Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

38

Житель Копыльщины Андрей Скрыган пережил ужасы немецкого лагеря

11.04.2023
Вайна скалечыла і перакрэсліла лёсы мільёнаў людзей.  Сярод тых, хто прайшоў лагернае пекла, быў і наш зямляк з вёскі Карзуны – Андрэй Сяргеевіч СКРЫГАН. Малады салдат прайшоў трохгадовыя пакуты, калі адзін раз у суткі давалі чарпак баланды з шалупіння проса, увесь час цкавалі аўчаркамі, збівалі гумавымі палкамі. Нарадзіўся ён у вёсцы Пукава Капыльскага раёна ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Бацькі яго былі малапісьменныя, але ўсяляк падтрымлівалі імкненне сваіх дзяцей да вучобы. Таму Андрэй пасля заканчэння сямігодкі паступіў у Слуцкае педвучылішча. Праз год навучання захварэў і вымушаны быў вярнуцца дамоў. Ваеннымі шляхамі Прызваны на ваенную службу ў 1940 годзе. Баявое хрышчэнне дваццацігадовы чырвонаармеец атрымаў пада Львовам у складзе 6-й арміі 8-й танкавай дывізіі 8-га батальёна сувязі. З  гарышчаў хат, купалоў цэркваў стралялі па чырвона- армейцах украінскія нацыяналісты і былыя польскія вайскоўцы. На ўскраіне горада Андрэй ледзьве не загінуў: куля трапіла ў галаву, але зрыкашэціла ад каскі. Цяжкія баі разгарнуліся пад Валчанскам. Снарады варожай артылерыі білі бесперапынна, побач разрывала людзей на кавалкі. Жыццё адлічвалася хвілінамі і секундамі. Франтавыя дарогі праходзілі праз Варашылаваградскую, Кіраваградскую, Жытомірскую, Вінніцкую і Кіеўскую вобласці.  Запомнілася салдату зіма 1942 года, змагаліся тады на Харкаўскім накірунку. Ужо вопытны воін санітарна-медыцынскага ўзводу 130-й танкавай брыгады, Андрэй Скрыган, рызыкуючы жыццём, эвакуіруе параненых з перадавой. Прыйшлі і першыя поспехі: Чырвоная Армія вызваліла  многія населеныя пункты. У маі пачалося контранаступленне, якое было правальным. Два тыдні ў акружэнні.  25 мая, змучаныя і знясіленыя, без ежы, лекаў і боепрыпасаў, паспрабавалі выйсці з варожага кальца. Ішлі ўсю дарогу галодныя і стомленыя. У вёсках – немцы. Туды  нельга заходзіць – схопяць адразу. Злавілі коней і разам з разведчыкамі рушылі на прарыў. Немцы адкрылі артылейрыйска-мінамётны агонь. Снарад упаў побач з канём і не разарваўся. Спалоханая жывёла тузанулася ўбок і скінула Андрэя, а нага яго засталася ў стрэмені. Андрэй атрымаў расцяжэнне сухажылляў, моцна кульгаў і не мог хадзіць. Другая спроба прарыву таксама не ўдалася: быў паранены асколкам у галаву (шрам застаўся на ўсё жыццё), зваліўся ў акоп. [caption id="attachment_127721" align="alignnone" width="500"] Андрэй Скрыган, красавік 1941 г., г. Львоў[/caption] Лагерныя пакуты Там і трапіў ў палон. Ваеннапалонных прыгналі ў вёску Таранаўку. У наступную ноч пайшоў моцны дождж. З сябрамі  ўцяклі, але на другія суткі іх злавіла мясцовая ўкраінская паліцыя і адправіла ў лагер на станцыю Смелавічы. Праз некалькі тыдняў зняволеных загналі ў таварныя вагоны і адвезлі ў г. Кельце ў Польшчы. Гэта быў лагер строгага рэжыму, акружаны ў два рады калючым дротам вышынёй тры метры, паміж якімі ляжалі звітыя клубкі калючага дроту. Кожны барак таксама абнесены дротам. Звонку па баках хадзіла варта з аўчаркамі, па вуглах стаялі вышкі з кулямётамі і пражэктарамі. Восенню ў лагеры з’віліся галаварэзы з СС. Вывелі ўсіх на свабодную тэрыторыю, загадалі зняць адзенне, а вокал паставілі кулямёты. Мабыць, хацелі расстраляць. На шчасце, з горада паспеў прыехаць афіцэр і адмяніў расстрэл. Пасля адправілі ў Германію ў г. Нюрнберг. З раніцы да ночы палонных трымалі на двары. Каб сагрэцца, хаваліся ў туалеты, але ахова адразу прыбягала з палкамі і цкавала аўчаркамі. Білі, куды патрапяць. Каго адразу забівалі, а хто – гінуў у таўкатні. Прымушалі хадзіць гусіным крокам. У цагляны барак пускалі толькі на ноч. Нары голыя, і моцна хацелася есці. З адзення – толькі адна гімнасцёрка, якую нацягвалі на галаву, дыхалі і гэтак грэліся. Як ратаваліся ад холаду? Збіваліся ўсе разам, нібы ў пчаліны рой, і хадзілі па крузе. З сярэдзіны, хто сагрэўся, выходзілі на край, а з краю – рухаліся ў сярэдзіну. Маразы тады лютавалі страшэнныя.  Многія вязні ў паношаным адзенні проста пазамярзалі. Затым Андрэй быў адпраўлены ў Саксонію (г. Ашацт) у рабочую каманду. Стала крыху лягчэй.  Трапіў добры канваір, які дазваляў што-небудзь узяць з буртоў на станцыі (бульбу, буракі, моркву), паведамяў  звесткі з фронту. Так ў лютым 1943-га даведаліся, што нашы разбілі немцаў пад Сталінградам. Таксама польскія і французскія рабочыя перадавалі паведамленні Савінфармбюро. Але гэта было нядоўга. Зноў павезлі ў Польшчу. Побач – крэматорый, дзе спальвалі нашых ваеннапалонных. Вагонны састаў загналі ў тупік, мабыць, чакалі нейкага загаду. Пашанцавала, падышоў паравоз, і шлях лёг у лагер горада Заган. Там усім нанеслі кляймо – нумар, як жывёле, і размеркавалі па шахтах. Ішоў ужо 1944 год. Андрэй так знясілеў, што з некалькімі сябрамі яго адправілі ў каманду на папаўненне, у якой было 400 чалавек. Працавалі на металургічным заводзе г. Гіндэнбурга. Трапіў ў группу з сямі чалавек, вучылі на электра-зваршчыкаў.  Прымусілі варыць вадасцёкавыя трубы, а затым – каляскі. Зразумелі, што гэта пойдзе недзе на мора для ваенных патрэбаў. Разам са старшыной з Феадосіі непрыкметна пачалі ў вуглах калясак прапальваць дзіркі. Брак заўважылі, і ўсю сямёрку закрылі ў будынку без вокнаў і з жалезнымі дзвярамі. Паляк, рабочы з грамадзянскіх, шапнуў, што на групу «шкоднікаў» каменданту лагера пададзены рапарт і што за сабатаж могуць павесіць на браме ля ўваходу на завод. Моцна катавалі. Падлога плыла з-пад ног, страчваў прытомнасць, аблівалі сцю-дзёнай вадой, але нічога не дабіліся. Камендант  пакаранне смерцю адмяніў. І на гэты раз пашанцавала. 25 студзеня 1945 года разам са сваім напарнікам вырашыў уцякаць. Фронт быў ужо блізка – 12 кіламетраў, так казалі палякі.  Моцныя марозы і многа снегу было. Дахадзягі не елі некалькі дзён. Прабраліся да лесу – і Андрэй страціў прытомнасць, а яшчэ скінулася драўляная калодка, якую на распухлую нагу не змог нацягнуць.  Прыклаўшы ўсе намаганні,  выйшлі да польскай вёскі. Мясцовыя жыхары накармілі, але заставацца не было як, і яны рушылі да фронту. Праз некалькі кіламетраў іх схапіў  вайсковы патруль. Пакуль трымалі ў хляве, старшына-сябар уцёк, бо быў мацнейшы. Да яго прывялі двух нашых уцекачоў і адправілі ў г. Рацібор у гестапа. Адтуль праз тры дні адканваіравалі ў турму, дзе вырашылі, што перад імі – ваенны камісар, і аб’явілі: «Раніцай – на расстрэл!». Рукі не працавалі, нага пачырванела, яшчэ больш апухла, ішло нагнаенне. Многа перадумаў за гэту ноч: у вачах стаяла родная вёска, бацька, маці, сястра. Надзея на вызваленне хоць і згасла, але ж усё-такі цеплілася, крышачку сагравала сэрца. На досвітку пачулася артылерыйская кананада і пачаўся налёт нашай авіяцыі. Турэмная ахова разбеглася. Камеру нехта адкрыў. Андрэй на каленях выпаўз на калідор і ўбачыў іншаземцаў, якія размаўлялі на англійскай і сербскай мовах, страціў прытомнасць. Падхапілі яго, вынеслі на фурманку, на якой трапіў у Чэхаславакію ў партызанскі шпіталь.  Лячылі нашы ўрачы – былыя палонныя. Ампуціравалі пальцы на левай назе – стала лягчэй. Медыкі ратавалі рукі. Гэта было ў г. Фалькенау, які 7 мая 1945 года вызвалілі амерыканскія войскі. [caption id="attachment_127723" align="alignnone" width="600"] На грудзях - ордэны і медалі, а ў грудзях – востры боль... 1988 г.[/caption] Пасля перамогі Дзень Перамогі сустрэў на мыліцах. Праз некаторы час перавезлі ў г. Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), дзе знаходзіліся нашы вайскоўцы. Лячыўся ў медсанбаце. Спачатку кінуў  мыліцы, а затым і палку.  Пасля выздараўлення вярнуўся ў дзеючую армію, быў прызначаны на пасаду камандзіра роты будаўнічага батальёна. Праз два гады – звольнены са службы. Вярнуўся з вайны Андрэй Сяргеевіч Скрыган з падарваным здароўем і з параненай душой 12 студзеня 1947 года. Пасля шасці гадоў расстання пераступіў парог роднай хаты. Бацькі казалі, што прыйшоў з таго свету.  А ён проста радаваўся, што жывы, што няма большага шчасця, як вярнуцца дамоў. Не перадаць словамі – гэта перажыць трэба: сэрцам збалелым, трывогай адчуць! Хутка ажаніўся. Пераехаў у вёску Карзуны. Працаваў  у брыгадзе, затым на поште, выступаў на мітынгах падчас святочных мерапрыемстваў. Прадметам асаблівага яго гонару, і разам з тым болю, быў сын Станіслаў, які трагічна загінуў у маладым узросце. Гэта няшчасце, якое ён і не змог перанесці, канчаткова падарвала здароўе. Пакуль былі сілы, наведваў родную школу,  дзяліўся ўспамінамі з навучэнцамі і педагогамі, заўсёды плакаў. Усё астатняе жыццё болем у сэрцы адгукалася вайна, успамінам пра якую былі ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені, медаль «За перамогу над Германіяй у 1941 – 1945 гг.», юбілейныя ўзнагароды.  Не стала ветэрана і вязня фашызму ў 1996 годзе. Ён сумленна пражыў нялёгкае, наканавае лёсам жыццё, не згубіўшы чалавечнасці і дабрыні. Барыс ДЗЕНІСЮК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей