Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

93

Евгений Сивец из Копыля - пример достойного человека

30.03.2023
Днямі адзначыў 80-гадовы юбілей ветэран працы, член ГА «Беларускі саюз афіцэраў», Яўген Васільевіч Сівец з Капыля. У яго асабістай скарбонцы – знак «Узнику нацизма», юбілейныя і ўрадавыя ўзнагароды, граматы. Асабліва ганарыцца Падзякай, якую атрымаў ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Шчырыя віншаванні Павіншавалі паважанага чалавека са святам прадстаўнікі райвыканкама, прафсаюзнай арганізацыі АПК, ветэранскай арганізацыі і Беларускага саюза афіцэраў. Напрыклад, старшыня раённага Савета ветэранаў Людміла Камёнка адзначыла актыўную жыццёвую пазіцыю Яўгена Васільевіча ў дзейнасці ветэранскага руху. А кіраўнік спраў райвыканкама Ірына Пабока і старшыня райкама прафсаюза АПК Ірына Сцяпура выказалі словы падзякі за шматгадовую плённую працу ў сістэме аграпрамысловага комплексу, асабісты значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці Капыльшчыны. Госці ўручылі юбіляру сертыфікат і іншыя падарункі, а таксама пажадалі здароўя, доўгіх гадоў жыцця і дабрабыту. У сваю чаргу юбіляр падзякаваў усім за віншаванне і пажадаў мірнага неба над галавой, а таксама росквіту роднай Капыльшчыне. Амаль без дзяцінства Юбіляр і сёння часта ўспамінае сваё дзяцінства, абпаленае вайной, і асабліва бацькоў, Васілія Мацвеевіча і Ніну Міхайлаўну, ад якіх перадаліся такія рысы характару, як шчырасць і адкрытасць, што дапамагалі лёгка кантактаваць з людзьмі, сябраваць, знаходзіць разуменне і падтрымку. Убачыў ён свет у пару ваеннага ліхалецця ў вёсцы Талуць Вілейскага раёна і стаў трэцім дзіцем у  простай сялянскай сям’і. Фашысты спалілі вёску і вывезлі іх у Германію. Як выжывалі ў няволі, толькі аднаму Богу вядома. Вярнуліся на папялішча роднай хаты, пабудавалі зямлянку на агародзе. Часта даводзілася класціся спаць галоднымі, а зімы былі халодныя. Першы час абжыцца дапамагала бабуля Марыя і родныя з суседняй вёскі. Яўген пайшоў у школу ў 1949 годзе ў 6-гадовым узросце. Хатнія заданнні старанна выконваў пры газоўцы. Хадзіў у лапцях, сшыткі і падручнікі насіў у саматканай торбачцы, якая заўсёды была заліта чарнілам. Самае галоўнае, што засвоіў вучань з таго часу, – трэба добра працаваць і быць абаронцам Айчыны, а яшчэ тое, што дарэмна ў жыцці нічога не даецца. Падчас вучобы ў школе, пастаянна дапамагаў калгасу: збіраў стручкі лубіну, выбіраў бульбу, рваў лён, на малацілцы падаваў снапы, чысціў насенне. Калі падрос, паводзіў каня, а затым баранаваў і араў поле, зарабляючы працадні. У канцы года сумеснымі намаганнямі сям’я мела 1500 выхадаў, за што атрымала 50 рублёў і крыху збожжа. [caption id="attachment_127193" align="alignnone" width="840"] Яўген Сівец (у цэнтры) з калегамі-аграрыямі Эдуардам Кароткіным і Эдуардам Астроўскім на раённым пленуме КПБ, г. Капыль, 80-я гады ХХ ст.[/caption] Толькі праз пяць гадоў пасля вайны пабудавалі хату. Нарадзіліся яшчэ пяцёра дзяцей. Жылі ў асноўным з натуральнай гаспадаркі. Яшчэ лавілі рыбу, у лесе збіралі ягады і грыбы. За адно лета насушылі 25 кг баравікоў. За дары лесу набылі веласіпед, бо дзясяцігодка знаходзілася за 15 км. На сямейным савеце вырашылі, што атрымліваць сярэднюю адукацыю будзе малодшы Яўген, а старэйшыя сыны Святаслаў і Уладзімір адправяцца вучыцца на трактарыстаў, бо за навучанне трэба было плаціць. Любіў матэматыку, гісторыю, займаўся спортам. Узімку на вучобу прыходзілася прабівацца праз гурбы снегу на лыжах. Яго ўпартасці і вынослівасці здзіўляліся многія. Школа жыцця Зараз, праз столькі гадоў, Яўген Васільевіч дакладна можа сказаць, чаму выбраў менавіта прафесію ў сельскай гаспадарцы. У вёску прыехала маладая дзяўчына-аграном, якая параіла здольнаму выпускніку паступаць у тэхнікум у Мар’іну Горку, таму што ў Заходняй Беларусі не хапала спецыялістаў. Выдатную характарыстыку далі старшыня калгаса і брыгадзір. На дарогу бацькі выкраілі кавалачак сала, клінок сыру, крыху масліца і 10 рублёў. Стыпендыі каля  17 рублёў не хапала. Разам з сябрамі падпрацоўваў на вучэбнай дапаможнай  гаспадарцы ў час практыкі, за гэта атрымліваў талоны на таннае трохразовае харчаванне. У выхадныя або ноччу разгружаў вагоны на станцыі за 7 рублёў. Дамоў ездзіў толькі па вялікіх святах. Назаўсёды запоўніліся гады вучобы ў сельскагаспадарчым тэхнікуме, дзе атрымаў не толькі спецыяльнасць агранома-палявода, але і ні з чым не параўнальны камсамольскі зарад аптымізму, энергіі, упэўненасці ў сваіх сілах і жадання працаваць дзеля Радзімы, прыносіць карысць грамадству. Усё гэта дало свой плён на першым месцы працы, калі прыехаў па размеркаванні ў калгас «Пераможца» Мядзельскага раёна. Старшыня адразу вылучыў матацыкл, каб ён мог наведваць далёкія брыгады. Тэхнікі мала было, шмат ручной працы, у асноўным усе работы выконваліся на конях. Адразу заваяваў давер у мясцовага насельніцтва не толькі як малады спецыяліст, але і як  удзельнік мастацкай самадзейнасці – іграў у спектаклі «Паўлінка», выдатна танцаваў «Лявоніху» ў мясцовым клубе. Тры гады служыў у арміі ў Новасібірску на пасадзе намесніка камандзіра ўзвода. Свой воінскі абавязак выконваў добрасумленна і з гонарам, скончыў сяржанцкую школу з адзнакай  «выдатна», атрымаўшы спецыяльнасць «аўтамабільны механік». Калі вярнуўся на радзіму, прызначылі аграномам у саўгас «Вілейскі» (в. Куранец), а затым эканамістам-нарміроўшчыкам, стаў членам партыі. Тут сустрэў сваю другую палавінку, Надзею Міхайлаўну, нарадзіўся першы сын Алег. Шлях на Капыльшчыну Неяк у час адпачынку прыехалі на радзіму жонкі, на Капыльшчыну. Вельмі спадабаліся Яўгену Васільевічу нашы прыгожыя мясціны, урадлівыя  землі і асабліва жыхары, працавітыя і добразычлівыя людзі. Зайшоў ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі раёна. Пасля субяседавання адразу атрымаў запрашэнне на пасаду намесніка дырэктара па гаспадарчай частцы і галоўнага інжынера-гідратэхніка па меліярацыі ў саўгас «Доктаравіцкі». На «выдатна» скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, пасля – курсы павышэння кваліфікацыі кіруючых кадраў пры інстытуце механізацыі. Вопытны кіраўнік быў заўважаны, і з 1977 года Сівец узначаліў калгас «1 Мая». Да людзей ставіўся з павагай і справядлівасцю, уважліва выслухоўваў і таму з кожным знаходзіў поўнае ўзаемаразуменне. Спачатку патрабаваў з сябе, а затым з падначаленых. Гаспадарка была перадавой, за межамі раёна славілася багатымі ўраджаямі, якія сапраўды збіралі хутка і без страт, дзякуючы дакладнай арганізацыі вытворчасці. У 1980-я гады – гэта быў пачэсны абавязак перад Радзімай. Яўген Васільевіч працаваў шчыра, напружана і годна. Зранку да змяркання старшыня з непахіснай вытрымкай прападаў на рабоце, асабліва падчас гарачых сельгасработ. Такая руплівасць была адзначана медалём «За працоўную доблесць», знакам «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва», Залатым медалём Галоўнага камітэта ВДНГ СССР і інш. Менавіта праца з людзьмі, якая прыносіла задавальненне, уменне выконваць да-дзеныя абяцанні, яшчэ больш узбагаціла яго вопыт, давала сілы. Сустрэча з Машэравым – Глыбокі след у памяці пакінула сустрэча з Першым сакратаром ЦК КПБ Пятром Машэравым, – успамінае юбіляр. – Урадавы верталёт прызямліўся на скошаным полі ў кіламетры ад Навасёлак. Пётр Міронавіч павітаў за руку кожнага камбайнёра. Адзін з іх перажываў і саромеўся, што яго рукі брудныя і ў мазуце, а кіраўнік рэспублікі прамовіў: «У вас рукі пахнуць хлебам». У мяне спытаў, як уборачная, якая плануецца ўраджайнасць. Я адказаў, што 45 цэнтнераў з гектара. Машэраў праверыў гушчыню пасеву, узяў некалькі каласкоў, расцёр на далонях, ацаніў наліў зерня і палічыў іх колькасць. Сказаў: «А я мяркую, што тут будзе больш за 50 цэнтнераў». Праверыў, ці няма збожжа пад капамі саломы. Першы сакратар рушыў пешкі на край вёскі на сустрэчу з жыхарамі, сярод якіх было многа моладзі. Павітаўся, абняўся з былымі франтавікамі і партызанамі, павіншаваў усіх са святам. Спытаў: «Як жывеце? Ці ўсё ў вас ёсць? Ці дае начальства сена і зерне?» – «Добра жывём, – казалі калгаснікі. – Толькі б не было вайны». Асабістыя вынікі У часы перабудовы Сівец быў прызначаны на пасаду старшыні раённага аграпрамысловага аб’яднання, абраны дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў і на альтэрнатыўнай аснове – яго старшынёй.  Капыльскі раён адным з першых у рэспубліцы пачаў вырошчваць рапс на алей. З мэтай вывучэння вопыту па ўкараненні ў сельскую гаспадарку Беларусі адкрытых і закрытых акцыянерных прадпрыемстваў у складзе групы спецыялістаў па сельскай гаспадарцы наведаў Польшчу, Германію, Галандыю. З 1999 па 2002 гады да выхаду на пенсію працаваў старшынёй Барысаўскага райвыканкама. Як і многія тыя, хто перажыў вайну, з болем сустрэў распад Савецкага Саюза. У Яўгена Васільевіча дружная сям’я – жонка, два сыны, нявесткі і трое ўнукаў. Жывуць побач, у Капылі. Часта наведваюцца да роднага чалавека. Ён і сёння займае актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю: удзельнічае ў мерапрыемствах раённай ветэранскай арганізацыі і, як капітан у адстаўцы, прымае ўдзел у рабоце Беларускага саюза афіцэраў. Хвалюць ветэрана працы праблемы выхавання маладога пакалення. Для яго сустрэчы з  моладдзю – гэта магчымасць перадаць свае ўражанні, жыццёвы і прафесіянальны вопыт. Як самыя дарагія рэліквіі да сённяшняга дня захоўвае камсамольскі і партыйны білеты. Барыс Дзенісюк, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей