Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

Как живет в деревне Велешино ІІ Алёна Ратынская

21.04.2023
Асабісты роздум Кажуць, што ўсе мы родам з дзяцінства. Але хацелася б удакладніць: з дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы. Згадзіцеся, у большасці з нас карані паходзяць менавіта з іх, беларускіх вёсачак, дзе жылі калі не мы і нашы бацькі, то, напэўна ж, нашы бабулі і дзядулі. Час хутка ўносіць змяны ў сучасны свет, чалавек імкнецца быць бліжэй да здабыткаў цывілізацыі, шукае больш камфортных умоў для жыцця. І ўсё часцей яго дарога ляжыць у горад, які дае зусім іншыя магчымасці. А вёскі пусцеюць, развітваюцца са сваімі жыхарамі. забітымі крыж-накрыж вокнамі дамоў, як нямым папрокам, яны сустракаюць выпадковых гасцей. Колькі такіх вёсак, дзе ўжо практычна не чуваць дзіцячага смеху і шуму тэхнікі, дзе жыццё ідзе зусім у іншым тэмпе, у цішыні, якая запрашае задумацца аб вечнасці. Трэба прызнаць, што і на старонках нашай газеты мы больш увагі надаём людзям і падзеям з райцэнтра і буйных аграгарадкоў, у якіх жыццё, як кажуць, «кіпіць». А маленькія вёсачкі, дзе зусім нямнога жыхароў, часта застаюцца сам-насам са сваім жыццём, са сваімі радасцямі і праблемамі. Менавіта пра іх наш новы праект «Вандроўка ў глыбінку», які мы пачынаем з Вялешына ІІ Слабада-Кучынскага сельсавета. На шляху гісторыі Перш чым ехаць у вёску, паспрабавалі знайсці некаторыя звесткі пра яе ў энцыклапедыях, інтэрнэце, краязнаўцаў. Назву Вялешына ІІ, ці Вялешына Малое, атрымала паводле легенды ад Вялешына Вялікага. Населеныя пункты ўзніклі пасля падзення падчас страшэннага ўрагану вялікай колькасці дрэў алешыны, дзе большай, а дзе меншай. Называлі яшчэ Вялешына Паненскае у гонар дачок адстаўнога маёра, які атрымаў у ХІХ стагоддзі гэтыя землі за службу ў царскай арміі. Паселішча размясцілася на поўнач ад ракі Выня. Побач з вёскай у лесе знаходзяцца магільныя курганы, вядомыя са старажытнасці. Іх налічваецца болей чым 50. Па аповедах старажыла Івана Шатыкі,  пры раскопках   была знойдзена кальчуга, якую павесілі на дрэва і параўналі з  ростам чалавека. Аказалася, што старажытныя воіны мелі рост да 2 метраў. Па архіўных звестках, вёска Вялешына ІІ на пачатку ХІХ ст. уваходзіла ў склад Цялядавіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні. У час Вялікай Айчыннай вайны была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1960 г. налічвала 116 жыхароў. У 1997 г. у вёсцы мелася 21 гаспадарка, 34 жыхары, яна ўваходзіла ў саўгас «Крыніца». У 2010 г. тут налічвалася 10 гаспадарак з 12 жыхарамі. Мясцовыя знакамітасці Вялешына ІІ, па словах мясцовага краязнаўцы Барыса Дзенісюка, славіцца сваімі ўраджэнцамі. Сярод іх — брыгадзір амаль з 40-гадовым стажам у саўгасе «Крыніца», кавалер ордэна Працоўнай Славы, узнагароджаны медалямі, Гурыновіч Аляксандр Аляксандравіч, яго сын, былы кіраўнік спраў Мінаблвыканкама Уладзімір Аляксандравіч, цяпер жа старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў. Тут жа нарадзіўся Валога Антон Раманавіч – франтавік-санінструктар Першага Беларускага фронту. У час вайны ён выратаваў будучага Героя Савецкага Саюза Мармулёва Міхаіла, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалём «За адвагу». У вёсцы таксама нарадзіўся вядомы ўрач Анатолій Грачуха. Сёння ў Вялешыне афіцыйна зарэгістраваны толькі адзін мясцовы жыхар. Алена Міхайлаўна Ратынская жыве тут пастаянна, круглы год. Астатнія ж яе суседзі і аднавяскоўцы з’яўляюцца сюды на пабыўку ў цёплую пару года. Менавіта да яе мы і зазірнулі ў госці. Сучаснасць. Крыху сумная Алене Міхайлаўне мінула 85 гадоў. Вядома, такі паважаны ўзрост кладзе свой адбітак на здароўе, і ім з кожным годам усё цяжэй становіцца абслугоўваць сябе і рабіць нешта па гаспадарцы. — Я вось пакуль больш-менш хаджу, — гаворыць наша гераіня, — вады прынясу, катоў пакармлю, у хаце крыху прыбяру. А ў ранейшыя часы на нашым падворку былі і каровы, і свінні, і авечкі, і пчолы. Са сваім мужам Леанідам Іосіфавічам разам пражылі 55 гадоў, вось ужо 13 — яна адна. Як кажа гаспадыня, прызвычаілася ўжо да такога жыцця. Дзеці і ўнукі — госці на кожныя выхадныя, а то і сярод тыдня. Асабліва сын Анатоль і нявестка Наталля, якія нядаўна пераехалі з Мінска ў Русакі. З Баранавіч наведваецца дачка Святлана з сям’ёй, а з Мінска — Жанна са сваімі блізкімі. Весела і шумна бывае ў доме Ратынскіх, калі збіраюцца малодшыя прадстаўнікі сямейства — пяцёра ўнукаў і дзевяць праўнукаў. Адразу ж успамінаецца бесклапотная маладосць, калі не толькі на гаспадарцы працавалі (муж быў нарыхтоўшчыкам у райзагу, а жонка шчыравала ў паляводстве), але і час для адпачынку знаходзілі. Леанід Іосіфавіч добра іграў на гармоніку, яго сусед Доўнар — на скрыпцы. Толькі выйдуць на сяло — вечарынка і гатова. [caption id="attachment_128510" align="alignnone" width="840"] Вось такі акуратны фасад дома Алены Ратынскай[/caption] Алена Міхайлаўна  адзначае, што не жадалі з’язджаць з родных мясцін. — Не хацелася нікуды, тут было найлепей, спакайней. Людзей у саўгасе ў той час было многа, — кажа жанчына, — бульбу пойдзем капаць — мо 15 кабет толькі з нашага сяла. Цяжка працавалі, але маладыя былі, здаровыя, цяпер як падумаеш, дык страшна становіцца, колькі ўсяго адолелі. — А як жывецца ў вёсцы, дзе зімой толькі адзін жыхар? — пытаюся ў жанчыны. — Ды нармальна жывецца, прывыкла  ўжо. Па панядзелках і чацвяргах пад самую хату прыязджае аўталаўка, пошту таксама прывозяць, асабліва чакаю сераду і суботу, калі выходзіць у свет любімая раёнка. Тэлефон праведзены, калі што, адразу можна выклікаць медыцынскую дапамогу, пазваніць на ФАП да яго загадчыцы Марыны Шынкевіч, заказаць лекі, — расказвае Алена Міхайлаўна. — Жаданы госць у доме — сацыяльны работнік Раіса Ясючэня, якая наведвае мяне па графіку. Непакоіцца маім жыццём і старшыня Слабада-Кучынскага сельвыканкама Нэлі Гусева. Ды і дзеці, і ўнукі, як ужо казала, часта бываюць. Так што, сумаваць не даводзіцца. Выйшлі з прадстаўнікамі сельвыканкама і сацыяльнай службы на вуліцу, і яны правялі невялікую экскурсію па Вялешыне ІІ, паказалі дамы, успомнілі, як калісьці тут было шумна. [caption id="attachment_128508" align="alignnone" width="840"] Нэлі Гусева, Алена Ратынская, Марына Шынкевіч і Раіса Ясючэня абмяркоўваюць вясковыя навіны[/caption] Мы прайшліся ціхай апусцелай вуліцай. Вядома, шкада, што жыхароў ужо няма, але адчування, што вёска памірае, у мяне таксама не засталося. Калі глядзеў на адноўленыя і добраўпарадкаваныя дамы дачнікаў ці нашчадкаў былых вяскоўцаў, склалася ўражанне, што людзі з цягам часу сюды яшчэ вернуцца, прычым, не толькі на летні сезон. Так як вяртаюцца ў Вялешына буслы на спрадвечныя буслянкі ці лебедзі на р. Выня. Сяргей КОЗЕЛ

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей