10 - 11 снежня прайшоў заключны этап раённых спартакіяд сярод сельскіх жыхароў, а таксама арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў горада.
Дзявяты від спаборніцтваў — настольны тэніс ці пінпонг — дапамог многім камандам значна палепшыць выніковае становішча ў табліцы агульнакаманднага заліку.
У сельскіх жыхароў за званне лепшых тэнісістаў змагаліся 13 каманд. Тут барацьба праходзіла ў два этапы. Першы — адборачны тур — адбыўся ў суботу. Яго прайшлі чатыры каманды, якія ўжо ў нядзелю сустрэліся ў фінальнай частцы. Трыа ААТ «Прагрэс-2010» (а менавіта два мужчыны і адна жанчына ўваходзілі ў склад каманды -
С. Л.) упэўнена перамагло ва ўсіх сустрэчах і па праве атрымала 20 заліковых ачкоў за першае месца. Гонар калектыву сельгаспрадпрыемства адстойвалі Уладзімір Лукашэвіч, Павел і Марыя Кандраценкі. На паўкрока ад перамогі спыніліся майстры пінпонгу ААТ «Мажа-Агра». У іх — другое месца (17 ачкоў). Трэцяе пасля перамогі над ААТ «Суворава-Агра» ўзялі аматары спорту з ААТ «Семежава». Трэба адзначыць, што вынікі гэтага віду спорту і паўплывалі ў пэўнай ступені на размеркаванне месц агульнага заліку спартакіяды.
Так, семежаўцы, выступаючы роўна на працягу ўсёй спартакіяды, сталі сёлета лідарамі сярод сельскіх жыхароў з агульнай сумай 124 ачкі (у мінулым годзе ў іх было толькі чацвёртае месца). Пераможца сезона 2010-га ААТ «Прагрэс-2010» апынуўся на другой прыступцы п’едэстала гонару (119). Страціла адну пазіцыю і каманда ААТ «Мажа-Агра», якая прайграла «сярэбранаму» прызёру ўсяго адно ачко. У іх — трэцяе месца. Хацелася б адзначыць і калектывы аматараў спорту з ААТ «Суворава-Агра» і «Піянер-Агра», якія наступалі на пяткі тройцы лідараў. У іх, адпаведна, 116 і 112 заліковых ачкоў.
У нядзельным турніры па тэнісе сярод гарадскіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў шанс атрымаць добрыя ачкі ў агульнакамандны залік былі значна вышэйшыя. Справа ў тым, што толькі чатыры каманды падалі заяўкі на ўдзел. Лёгка разабраліся з сапернікамі камунальнікі, не саступіўшы ніводнай партыі, і запісалі ў свой актыў 20 ачкоў. Перамогу ЖКГ прынеслі Іван Гадлеўскі, Раман Бандарык і Вікторыя Рудая. Каманда райвыканкама стала другой, а трыа з масласырзавода — трэцім.
У выніковай табліцы бясспрэчным лідарам, як і летась, стала каманда Капыльскай ЖКГ з агульнай сумай 147 ачкоў. Дарэчы, на кожны від гэты калектыў падаваў заяўкі і ніжэй за пятае месца ні ў адным не апускаўся. Другое месца ў капыльскіх медыкаў (92 ачкі). Трэцюю прыступку занялі супрацоўнікі РБУ.
Каманды-пераможцы атрымалі граматы і грашовыя прэміі ад аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму. А лідары агульнакаманднага заліку сярод гарадскіх і сельскіх аматараў спорту атрымаюць узнагароды ў пачатку 2012 года на злёце перадавікоў.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии