У рамках Тыдня фінансавай граматнасці дзяцей і моладзі супрацоўнікі цэнтра банкаўскіх паслуг Беларусбанка правялі тэматычны ўрок для старшакласнікаў СШ №3 г. Капыля. У аснову праекта арганізатары ўкладваюць тое, што дзеці павінны дакладна разумець, як расходаваць, памнажаць і захоўваць грошы, а таксама якія біржавыя фінансавыя інструменты можна выкарыстоўваць для гэтага.
– Гэта няпроста, але неабходна, каб не стаць ахвярай махляроў і граматна забяспечваць сваю будучыню. Гэтым мерапрыемствам мы расстаўляем акцэнты і звяртаем увагу грамадства на неабходнасць павышэння фінансавай граматнасці, але такую працу неабходна праводзіць штодня, – падкрэсліла загадчык сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу
Святлана Пабока. – Фінансавая граматнасць – асноўнае патрабаванне паспяховага жыцця любога сучаснага чалавека. Як рацыянальна зберагчы або інвесціраваць сродкі, як правільна аформіць крэдыт – усё гэта надзвычай актуальныя пытанні.
Падчас займальнай гутаркі школьнікі пазнаёміліся са значэннем фінансава-эканамічнай дзейнасці ў сучасным жыцці. Ад спецыяліста банка яны даведаліся пра крэдыты, якія дзейнічаюць на дадзены момант, пра умовы іх атрымання, віды банкаўскіх карт, магчымасці іх выкарыстання як дарослымі, так і дзецьмі. Было расказана пра перавагі дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, сучасныя плацежныя гаджэты, а таксама пра інфармацыйную бяспеку: метады махлярства і спосабы засцерагчы сябе.
– З дапамогай такіх мерапрыемстваў мы вучым падлеткаў, як зарабляць, назапашваць фінансы і кіраваць імі, – расказала настаўніца СШ №3 г. Капыля Людміла Салановіч. – Мы не абмяжоўваемся правядзеннем урокаў фінансавай граматнасці толькі ў рамках гэтага тыдня. На працягу года праводзім пастаянна такія заняткі ў нашай установе адукацыі. Дарэчы, летась наш навучэнец Мікіта Бярновіч заняў трэцяе месца на алімпіядзе па фінансавай граматнасці ў вобласці і стаў удзельнікам рэспубліканскага этапу алімпіяды.
А як жа адносяцца да гэтых заняткаў самі навучэнцы?
Дзмітрый Лагута расказаў:
– Заўсёды з цікавасцю наведваю гэты курс, неаднойчы прымаў удзел у алімпіядах. Думаю, што фінансавых ведаў сёння не хапае не толькі школьнікам, але і часта іх бацькам. Добра, што мой тата працуе ў банку, таму мінімум ведаў мы атрымліваем. Мы цікавімся тым, як правільна разлічыць сямейны бюджэт, зразумець, чаму важна плаціць падаткі і г.д. Гэтыя веды ў сучасным свеце не менш важныя, чым здольнасць даказаць тэарэму Піфагора або зрабіць сінтаксічны разбор сказа.
Павел Гарахавік лічыць, што ў сучасным грамадстве навучанне фінансавай пісьменнасці мае вялікае значэнне:
– Важна памятаць: грошы любяць падлік. На маю думку, кожны чалавек павінен дакладна размяркоўваць прыбытак, а таксама планаваць усе выдаткі. Фінансавая пісьменнасць забяспечвае пэўны ўзровень прэстыжу. Чалавек выгадна выдзяляецца з натоўпу, стварае ўражанне ўпэўненага ў сабе грамадзяніна, калі ведае, як кіраваць капіталам. Наяўнасць фінансавай пісьменнасці ў большасці выпадкаў суправаджаецца якаснымі ведамі і ў іншых абласцях. Такія людзі ўвесь час імкнуцца даведацца нешта новае, адсочваюць сітуацыю на рынку.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии