Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

28

У Пальмовую Нядзелю Рымска-каталіцкі Касцёл успамінае ўрачысты ўваход Пана Езуса Хрыста ў Іерусалім

02.03.2023
2 красавіка ў Пальмовую Нядзелю Рымска-каталіцкі Касцёл успамінае ўрачысты ўваход Пана Езуса Хрыста ў Іерусалім, калі натоўпы сустракалі яго як свайго Караля. Людзі з пальмовымі галінкамі віталі яго воклічам: «Гасанна Сыну Давіда! Бласлаўлёны той, хто прыходзіць у Імя Пана!» Пальмовая Нядзеля з’яўляецца брамай у Вялікі Тыдзень, калі хрысціяне перажываюць велікодную таямніцу нашага збаўлення. Набажэнства гэтага дня распачынаецца з блаславення пальмаў або вербаў і працэсіі з імі, якая сімвалізуе прызнанне Езуса Месіяй і адначасова з’яўляецца правобразам уваходу Сына Божага ў Рай. Падчас Вялікага тыдня варта адзначыць тры дні: Вялікі Чацвер, Вялікую Пятніцу і Вялікую Суботу. Ад Вялікага Чацвярга, які сёлета прыпадае на 6 красавіка, Касцёл распачынае ўрачыстае святкаванне Пасхальнага Трыдууму, трох дзён, падчас якіх успамінаюцца пакуты, смерць і ўваскрасенне Езуса Хрыста. У Вялікі Чацвер узгадваецца Апошняя Вячэра, калі Пан Езус устанавіў сакраманты Эўхарыстыі і Святарства. Таму гэты дзень называецца таксама святарскім. Вялікая Пятніца – дзень Крыжа. Аб ім піша св. Лука Евангеліст: «Было каля шостай гадзіны дня, і зрабілася цёмна па ўсёй зямлі да дзявятай гадзіны, і згасла сонца, і заслона ў святыні разарвалася па- сярэдзіне. Езус, усклікнуўшы моцным голасам, сказаў: «Ойча! У рукі Твае аддаю дух Мой». І, сказаўшы гэта, сканаў». (Лука 23, 44-46). Часам цішыні і чакання з’яўляецца Вялікая Субота. Для вучняў Езуса Хрыста гэта быў дзень найбольшага выпрабавання. Паводле традыцыі апосталы разышліся пасля смерці свайго Настаўніка, а адзінай асобай, якая вытрымала ў веры, была Яго Маці Марыя. Таму кожная субота на працягу года прысвечана Багародзіцы Марыі. Успамінаецца тое, як пасля смерці на крыжы, Езус Хрыстос «абудзіў» ад сну смерці да новага жыцця ўсіх вернікаў. У гэты дзень асвячаюцца велікодныя стравы: хлеб, на ўспамін таго хлеба, якім Езус накарміў натоўпы галодных людзей у пустыні, мяса, на ўспамін пасхальнага ягнятка, і яек – сімвала новага жыцця. Вялікдзень – Нядзеля Уваскрасення Езуса Хрыста. «У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі яго». Хрысціяне ўрачыста святкуюць уваскрасенне Езуса Хрыста, якое стала перамогай жыцця над смерцю, дабра над злом. У велікодную раніцу вернікі ідуць працэсіяй вакол касцёла, абвяшчаючы ўсім пра ўваскрасенне Збавіцеля свету. Пасля святочнай Св. Імшы людзі наведваюць адзін аднаго, сваіх родных і суседзяў, каб дзяліцца радасцю ўваскрослага Хрыста. Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей