Абрад “Цары” Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу ўваходзіць у Спіс аб’ектаў сусветнай нематэрыяльнай спадчыны ЮНЭСКА. У студзені 2011 года калектыву прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Штогод на Шчодры вечар жыхароў вёскі Семежава калядоўшчыкі віншуюць па вайсковай традыцыі ХVIII стагоддзя. Па мясцовай легендзе абрад з’явіўся, калі недалёка ад вёскі стаяла царскае войска. Салдаты і афіцэры хадзілі па хатах, віншавалі гаспадароў, рабілі для іх прадстаўленне, за што жыхары плацілі ім каляднымі ласункамі. І нават пасля таго, калі царскі атрад пакінуў вёску, традыцыю пераняла мясцовая моладзь. За тры стагоддзі тут выгадавалі не адно пакаленне “цароў”.
Хто ж яны — мясцовыя “цары” і кім з’яўляюцца ў паўсядзённым жыцці? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да саміх удзельнікаў абраду, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў ім у студзені 2011 года.
Аказваецца, у свяце прымаюць удзел толькі мужчыны і юнакі, так званыя “цары”. У кожнага з іх свая роля, але ўсе, як адзін, у белых касцюмах, кашулю перавязваюць трыма семежаўскімі паясамі з традыцыйным арнаментам, шыю ўпрыгожвае жаночая хустка, а на галаве — высокія шапкі з рознакаляровымі стужкамі.
Наперадзе ідзе галоўны герой — цар Максіміліян. Гэтую ролю паспяхова выконвае Дзмітрый Козел:
— Па прафесіі я электраманцёр Капыльскіх электрасетак. Удзельнічаць у абрадзе стаў з 1996 года. Першая роля, якая мне дасталася, — Баба. Са зменай складу калектыву выконваў розныя ролі, зараз з’яўляюся царом Максіміліянам. Тое, што калісьці стану “героем дня”, не чакаў. Удзельнічаць у абрадзе падабаецца настолькі, што нават не ўяўляю Семежава без “Цароў”, тым больш, што нас чакаюць у кожнай хаце, нават запрашаюць загадзя, бо па народным павер’і, там, дзе пабывалі “Цары”, увесь год будзе мір, згода і багацце.
Яшчэ адным са старажылаў абраду з’яўляецца выканаўца ролі цара Мамая Георгій Ціманаў:
— У побыце я — сацыяльны работнік ДУ “Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Мама ў мяне полька, тата — рускі. Раней жылі на Любаншчыне, зараз — у Семежаве (больш за 25 гадоў). Памятаю, як год за годам паднімалі абрад з нябыту: збіраўся дакументальны матэрыял, апытваліся старажылы. І пасля таго, калі ў 1996 годзе група “цароў-энтузіястаў”, апрануўшыся ў самаробныя касцюмы, якія нагадвалі ваенную форму, упершыню прайшлася па вёсцы — атрымаўся аншлаг. Паясы і хусткі давалі мясцовыя жыхары, якія зараз гэтыя ўбранні падарылі ўдзельнікам “Цароў” у знак па-дзякі за адраджэнне і захаванне семежаўскай традыцыі. І вельмі прыемна, што сёння абрад стаў своеасаблівай рэкламай, як для вёскі, так і для раёна ў цэлым.
Камандзірам абрадавага строю з’яўляецца лекар — Мікалай Стасевіч, навучэнец трэцяга курса Капыльскага прафесійна-тэхнічнага каледжа па спецыяльнасці кухар:
— Мая роля, мусіць, самая вясёлая і пацешная, бо я спрабую давесці ўсім, што ведаю лекі ад усіх хвароб, тым самым раскрываю сакрэты лекавання. У адрозненне ад усіх, касцюм у мяне просценькі: звычайная ваенная форма старога ўзору. На галаве — фуражка, на плячы — медыцынская сумка. У апошнія гады нашу яшчэ з сабой велізарны кардонны градуснік. Маршырую з галоўным царом, падказваю куды ісці: калі скажу “налева” усе ідуць у хату, якая знаходзіцца па левым баку, калі “направа” — якая стаіць справа.
Пераапранутыя хлопцы імкнуцца быць падобнымі на сваіх прататыпаў і знешнасцю, і характарам. Тры гады маршыруе ў страі “цар” Сяргей Гаўрыловіч:
— У цяперашні час з’яўляюся студэнтам Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Мой прыход у абрад быў усвядомленым, аб традыцыях якога я пазнаў з аповедаў бабулі. Калі з’явілася магчымасць паўдзельнічаць, то адразу ж згадзіўся. Першай, да каго мы заходзім калядаваць, гэта мая бабуля, якая заўсёды рада нашаму прыходу і частуе ад душы пірагамі, цукеркамі, каўбасой.
Яшчэ адзін з “цароў” — Андрэй Парчанаў:
— Хоць па прафесіі я будучы будаўнік (вучуся ў Слуцкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі), але ўдзел у абрадзе лічу ганаровай місіяй. Хацелася б, каб я і мае сыны, аб якіх я мару, у наступным працягвалі гэтую добрую традыцыю.
Наступны “цар” — Вячаслаў Сянюк, навучэнец 11 класа Семежаўскай сярэдняй школы:
— У абрадзе ўдзельнічаю нядаўна. Спачатку гэтая ідэя здалася мне пацешнай, зараз — своеасаблівай выявай жыцця, бо для мяне цікавы ўсе традыцыі, звязаныя з нашай вёскай. Акрамя ўдзелу ў мастацкай сама-дзейнасці, з’яўляюся вучнем “Школы ткачоў”, дзе авалодваю асновамі ткацтва.
Апошнім у страі ідзе барабаншчык Яўген Лук’янаў, студэнт БНТУ:
— Мая роля самая адказная: павінен гучна біць у барабаны, каб жыхары падрыхтаваліся да нашага візіту. Для гаспадароў паказваем драму “Цар Максімі-ліян”, падчас якой у хаце разгортваюцца батальныя сцэны.
Сярод персанажаў ёсць Дзед і Баба. Іх задача — зрабіць гаспадарам якое-небудзь дробнае паскудства, пакуль тыя ўважліва глядзелі на “цароў”. Гэтыя ролі выконваюць навучэнец Капыльскага прафесійна-тэхнічнага каледжа Дзяніс Пяцігорац і адзінаццацікласнік Аляксандр Шацілін. Дарэчы, Аляксандр у абрадзе ўжо пяты год:
— Калі першы раз прапанавалі роль бабкі, ніколькі не сумняваўся ў яе выкананні. Паспрабаваў — і мне спадабалася ўдзельнічаць у абрадзе.
Яшчэ адным з удзельнікаў, які выконвае ролю Бабы, з’яўляецца Яўген Кухарэнка. Важны ўдзельнік абраду — механоша. У яго распараджэнні некалькі мяшкоў, якія вельмі хутка запаўняюцца гасцінцамі, таму Дзмітрый Базылевіч, вадзіцель па прафесіі, возіць за сабой саначкі.
Па меры магчымасці ўдзел у абрадзе прымаюць Вячаслаў Шаура, студэнт БНТУ, будучы інжынер-энергетык і студэнт акадэміі фізкультуры Руслан Рамашка — выканаўцы ролі “цароў”. Трэба адзначыць, што ў бягучым годзе калектыў каляднага абраду крыху зменіцца. Ён будзе складацца ўжо з двух саставаў — дарослых і моладзі.
З наступленнем цемнаты калядныя “Цары” бяруць у рукі падпаленыя факелы, на святло якіх выходзіць уся вёска, каб разам адсвяткаваць Шчодры вечар. І так з года ў год і не адно стагоддзе…
Таццяна БОХАН
НА ЗДЫМКАХ: 1. Д. Козел; 2. Г. Ціманаў; 3.М. Стасевіч; 4. С. Гаўрыловіч; 5. А. Парчанаў; 6. В. Сянюк; 7. Я. Лук’янаў; 8. Д. Пяцігорац; 9. А. Шацілін.
Фота аўтара
Комментарии