Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

63

Як мы жывём i чаму радуемся

26.12.2011
Час не стаіць на месцы. Вось ужо фінішуе снежань. Поўным ходам ідзе падрыхтоўка да Калядаў  і Новага 2012 года. Праводзячы стары год (лепш сказаць мінулы), кожны з нас імкнецца памятаць усё добрае, што напаткала ў гэтым годзе і з палёгкай перанесці ў год наступны. Такая добрая традыцыя жыве ў нас, беларусаў. Як важна не забываць пра дабро ў жыцці. Дарэчы, у капылян ёсць добрая апякунка — наша раённая газета “Слава працы”. У ёй знойдзеш багата цікавага на кожны дзень і на любы густ. Хочаш даведацца пра навіны ў раёне ці на месцах былой працы — калі ласка. Асабліва змястоўныя рубрыкі пра людзей зямлі капыль-скай, аб духоўнасці ў нашым жыцці. Нават кулінарны эксклюзіў тут знойдзеш для гурманаў. Раёнка наша абавязкова напомніць аб сустрэчах з кіраўнікамі ўлады і праінфармуе аб выніках гэтых сустрэч. А якія цікавыя паведамленні дзяцей са школ, канцэртных і спартыўных пляцовак. У “Слава працы” знойдзеш для сябе адказ, ці правільна мы жывём, адпачываем, клапоцімся аб здароўі. Вось і мне захацелася падзяліцца надзённым: што ўбачыла, адчула і які водгук пакінула ўсё гэта ў маім сэрцы. Па-першае, з чаго пачынаецца дзень большасці непрацуючых ветэранаў. Правільна, – з магазіна, дзе цябе добра абслужаць, выслухаюць, дапамогуць выбраць патрэбнае ці параяць, дзе яго можна купіць. Зранку тут не бывае мітусні. Я, напрыклад, стараюся наведаць “Слуцкі край”. Спытаецеся, чаму? Бо там працуюць ветлівыя, уважлівыя маладыя прадаўцы Святлана Гук, Людміла Кастэнка, Кацярына Берднік. Пастаўшчыкі са Слуцка не заўсёды прытрымліваюцца графіка завозу прадуктаў. Каб марна не траціць час, гэтыя дзяўчынкі цярпліва праінфармуюць па тэлефоне, калі зручней наведаць магазін і ніколі не адправяць з пустымі рукамі. А яшчэ я наведваю “Слуцкі край” таму што тут можна купіць сапраўдны кефір, дамашні тварог, малако без дабавак. Праўда, днямі прачытала ў сваёй раёнцы аб высокіх дасягненнях капыльскага масласырзавода. Больш за 70 найменняў прадукцыі для спажыўцоў выпускае наш завод. Масла сметанковае аж чатырох гатункаў, тваражкі для ласуноў. Вельмі здзівілася, што ў нашых магазінах (апрача фірменнага “Сузор’е смаку”), такі асартымент заводскіх прадуктаў бывает не часта. Праўда, ёсць замест натуральнага кефіру кефірны біяпрадукт і малако з дабаўкамі. Таму хочацца папрасіць кіраўніка завода выпускаць для нас, капылян, асабліва для дзяцей і людзей сталага ўзросту, больш натуральных кісла-малочных прадуктаў, якія вельмі карысныя для здароўя і спрыяльныя па кошце для непрацуючага пенсіянера. Дзякуем капыльскім хлебапёкам за натуральны і даволі смачны хлеб, які я звычайна купляю ў “Ласунку”, бо там вас заўсёды сустрэнуць з ветлівай усмешкай Наталля Булакевіч і Кацярына Хвацік. Ад іх ласкавага погляду цяплей на душы становіцца. Самым неабходным запаслася, паспець бы на аўтобус “Цімкавічы – Капыль”, на якім працуе вельмі пунктуальны і добразычлівы шафёр Віктар Аношка. Яго аўтобус ніколі не затрымліваецца без прычыны, а старых, нямоглых людзей ён не пакіне, калі бачыць, што не паспяваюць. А што б рабілі мы, пасажыры, калі б не было на аўтастанцыі тэлефоннага нумара даведкі 114 і калі б там не працавалі заўсёды адказныя, гатовыя выслухаць і даць належную параду маладыя дыспетчары Таццяна Хоміч і Вольга Сярчэня. І вось я ўжо дома. Трэба зноў спяшацца. Цяпер у паліклініку. Талон да доктара заказала загадзя. Ногі хутка ісці не хочуць, кружыцца галава. Зноў саджуся ў аўтобус. Вельмі добра, што ёсць гарадскі аўтобус. У рэгістратуры паліклінікі заўсёды ёсць чарга, бо людзей хворых многа. Завіхаюцца рэгістратары. Іх чацвёра: маладая медыцынская сястра Вольга Мацэля, ветэраны працы Таццяна Мікалаеўна Чарнецкая, Надзея Сцяпанаўна Нікалаеня і Ніна Сямёнаўна Калацкая. Праца ў іх адказная, кантынгент для абслугоў-вання нялёгкі. Людзі хворыя, нямоглыя, таму і капрызныя. Трэба кожнага пачуць, дапамагчы. Стараюцца ўсе. Вялікі ім дзякуй за стрыманасць. Абавязкова трэба праверыць ціск крывяны: тарапеўт працуе на трэцім паверсе. На ліфце шыльда: “Абслугоў-ваюцца толькі цяжка хворыя”. Стаіш і думаеш: што рабіць? Ты ж, дзякуй Богу, яшчэ не цяжка хворы, бо ёсць ногі, рукі, вочы, каб бачыць дарогу. Ідзеш у да-ўрачэбны пакой. Там працуе медсястра Святлана Кандыбовіч, вельмі ўважлівая да пацыентаў. Калі крывяны ціск высокі, абавязкова напраўляе на ЭКГ. Вельмі добра, што пакой ЭКГ знаходзіцца на першым паверсе. Тут вас сустрэне добразычлівая, спагадлівая фельчар Наталля Хоміч, сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Яна дапаможа нямогламу ўстаць з кушэткі, апрануцца, супакоіць, каб не вельмі хваляваўся. Тым часам урач Станіслаў Міхнайць уважліва аналізуе паказанні ЭКГ, раіць абавязкова з яго вердыктам ісці да тэрапеўта. Жыць хочацца, таму каля ліфта з шыльдай усё ж націскаю кнопку. Вось дзіва: дзверы адчыняюцца, ліфцёр Галіна Кіркалава без нараканняў падымае на трэці паверх. Якое шчасце ў гэты момант сустрэць міласэрную Галіну! Каля пакоя тэрапеўта чаргі няма,  і  доктар Наталля Міка-лаеўна Пінчук на месцы. Працягваю вердыкт з ЭКГ. “Чаго так устрывожыліся, расхваляваліся, — пытаецца доктар. – Хіба для вас навіна, што ў Вас ішэмія, стэнакардыя, крывяны ціск высокі. Другую групу даюць не за прыгожыя вочы. Больш адпачывайце, таропка не хадзіце, піце лекі ад ціску, і ўсё нармалізуецца з цягам часу”. Дзякую доктару і спяшаюся ў аптэку. Фармацэўт Жанна Кедыш таксама заўсёды на месцы. Мне падабаецца наведваць бальнічную аптэку. Жанна Мікалаеўна клапоціцца, каб заўсёды былі неабходныя лекі. А калі што-небудзь адсутнічае, дапамагае хвораму яго знайсці. Адразу тэлефануе ў цэнтральную раённую аптэку. Вось так і жывём, дарагая раёнка. І радуемся, калі сустракаем добрых, спагадлівых людзей. Не ўсе твае чытачы звяртаюць на добрыя дробязі ўвагу. Шкада. Я расказала аб добрых людзях, якія сумленна выконваюць свае службовыя абавязкі, аб людзях, якія на сваім месцы. Ганна АРЛОЎСКАЯ, пазаштатны карэспандэнт “Слава працы”, член райсавета ветэранаў  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей