Працоўны дэсант высадзіўся ў сядзібна-паркавым комплексе в. Какорычы.
Каля двух дзясяткаў валанцёраў пабывалі ў снежні б. г. у в. Какорычы, дзе знаходзіцца сядзібна-паркавы комплекс Пашкевічаў. У задачу працоўнага дэсанту ўваходзіла навядзенне парадку на тэрыторыі гэтага помніка гісторыі.
Сядзібна-паркавы комплекс вёскі Какорычы адносіцца да другой паловы ХІХ ст. Спачатку маёнтак належаў Радзівілам, а апошнімі яго ўладальнікамі былі Пашкевічы. Уключаў у сябе драўляны сядзібны дом, уязную браму з алеяй, вадаёмы, пейзажны парк, размешчаны вакол параднага двара, разнастайныя гаспадарчыя пабудовы, на схілах – сад.
Цяпер гаспадарчыя пабудовы часткова перабудаваны. Аднаэтажныя сцены зложаны з валуноў, ёсць новыя прыбудовы. На сёння захаваліся парк, сад, вадаёмы, гаспадарчыя пабудовы і брама. Сядзіба знаходзіцца на балансе ААТ “Капыльскае”, якое з’яўляецца яе ўладальнікам.
Тры гады таму райкам ГА «БРСМ» на працягу тыдня пры садзейнічанні адміністрацыі раёна, гаспадаркі правёў маштабную ачыстку тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу. Дружна працавалі на выкарчоўванні дрэў, высечцы непатрэбнага кустоўя вакол захаваных пабудоў дзясяткі валанцёраў з навучальных устаноў раёна, працоўная моладзь.
Ужо сёлета члены ГА «БРСМ» наводзілі парадак у парку: зграбалі лісце, прыбіралі смецце, галіны і дрэвы, што валяліся на зямлі. У выніку тэрыторыя парку стала больш прывабнай і чыстай. Бясспрэчна, каб сядзібна-паркавы комплекс меў дастойны выгляд, неабходна пастаянна праводзіць работу па яго добраўпарадкаванні. Як і належыць сядзібе, унесенай у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии