вывесці тры атрады К.Я. Варашылава ў Вялешынскі лес без адзінай сутычкі з ворагам. Уладзімір Андрэевіч праводзіў разведку ў навакольных вёс-ках, гутарыў з моладдзю і гэтым рыхтаваў юнакоў і дзяўчат да ўзброенай барацьбы з акупантамі. Пасля такіх сустрэч рады народных мсціўцаў папаўняліся новымі байцамі.
[caption id="attachment_129890" align="alignnone" width="600"]
Уладзімір Дарашэвіч (справа) разам з Аляксандрам Кандыбовічам, сябрам і паплечнікам па падпольнай і партызанскай барацьбе[/caption]
Сям’я. Ажаніўся з настаўніцай пачатковай школы, якая прыехала на працу па размеркаванню ў Андросаўшчыну. Яго
На-дзея Сяргееўна Дубаўцова з маленькай дачушкай
Лінай паехала на летні адпачынак да бацькоў у вёску Сялец Аршанскага раёна, што на Віцебшчыне. Там яе застала вайна. У хуткім часе яна стала сувязной партызанскай брыгады Гілапокава. У час аблавы была схоплена фашыстамі і вывезена ў Германію. Проста цуд, што выратавалася, не згарэла ў печах крэматорыя. Трапіла на авіязавод у г. Людвігсфельдзе (філіял Дахау). Прайшла ўсе колы фашысцкага пекла. Чатыры гады пра яе нічога не ведаў. Пасля вызвалення з палону амерыканцамі вярнулася дамоў і адправіла тэлеграму на Капыльшчыну: «Ці хто жывы?». З хваляваннем чакаў сустрэчы з роднымі яму людзьмі. Сям’я ўз’ядналася. У Слабада-Кучынцы пабудавалі хату. Затым нарадзіліся сын і дзве дачкі.
У Маскве. Як вопытнага падпольшчыка, камандзіра і кандыдата ў члены ВКП(б) Уладзіміра Дарашэвіча рашэннем Мінскага падпольнага абкама партыі камандзіравалі за лінію фронту на курсы пры савецка-партыйнай школе. Пераправілі самалётам з партызанскага аэрадрома вострава Зыслаў у Любанскім раёне. У Маскве меў гутарку з Першым сакратаром ЦК КПБ(б) Панцеляймонам Панамарэнкам, які падрабязна распытаў аб дзейнасці партызан Міншчыны. Адначасова выкладаў у школе для партызанскіх кадраў пры БШПР. Аднаго разу сустрэў самага старэйшага ўдзельніка вайны –
Васілія Ісакавіча Талаша. Нават некаторы час жылі ў адной гасцініцы.
Жыццё для Радзімы. Пасля вызвалення першых раёнаў Беларусі быў накіраваны ў Хоцімск Магілёўскай вобласці для аднаўлення калгасаў і саўгасаў, а пасля вызвалення Капыльшчыны вярнуўся на радзіму сакратаром райвыканкама, дзе і сустрэў Дзень Перамогі. Як і большасць ветэранаў вайны, працаваў самааддана, на поўную сілу, часам не звяртаючы ўвагу на сябе і сваё здароўе. Уладзімір Андрэевіч ніколі не шукаў лёгкіх шляхоў і працаваў сумленна, куды накіроўвала партыя: старшынёй сельсавета ў Слабада-Кучынцы, старшынёй калгаса «Зара свабоды», брыгадзірам, загадчыкам фермы і сталоўкі. І ніколі не крыўдзіўся, якой бы не была пасада. Гэта быў чалавек выключнай прыстойнасці, добразычліва, справядліва і з павагай ставіўся да людзей, з якімі заўсёды хутка знаходзіў узаемаразуменне. Выступаў на сходах, мітынгах. Штогод запрашаўся ў школу на сустрэчы з вучнямі і педагогамі. Сваё ваеннае жыццё не лічыў гераічным. Больш згадваў подзвігі сваіх землякоў, пра сябе ўспамінаў са сціпласцю. Запомніліся яго словы:
«Трэба цаніць кожны пражыты мірны дзень, падораны маладым пакаленням салдатамі Перамогі». Яшчэ добра гуляў у шашкі, шахматы і цудоўна маляваў. З нагоды гэтага атрымаў спецыяльны дазвол на маляванне партрэтаў дзяржаўных дзеячаў, калі трэба было падрыхтаваць агітацыйныя плакаты да выбараў (быў членам камісіі) ці юбілейных для краіны дат.
Не дажыў да свайго сямідзесяцігоддзя. У кастрычніку 1982 года перастала біцца сэрца цудоўнага чалавека, ветэрана вайны, сапраўднага камуніста, які свята верыў у Вялікую Перамогу савецкага народа.Сваім нашчадкам (жывуць у Гомелі і Маскве) наканаваў захоўваць памяць аб гераічным мінулым, заўсёды ўдзельнічаць у святочных мерапрыемствах 9 мая і 3 ліпеня.
Барыс Дзенісюк,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии