
Удзельнікаў выязной калегіі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, што прайшла на мінулым тыдні на базе Капыльскага раёна, чакала прыемная нечаканасць: супрацоўнікі ЗАТ “АКБ “Белрасбанк” перадалі ў дар літаратурна-мастацкае выданне “Минщина. Легенды, события, люди”, якое будзе прызначана сельскім навучальным установам, школам-інтэрнатам і ўстановам праафтэхадукацыі сталічнай вобласці. Тым самым, па словах прадстаўнікоў “Белрасбанка”, у рамках акцыі “Даведайся пра сваю радзіму” прадоўжана серыя мерапрыемстваў для выхаванцаў інтэрнатных і іншых устаноў адукацыі.
Гэта зборнік нарысаў пра гісторыю Міншчыны, напісаных на падставе архіўных дакументаў, музейных калекцый і літаратурных крыніц. Аўтар кнігі Дзмітрый Корсак расказвае пра таямніцы мінулага, пра людзей, якія ўславілі свой край, пра яркія падзеі, забытыя сёння альбо малавядомыя.
Кнігу выпусціла выдавецтва “Медыяфакт” у верасні бягучага года тыражом 5000 асобнікаў.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии