Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

32

Яго багатае поле

19.12.2011
Вядомы вучоны-селекцыянер Іван Канстанцінавіч Копцік дае жыццё новым гатункам пшаніцы, і яны жывуць, каласяцца і робяць наш стол багатым. Амаль палову пшанічнага поля Беларусі займаюць такія гатункі як “Капылянка”, “Гармонія”, “Каравай”, “Беразіна” і іншыя. Пры ўмелым прымяненні тэхналогіі (у такіх гаспадарках, як ААТ “Скабін”, “Піянер-Агра”, “Семежава” і іншых) ураджаі атрымліваюць нават да 80 цэнтнераў. Хто ж такі Копцік? Звычайны чалавек, які калісьці марыў стаць настаўнікам альбо ўрачом, але лёс распарадзіўся, каб ён стаў бацькам перспектыўных гатункаў азімай пшаніцы. Сапраўды бацька, бо ён называе іх сваімі дзецьмі і лічыць, што для селекцыянера кожны гатунак пшаніцы, які ён вывеў, яго крывінка, яго дзіця, якому ён дае імя. Так “Каравай” ён даў у гонар свайго сябра старшыні калгаса імя Ціміразева Васіля Іосіфавіча Каравая. Дарэчы, гэты старшыня і апрабоўваў многія гатункі Копціка на землях сваёй гаспадаркі. Тут адчуў цяпло і ласку чалавечых рук і новы гатунак пшаніцы “Капылянка”, створаны ў гонар малой радзімы Івана Канстанцінавіча. Нарадзіўся Іван Канстанцінавіч Копцік у вёсцы Рачкевічы ў шматдзетнай сям’і. Многае расказаў пра свайго сябра дзяцінства Іван Якаўлевіч Пасюк – былы ўрач-тэрапеўт райбальніцы. Ён часта бываў у хаце Копцікаў. “Мы ладзілі розныя гульні, а асабліва будучы вучоны любіў гуляць са мною ў шахматы. За яго балелі  брацікі і сястрычкі. I пры такой падмозе ён стараўся заўсёды перамагчы мяне”, – расказаў пра юбіляра Іван Якаўлевіч. А як толькі гарэзы падраслі, улетку дапамагалі роднаму калгасу абганяць бульбу, пасвіць жывёлу і маглі выканаць любую сельгасработу не горш за дарослых. Так у маленстве Іван Канстанцінавіч атрымаў добрую жыццёвую закалку. Удзячны ён быў і маці, якая гаварыла яму заўсёды, каб добра вучыўся і быў удзячны хлебу. Яе настаўленні не прапалі марна. Іван і яго брат Сяргей прысвяцілі сябе самаму галоўнаму багаццю – вырошчванню хлеба. У 1963 годзе Іван паспяхова заканчвае сельгасакадэмію, і яго як самага лепшага выпускніка запрасілі на працу ў Інстытут земляробства і селекцыі АН Беларусі. Тут яго заўважыў прафесар Мікалай Дзмітрыевіч Мухін, які даручыў займацца селекцыяй азімай пшаніцы. 3 гэтага і пачаўся шлях у навуку. У той час самым лепшым гатункам была “Міронаў-ская–808”, яе стварыў акадэмік В. М. Рамясло і ў добрых гаспадароў яна давала больш за 100 цэнтнераў з гектара. Капыляне ўмелі вырошчваць “Міронаўскую” і ў вобласці атрымоўвалі самыя высокія ўраджаі. Гэтая культура і стала для Коп-ціка асновай для пошукаў сваіх перспектыўных гатункаў. Цікава, што “Міронаў-ская–808” пражыла звыш 10 гадоў і страціла свае ўраджайныя якасці. Вось таму такія селекцыянеры, як Копцік, штогод ствараюць усё новыя і новыя гатункі важнай хлебнай культуры. “Гатункаў пшаніцы павінна быць у гаспадароў некалькі”,– лічыць наш зямляк, бо гады бываюць розныя: з раннімі замаразкамі, засушлівыя ці дажджлівыя. Пасадзіў некалькі гатункаў, глядзіш, нейкі з іх не падвядзе і акупіцца. Наш зямляк, самавіты вучоны, стварае высакаякасныя гатункі азімай пшаніцы, у якой шмат клейкавіны, а значыць хлеб з яе смачны. “Але калі вучоны пастараўся і стварыў добры гатунак, то вынік можа сапсаваць несумленны аграном. Не абробіць як след поле, не дасць патрэбных угнаенняў для сельгаскультуры і пусціць на пасяўную ці ўборку неадладжаныя агрэгаты”, - лічыць Іван Канстанцінавіч. Штогод мяняецца прырода і, як лічаць сіноптыкі, мы праз гадоў 20 будзем жыць у кліматычным поясе Кіева, але і бур, і ўраганаў стане больш. Таму Іван Канстанцінавіч стварае новыя гатункі і вучыць гэтаму сваіх вучняў. Цяжкая задача, лічыць наш зямляк, атрымаць буйны колас і дабіцца, каб ён не палягаў пры моцным ветры. I таму вучоны праграміруе гатунак на кароткі сцебель. Да прыкладу, гатунак “Капылянка” прыдатны для сярэдняга ўзроўню ўрадлівасці глебы, у яго добрая якасць зерня, а вось “Каравай” больш падыходзіць для паўночных раёнаў Беларусі. Вучоны Копцік і супрацоўнікі яго лабараторыі стварылі гатункі пшаніцы, якія даюць ураджай на розных глебах і ў розных рэгіёнах, такія, як “Беразіна”, “Гармонія”, “Быліна”, “Капылянка”, “Надзея”, “Легенда”, “Завет”, “Сузор’е”, “Саната”, “Каравай”, “Шчара”, “Спектр”, “Прэм’ера”, “Узлёт”, “Сюіта”, “Фантазія”. Сорак гадоў аддаў Іван Канстанцінавіч Копцік павышэнню ўраджайнасці азімай пшаніцы – хлебнаму золату нашай Беларусі. За сваю плённую дзейнасць ён узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР, атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь і мае іншыя ўзнагароды. 3 любай жонкай Зінаідай Аляксандраўнай, з сынам Аляксандрам, дачкой Наталляй і калегамі адзначыў нядаўна сваё 75-годдзе. Іван Ігнатчык, г. Капыль  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей