Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

267

"Скабін" з кармамі будзе заўседы

09.06.2010

Пры добрым надвор’і нарыхтоўка сенажу ў СВК “Скабін” з траў першым укосам пройдзе за тыдзень. Прычым якасць кармоў у кааператыве пастаўлена на першы план.

Паўтара дні работы — і сянажную яму можна закрываць. Так было на ферме ў Мазалях, дзе закладзена звыш 700 тон спажыўнага корму. Сітуацыя паўтараецца і ля свінатаварнай фермы “Скабін”. Такія тэмпы работы, вядома ж, спрыяюць атрыманню высакаякасных кармоў. Тым больш, што дакладна выконваюцца патрабаванні па даўжыні рэзкі травяной масы, яе вільготнасці, трамбаванні і як вынік — тэмпература ў траншэі ў норме.

Травастой сёлета ў гаспадарцы багаты, на яго скошванні задзейнічаны дзве ротарныя касілкі, здрабняюць падвяленую травяную масу тры комплексы “Палессе”, адвозяць — чатыры МАЗы і тры трактары з ПІМамі. “Тэхніка не прастойвае, — расказвае галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Мікалай Панасік. — Працуем практычна ўвесь светлавы дзень. Акрамя таго, для эканоміі энергарэсурсаў прымяняем аперацыю па ўтварэнні валкоў. Да прыкладу, учора, каб не марнаваць часу, механізатар Іван Салаш (пад наглядам механіка) шчыраваў усю ноч”.

Ля траншэі на СТФ “Скабін” кіпіць работа. Адзін за адным сюды заязджаюць трактары, магутныя МАЗы, каб высыпаць чарговую порцыю здробненай масы. Натужліва гудуць “Кіравец” і пагрузчык ТО, асноўная задача якіх — старанна ўтрамбаваць будучы корм. Усе гэтыя аперацыі выконваюцца пад кантролем ветурача Аляксандра Ткачука. Перыядычна праводзіцца праверка вільготнасці і тэмпературы ў траншэі, на яе заведзены ўсе неабходныя дакументы, а колькі часу таму ўсе траншэі для закладкі кармоў былі ачышчаны ад рэшткаў, пабелены, пад’езды да іх высланы саломай. Усё гэта робіцца для таго, каб не дапусціць пападання інфекцыі і як вынік — псавання корму.

Наперадзе — нарыхтоўка сена, якога згодна з заданнем трэба мець больш за 500 тон, пазней будзе касьба траў другім укосам, нарыхтоўка кукурузнага сіласу. “У “Скабіне” з кармамі праблем не было ніколі, — з упэўненасцю гаворыць Мікалай Панасік. — Будзе і колькасць, і якасць і, у выніку, малако”.

Маргарыта САКОВІЧ

НА ЗДЫМКУ: механізатар Ігар Рай, ветурач Аляксандр Ткачук і вадзіцель МАЗа Валерый Юшкевіч абмяркоўваюць якасць здробненай масы.

Фота аўтара


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей