Вернікі каталіцкай канфесіі абавязкова ў Пальмовую нядзелю наведалі касцёл святых Пятра і Паўла, каб асвяціць галінкі вярбы, якім прыпісваюцца шматлікія магічна-аздараўленчыя ўласцівасці.
[caption id="attachment_127418" align="alignnone" width="840"]

Андрэй Калядка падчас асвячэння вярбы[/caption]
Пальмовая нядзеля (у мясцовай традыцыі — Вербная) — гэта дзень урачыстага ўваходу Езуса Хрыста ў Ерусалім, калі народ вітаў Яго і клаў пад ногі сваю вопратку і галінкі пальмы, усклікваючы: «Гасанна! Блаславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!». Паколькі на нашай тэрыторыі цяжка знайсці пальмы, у гэты дзень вернікі прыходзяць у храм з вярбою.
Касцёл святых Пятра і Паўла ў Капылі быў напоўнены вернікамі і прыхаджанамі. Яны сабраліся тут, каб сустрэць вялікае свята, пачуць ад пробашча парафіі Андрэя Калядкі словы прывітання і блаславення. Асвячоныя галінкі вярбы вернікі прынясуць дадому і будуць захоўваць увесь год. Іх не выкідваюць, пакуль яны самі не засохнуць.
— Для вернікаў Вербная нядзеля — дзень разважанняў пра сэнс веры, — лічыць прыхаджанка Валянціна Юруц. — Прыйшоўшы ў касцёл, памалілася і асвяціла вербачку. А пасля па звычаі пабілі ёй адзін аднаго і пажадалі здароўя і дабрабыту са словамі: «Не я б’ю — вярба б’е. За тыдзень — Вялікдзень. Каб здаровымі былі і за год прыждалі». А вярбу буду захоўваць цэлы год, як абярэг ад няшчасцяў і хваробаў.
Расклад набажэнстваў на вялікі тыдзень
5 красавіка – ВЯЛІКАЯ СЕРАДА, 18.00 - св. Імша;
6 красавіка – ВЯЛІКІ ЧАЦВЕР, 19.00 – св. Імша;
7 красавіка – ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА, 19.00 – Пакуты Пана Езуса Хрыста;
8 красавіка – ВІГІЛІЯ ПАСХАЛЬНАЯ,21.00 – св. Імша (з сабой узяць свечкі);
9 красавіка – Змёртвыхпаўстанне Хрыста, 06.00 – Рэзурэкцыя; 10.00 – св. Імша.
Асвячэнне страў на велікодны стол
8 красавіка – ВЯЛІКАЯ СУБОТА
09.00 – в. Печураны (каля крыжа);
09.30 – в. Лоцвіны (вул. Працоўная);
10.00 – в. Думічы (каля могілак);
10.45– в. Чырвоны Партызан (вул. Калгасная, 1);
11.15 – в. Чарнагубава (каля крыжа).
Касцёл св. Пятра і Паўла ў г. Капылі: 12.30, 13.00, 13.30, 14.00, 14.30, 15.00, 15.30, 16.00.
Таццяна БОХАН
Комментарии