Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

46

Непростая судьба Александра Лиходиевского из д. Леневичи

26.04.2023
Ад трагічных падзей Чарнобыльскай катастрофы нас аддзяляюць 37 гадоў. Сярод тых, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў адной з самых цяжкіх тэхналагічных аварый у сусветнай гісторыі, быў і наш зямляк Аляксандр Іосіфавіч Ліхадзіеўскі з вёскі Ленявічы. Лёс наканаваў яму толькі 49 гадоў жыцця. Аднак аб тым, што зробіць вялікі ўклад у захаванне здароўя і жыцця будучых пакаленняў, Ліхадзіеўскі сам ніколі не здагадваўся. Адяксандр Іосіфавіч нарадзіўся і гадаваўся ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацькі Іосіф Антонавіч і Антаніна Рыгораўна працавалі на зямлі, з любоўю адносіліся да карміцелькі, вучылі і траіх сваіх дзяцей: старэйшую дачку Ганну, сярэдняга сына Аляксандра і малодшую Таццяну. Сашка не цураўся ніякай працы. З дзяцінства ўмеў саджаць і палоць агарод, выбіраць тое, што на ім вырасла. Пад-рос і добра ўпраўляўся з канём, дапамагаў бацькам выконваць розныя работы ў паляводчай брыгадзе: разганяць плугам бульбу і звозіць яе ў бурты, рваць і слаць лён, скірдаваць сена і салому, раскідваць уручную мінеральныя ўгнаенні. Таму пасля заканчэння Ленявіцкай васьмігодкі застаўся працаваць у родным саўгасе «Крыніца». Служба ў арміі яшчэ больш загартавала характар, умацавала жыццёвыя прыярытэты. Член ВЛКСМ, разраднік па лыжах, добразычлівы, адкрыты, Аляксандр лёгка знаходзіў кантакт з саслужыўцамі, дысцыплінаваны воін бездакорна выконваў загады камандавання, ад якога бацькі атрымлівалі толькі падзякі. Пасля выканання свайго канстытуцыйнага абавязку вярнуўся ў родную вёску, скончыў курсы ў ДТСААФ. Крыху папрацаваў у Капыльскай аўтабазе і вярнуўся дамоў. Вадзіцель на вёсцы –  работа, да якой трэба адносіцца з вялікай адказнасцю, асабліва, калі перавозіш людзей. Менавіта гэта прафесія дапамагла сустрэць сваю адзіную і каханую Ніну Вячаславаўну Барташэвіч з вёскі Чарнічнае. Пазнаёміліся маладыя ў час святкавання Дня Перамогі. З 1974 года пачалося іх шчаслівае сямейнае жыццё. Усё ў іх ішло добра: мелі ўласны дом, сыны Віталій і Уладзімір раслі здаровымі, работа ладзілася. Хадзілі ў госці і самі прымалі гасцей. [caption id="attachment_128497" align="alignnone" width="700"] Аляксандр з жонкай Нінай, в. Ленявічы, 1974 г.[/caption] Разам з гэтым прыйшлі і першыя выпрабаванні. Ваеннаабавязаны Ліхадзіеўскі быў прызваны з запасу, атрымаўшы павестку з ваенкамата ў чэрвені 1987-га. У той час яму споўнілася 38 гадоў, а сынам па 12 і 7 адпаведна. Жонка праважала яго да Мінска. Цікава тое, што ў касе не было білетаў на аўтобус да Краснаполля Магілёўскай вобласці. Разам хваляваліся, што Аляксандр у тэрмін не прыбудзе да месца камандзіроўкі ў в/ч 52751. Гэта быў сапраўдны патрыёт і грамадзянін, які перажываў за даручаную справу. Дапамог зямляк Мікалай Русаковіч (дырэктар аўтавакзала), які знайшоў яму месца ў транспарце. Па прыездзе выдалі новую ваенную форму і правялі інструктаж. Жылі ў палатачным лагеры. Кармілі вельмі добра. Працавалі ў 30-кіламетровай зоне ад рэактара. А па другі бок – хадзілі камбайны і ўбіралі ўраджай. Кожны дзень ліквідатары атрымлівалі заданне: ачыстка лясоў, апрацоўка глебы, вываз грунту, знішчэнне і пахаванне забруджаных будынкаў, падвоз вады і інш. Стаялі мёртвыя сасновыя лясы, якія атрымалі вялікую дозу рэнтгенаўскіх промняў. Уражвалі палі, зарослыя быльнягом вышэй за чалавечы рост, могілкі амаль новай аўтамабільнай тэхнікі.  Жудасным было і тое, што ў закінутых вёсках бадзялася здзічэлая хатняя жывёла. Спякотным летам загаралася сухая трава, а часцінкі радыяцыі ўздымаліся высока ў паветра. У людзей не было ахоўнага абмундзіравання, каб забяспечыць адэкватную абарону. А многія да радыяцыі ставіліся несур'ёзна, не разумелі, што побач адбываецца. Страху не было. Магчыма, гэта праз тое, што «ворага» ніхто не бачыў, не адчуваў. Інфармацыя аб радыяцыйнай небяспецы была невядомая ці не распаўсюджвалася, мабыць, і ўтойвалася. Ніхто не скардзіўся на цяжар ці небяспеку. Усе выконвалі свой абавязак сумленна. Кожны ўносіў часцінку сваёй душы ў агульную справу будучыні, часам не задумваючыся аб наступствах. [caption id="attachment_128496" align="alignnone" width="840"] У час камандзіроўкі, жнівень 1987 г.[/caption] Восенню прыехаў у Мінск, каб атрымаць нейкае абсталяванне.  Дазволілі на суткі наведацца дамоў. Абдымаючы любых жонку і дзетак, адчуваў, што з ім нешта робіцца. Пасля вяртання праз чатыры месяцы адразу пачаліся праблемы са здароўем. Арганізм моцнага чалавека пачаў даваць збоі. Сэрца балела, здавалася, што вырываецца з грудзей. Рукі на сонцы калола, моцна  ламала суставы. Аднавяскоўцы заўважылі, што іх зямляк распаўнеў. Раней быў жыццярадасным, а цяпер зрабіўся сумным, зніклі добры настрой і былы спрыт. Вадзіцелем працаваць не змог, перайшоў слесарам на жывёлагадоўчую ферму. Пры пагрузцы сенажу здарыўся інсульт, паралізавала правы бок цела, але затым крыху адпусціла. Да апошняга змагаўся за жыццё. Аляксандр звяртаўся ва ўчастковую і раённую бальніцы. Урачы адпраўлялі яго адзін да другога: не маглі паставіць дыягназ. Сястра Таццяна дабілася ўладкавання на лячэнне ў бальніцу хуткай дапамогі ў Мінску. Вядомы прафесар вынес свой вердыкт: «Ты больш не работнік!» А загадчык аддзялення ціха шапнула жонцы: «Ён і не жылец!» Пэўны час Аляксандр Іосіфавіч  абіваў парогі чыноўнікаў, дабіваючыся таго, што хваробы атрымаў пры ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС.  Праз чатыры гады пасля вяртання з камандзіроўкі атрымаў пасведчанне ліквідатара, і толькі ў сакавіку 1998 года прызналі яго інваліднасць. У кастрычніку таго ж года добрага чалавека не стала. Яму так хацелася панянчыць унукаў, убачыць, як яны робяць першыя крокі, парадавацца іх поспехам. Старэйшага назвалі ў гонар дзядулі (працуе ў МНС), Руслан – майстар ЖКХ, Анастасія  і Кацярына – будучыя педагог і фельчар. Сёння яны ганарацца сваім родным чалавекам, а ў сямейным архіве захоўваюцца шматлікія фотаздымкі, дакументы і медаль ліквідатара наступстваў ЧАЭС. А наш галоўны абавязак – услаўляць імёны такіх людзей, як Аляксандр Ліхадзіеўскі, выказваючы падзяку за выратаванне. Барыс Дзенісюк, член  ГА «Беларускі саюз журналістаў»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей