Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

30

Аўтарскія роздумы пра людзей працы

30.03.2023
Мне пашчасціла нарадзіцца ў гады СССР у звычайнай калгаснай вёсцы. Давялося дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Карова, некалькі свіней, куры — былі абавязковымі на кожным падвор’і. Зямлі налічвалася дзесьці каля 80 сотак. Да таго ж, сена яшчэ нарыхтоўвалася на ўзлесках, каналах, атрымлівалі кармы і ў гаспадарцы. Памятаю, наколькі цанілася кожная пядзя зямлі: не дай Бог, сусед залезе на чужы надзел. Цяпер жа — касі, колькі хочаш. Толькі вось няма каму. Мы, вясковыя дзеці таго часу, часта ўспамінаем праполку буракоў у калгасе пад гарачым сонцам альбо пасьбу кароў па чарзе (гурт налічваў недзе каля 70 жывёлін). Ніхто ніколі не адлыньваў ад няпростай працы, а любоў да яе прывівалася з маленства. У цяперашняга пакалення дзяцей і моладзі, на жаль, усё гэта замянілася сядзеннем у гаджэтах. Здаецца, вось у хуткім часе звычайная карова стане для іх амаль заморскай жывёлінай. Але ёсць і нашы сучаснікі, якія не баяцца складанасцей у жыцці, і працу на зямлі па-ранейшаму лічаць ганаровай. У час адказных сельскагаспадарчых кампаній, у любое надвор’е яны спяшаюцца на палеткі і фермы, за што мы вяскоўцам яшчэ раз гаворым дзякуй. Зямля павінна быць апрацавана, сельскагаспадарчыя культуры своечасова пасеяны, дагледжаны і ўбраны, жывёла — напоена, накормлена і падоена. Ёй жа не скажаш, што ты быў заняты нечым больш важным ці проста не паспеў… Згадзіцеся, ад вынікаў работы хлебаробаў, жывёлаводаў, механізатараў, спецыялістаў АПК залежыць наша з вамі ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Увага да сялянскай працы — даўняя і добрая традыцыя. Сельская гаспадарка знаходзіцца ў зоне асаблівай увагі кіраўніцтва раёна, вобласці, краіны. Дзяржаўная падтрымка дазваляе паляпшаць стан аграпрамысловага комплексу. Аднак якія б сучасныя тэхналогіі не прыходзілі ў сельскую гаспадарку, яны ўсё роўна патрабуюць умелых і працавітых рук. А яны на нашай капыльскай зямлі спрадвеку. Падчас працы ў рэдакцыі мне неаднойчы даводзілася сустракацца з сапраўднымі героямі-аграрыямі. Чым яны звяртаюць увагу на сябе? Шчырасцю, адказным стаўленнем да аднойчы абранай справы, уменнем адмовіцца ад асабістага дзеля агульнага. Сяргей Пяцігорац, Алена Гушчэня, Сяргей Клочка і іншыя — іх імёны можна называць амаль бясконца. І хочацца верыць, што нягледзячы на кадравыя цяжкасці ў сельгаспрадпрыемствах, гэты рад славутых аграрыяў не зменшыцца. А мы са свайго боку прадоўжым усхваляць Яго Вялікасць — Чалавека Працы. Сяргей КОЗЕЛ

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей