96
Вялікдзень: сімвалы і звычаі
09.04.2023
Вялікдзень — гэта свята пераходу ад няволі смерці да свабоды вечнага жыцця, свята аднаўлення ўсяго стварэння ў Езусе Хрысце. Вялікдзень таксама называюць Пасхай, што з яўрэйскай мовы азначае пераход.
Свята Вялікадня ўзяло свой пачатак ад яўрэйскай Пасхі, святкаванне якой было звязана з выйсцем выбранага народу з егіпецкай няволі ў абяцаную зямлю. Яўрэі святкавалі Пасху ў 14-ы дзень месяца Нісана. Менавіта тады і адбылася Хрыстова Пасха, пераход Езуса праз смерць да хвалы ўваскрасення. На Нікейскім Саборы ў 325 годзе было прынята, што Вялікдзень у Касцёле будзе адзначацца ў першую нядзелю пасля першага вясенняга паўналуння.
Чаму сімвал яйка
Адным з атрыбутаў велікодных дзён з’яўляецца фарбаванае (чырвонае) яйка. Паводле біблейскага падання, Марыя Магдалена прынесла ў падарунак рымскаму імператару Ціберыю чырвонае яйка як сімвал невіноўнасці Хрыста і сведчанне таго, што ўвесь свет адказны за Яго пралітую кроў. Першапачаткова яйкі фарбавалі ў чырвоны колер (крашанкі), пазней — размалёўвалі рознымі ўзорамі (пісанкі). Яшчэ адна прыкмета Вялікадня ў Беларусі — валачобніцтва. Гуртамі па 8-10 чалавек вяскоўцы абыходзілі хаты чале з «пачынальнікам». Апошні меў самую адказную місію — ён спяваў валачобную песню, якая магла мець да 150 радкоў. Астатнія — «падхватнічкі» — спявалі рэфрэн. У гурце абавязкова былі музыкі. Гаспадары шчыра адорвалі валачобнікаў пачастункамі. У сусветнай традыцыйнай культуры валачобныя песні захаваліся і зафіксаваны толькі ў беларусаў.
Благаслаўленне велікодных страваў
У кожнай сям’і раніцай у Вялікую суботу рыхтуюцца стравы да благаслаўлення. Хлеб нагадвае «хлеб жывы, які сышоў з нябёсаў», вяндліна ці велікодны баранак — на ўспамін пасхальнага баранчыка, а таксама яйка — сімвал новага жыцця, якое нясе ўваскрослы Хрыстос, і соль, якая ахоўвае нас ад сапсаванасці. Велікодны баранак сімвалізуе біблейскага пасхальнага баранка, які быў прадвесцем Хрыста, забітага і ўваскрослага, які сваёй крывёй збавіў свет ад вечнай смерці. На велікодны стол таксама пажадана падаць асвечаную соль, хрэн і перац, якія нагадваюць біблейскія горкія травы.
Велікодны сняданак у коле сям’і
Урачысты стол засцілаецца белым абрусам з залатой стужкай, на які ставяцца галінкі вярбы, асвечаныя яйкі, прарошчаная пшаніца ці буйміна, барвенак ці самшыт. Зеляніна сімвалізуе новае жыццё, атрыманае падчас святога хросту.
У цэнтры стала можа быць змешчаны сямейны пасхал, велікодны баранак і асвечаныя яйкі, хлеб і соль (т. зв. свянцонка). Таксама можна загадзя падрыхтаваць асвечаную ваду і крапідла.
Бацька запальвае сямейны пасхал і, уздымаючы яго, кажа:
— Сапраўды Хрыстос уваскрос. Аллелюя.
Усе адказваюць:
— Дзякуем Пану Богу. Аллелюя.
Потым бацька чытае ўрывак са Святога Пісання (Лк 24, 36-43): Чытанне з Евангелля паводле Лукі:
— Калі яны казалі пра гэта, сам Езус стаў сярод іх і сказаў ім: «Спакой вам!» Збянтэжаныя і напалоханыя, яны думалі, што бачаць духа. Але Ён сказаў ім: «Чаму разгубіліся, і чаму сумненні ўзніклі ў вашых сэрцах? Паглядзіце на Мае рукі і ногі: гэта Я. Дакраніцеся да Мяне і пераканайцеся: дух не мае цела і касцей; як бачыце, Я іх маю». Пасля гэтых слоў Ён паказаў ім рукі і ногі. А калі яны ад радасці яшчэ не верылі і дзівіліся, Ён сказаў ім: «Ці маеце тут што з’есці?» Яны падалі Яму кавалак печанай рыбы. Ён узяў і еў перад імі». Гэта Слова Божае.
Усе адказваюць:
— Хвала Табе, Хрыстос.
Працягвае далей:
— Няхай гэтая асвячаная вада нагадае нам нашае хроснае акунанне ў смерць і ўваскрасенне Хрыста і пакліканне да жыцця ў вольнасці Дзяцей Божых.
Бацька акрапляе асвечанай вадой усіх прысутных, увесь дом, двор і гаспадарчыя будынкі. Падчас акраплення можна заспяваць велікодную песню:
—Уладарка неба, узрадуйся, аллелюя, бо Той, Каго пад сэрцам насіла, аллелюя, уваскрос Ён, як казаў нам, аллелюя Богу за нас маліся, аллелюя.
Бацька віншуе з Вяліка-днем:
— Умілаваныя, вестка аб уваскрасенні Хрыста пера-мяніла апосталаў і напоўніла ўсіх вялікай радасцю. Гэтую радасць адчуваюць усе вучні Хрыста на працягу вякоў. Няхай пачуццё радасці напаўняе і нашыя сэрцы. Жадаю ўсім нам, каб Уваскрослы Хрыстос назаўсёды пасяліўся ў нашым доме, а Яго супакой — у нашых сэрцах. На знак нашай узаемнай добразычлівасці і любові, якая яднае нас у супольнасць, падзелімся святочным яйкам — сімвалам жыцця. Агорнем нашай малітвай увесь свет і будзем прасіць нашага Бога:
— Ойча наш...
Бацька працягвае:
— Божа, Твой Адзінародны Сын перамог смерць і адчыніў нам брамы вечнага жыцця, учыні, каб разам з Ім мы дасягнулі нябеснай гасціны ў Тваім Валадарстве. Які жывеш і Валадарыш на вякі вечныя.
Усе адказваюць:
— Амэн.
Бацька кожнаму падае кавалак асвечанага яйка, затым усе сядаюць за стол і з радасцю спажываюць велікодны пачастунак. Пасля снядання ўсе моляцца словамі:
— За гэты пачастунак, за ўсе Твае дабрадзействы і за пакліканне нас да вечнага жыцця праслаўляем Цябе, Божа, праз уваскрослага нашага Пана Езуса Хрыста, які з Табой жыве і валадарыць на вякі вечныя.
Поделиться
Комментарии