Адны славілі скрыпку, другія — цымбалы. А Янка-дудар усёй душой быў адданы дудцы. Тры дні і тры ночы прымала наша зямля народных умельцаў з усяго свету. Доўга ігралі яны, добра ігралі. А калі закончылі, дастаў Янка з-за пояса дудку і зайграў. Спачатку сціх шум, пасля замерла ўсё наваколле, сцішыўся вецер, перасталі плыць у небе хмары. І скарыліся тады ўсе перад чароўнай сілаю гэтага просценькага музычнага інструмента. Чароўныя дудачкі капыльскіх музыкантаў і сёння дораць людзям радасць і ўцеху. І вельмі прыемна, што музычныя традыцыі жывуць і развіваюцца, а майстэрства перадаецца маладым.
Наш зямляк —
Пратасевіч Вячаслаў Сцяпанавіч, лаўрэат першага Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных, узнагароджаны залатым медалём ВДНГ, майстар музычных інструментаў — нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Роспы. 30 красавіка спаўняецца 110 гадоў з дня яго нараджэння. Як удзельнік партызанскага руху, ён меў сярод іншых узнагародаў медалі «Партызану Айчыннай вайны ІІ ступені» і «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» Ён увасобіў у сабе працавітасць, майстэрства, патрыятызм да сваёй сінявокай Беларусі. Любоў да музыкі яму прывіў дзед, былы капельмайстар царскай арміі Іван Пратасевіч.
А Вячаслаў Сцяпанавіч у сваю чаргу вырасціў некалькі пакаленняў музыкаў. Першую сваю дудачку ён змайстраваў з моцнай сцяблінкі, што расла сярод поля калгаса «Чырвоныя Роспы», дзе паднялося высокае жыта. Гэта было ў першую пасляваенную вясну. На гэтай дудачцы ён тады і выканаў папулярную «Кацюшу». дзе толькі не ігралі дудачкі і жалейкі майстра. Слухалі іх чароўнае гучанне ў Токіа, Лондане, Рыме, Афінах. Артысты фальклорнага ансамбля «Харошкі» ігралі на розных народных інструментах, зробленых Пратасевічам. І сам выступаў у Маскве. Колькі грамат, дыпломаў ён меў! Але гэта ўсё было ў мірны час, пасля вайны. Да вайны ён асвоіў кавальскую справу, мог адрамантаваць гадзіннікі і швейныя машыны. Кажуць, да вайны народны ўмельца змайстраваў драўляны гадзіннік, які працаваў на вадзе. У час ваеннага ліхалецця Роспы былі ў партызанскай зоне, і веды кавальства Вячаславу вельмі спатрэбіліся. Майстар суткамі напралёт займаўся рамонтам зброі. А пасля вайны рэзаў аўтаматы ды вінтоўкі на кавалкі і гаспадыням майстраваў сярпы, розны посуд. Але галоўным заняткам заставаліся музычныя інструменты: жалейкі, дудкі-рагаткі, скрыпкі, цымбалы, валынкі…
У 1950 годзе Пратасевіч стаў лаўрэатам раённага конкурсу самадзейных артыстаў. Толькі ён ведаў, якія дрэвы неабходны для таго ці іншага музычнага інструмента, якія пароды драўніны маюць прывабны колер, як правільна зрэзаць саломінку. Ці паверыце вы, што нават такая атрута, як баршчэўнік, загучала ў руках самабытнага майстра? Усю краіну скалясіў ён у пошуках патрэбных дрэў. Кажуць, міністр культуры даў яму дазвол на пошук каштоўных парод дрэў для вырабу інструментаў. Не кідаў Вячаслаў Сцяпанавіч свайго захаплення, якое стала яго прызваннем, ні ва Уздзе, куды пераехаў у 1961 годзе, ні ў Калодзішчах, дзе жыў з 1973 года. Там яго хата была падобна і да майстэрні, і да музея і служыла пакоем для навучання дзяцей. Яго жыццё было напоўнена сэнсам, ён тварыў і ў дадатак працаваў майстрам па рамонце і настройцы музычных інструментаў у Белдзяржфілармоніі. Узні-каюць пытанні: адкуль у каваля такая любоў да музыкі, чаму яму, чалавеку без музычнай граматы, падуладны складаныя інструменты? Вячаслаў шмат якія з іх падарыў самадзейным артыстам, аматарам музыкі, прафесійным выканаўцам, музычным школам, калекцыянерам, музеям. Майстар распавядаў, што
Жакоб Клод з бельгійскай філармоніі прасіў выслаць камплект цымбалаў, ліраў з запаснымі дэталямі. Ён, мабыць, думаў, што ў нашага земляка цэлая майстэрня. Але з задавальненнем майстар выслаў для дзяцей з інтэрната г. Заазёрны Краснаярскага края дуды, жалейкі, ражкі, каб гучалі задушэўныя мелодыі.
Вось і ў нашага музея ёсць такая магчымасць — пазнаёміць капылян з майстэрствам земляка. Некалі нам выпала магчымасць пабываць у яго хаце-музеі ў Калодзішчах і прывезці музычнае багацце, падоранае майстрам сваёй малой радзіме — Капылю. Яны складаюць аснову экспазіцыі. Але, пабыўшы ў нас, вы даведаецеся і пра іншых народных умельцаў.
Добрая слава ідзе і пра ансамбль «Капыльскія дудары». Тамара Курачкіна, былы дырэктар Капыльскага дома культуры, некалі сказала пра дудароў: «Гэта будзе наш каронны нумар!» І яе словы спраўдзіліся. Чароўныя дудачкі капыльскіх музыкантаў дораць людзям радасць. У іх шчырай, задушэўнай мелодыі цесна спалучаюцца пералівы крыштальна чыстага ручая, шэпт спелага жыта, цеплыня і пяшчота мацярынскай ласкі. Умелымі рукамі таленавітага майстра і музыканта капыляніна
А. Еўдакімава розныя пароды дрэў ператвараліся ў дудкі (якая таленавітая ты, капыльская зямля!), што чаравалі сваімі гукамі слых і сэрцы людзей не толькі родных мясцін, але і блізкага замежжа. «Капыльскія дудары» па праве лічацца прадаўжальнікамі музычных традыцый на Капыльшчыне. Завітайце да нас у красавіку, дакраніцеся рукой да дудкі, скрыпкі, бубна (тут і падарункі
А. Русака, паэта–песенніка і музыкі), і вы пачуеце чароўную ігру нашых славутых дудароў. «Каб слухаць музыку, а тым больш іграць на інструменце, трэба мець душу, — любіў паўтараць Вячаслаў Пратасевіч. — А каб душа была нястомнай, трэба, каб яна жыла ў згодзе з матухнай-прыродай, з самім жыццем. Галоўнае — не давайце спакою душы сваёй».
Днямі спаўняецца 110 год з дня нараджэння майстра музычных інструментаў Вячаслава Пратасевіча
Валянціна ШУРАКОВА, дырэктар раённага краязнаўчага музея
Комментарии