Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

30

Мастак з Вострава

18.12.2011
Мне давялося быць на ўшаноўванні Цімкавіцкага народнага тэатра з нагоды прысваення праслаўленаму калектыву ганаровага звання “народны”. Ушанаваць самадзейных артыстаў прыехаў вучоны-мастацтвазнаўца Сяргей Пятровіч і разам з ім вядомы мастак, ураджэнец вёскі Вострава Іван Пешкур, які падказваў, як лепш зрабіць дэкарацыі для ствараемых З. І. Раманенкай спектакляў і адзначыў мастацкія здольнасці рэжысёра. Нарадзіўся Іван Пешкур 13 кастрычніка 1921 года ў прыгожых мясцінах. Вёсачка Вострава па тым часе налічвала больш за чатырыста жыхароў, і ў ёй мелася пачатковая школа, якую Іван закончыў на выдатна і пайшоў у суседнюю Навасёлкаўскую сямігодку. Тут давялося вучыцца з будучым праслаўленым партызанскім камандзірам Іванам  Грыбам, у атрадзе якога ён бу-дзе потым ваяваць. У 1935 годзе хлопец з глыбінкі паступае ў Віцебскае мастацкае вучылішча. Экзаменацыйная камісія прагледзела мастацкія напрацоўкі абітурыента – пейзажы з ваколіц Вострава і Навасёлак, партрэты жней і аратых – і пахваліла працу Пешкура. Затым ён будзе адточваць навыкі мастака ў майстроў жывапісу І. Ахрэмчыка, В. Хрусталёва, Ф. Фога. Яны заўважылі талент свайго выхаванца і парэкамендавалі хлопцу паступіць у Ленінградскую акадэмію імя Рэпіна. Але вайна з Фінляндыяй вырвала са студэнцкіх аўдыторый шмат першакурснікаў. Так Іван Іванавіч быў кінуты на штурм лініі Манергейма. Цудам выжыў пад кулямі фінскіх снайпераў у 40-градусны мароз, а яго сябры амаль усе загінулі. Былы мінамётчык праславіцца ў барацьбе з ворагам у Вялікую Айчынную вайну. Па заданні камандзіра атрада імя Чапаева Івана Грыба Пешкур прабіваецца ў самае логава фашыстаў, разведвае, дзе яны знаходзяцца, чым узброены, і пасля на ворага абрушваецца партызанская сіла. Адразу пасля вызвалення роднай Беларусі Пешкур стане працаваць у Беларускім дзяржаўным тэатры оперы і балета. Яшчэ ішла вайна, а тэатр паставіў прэм’еру оперы “Алеся” ў Мінску. Разам з лепшым тэатральным мастаком С. Ф. Нікалаевым аформіў дэкарацыі спектакля, што ў нейкай ступені абумовіла поспех пастаноўкі.  А ў 1957 годзе за спектакль “Папараць-кветка” на Усесаюзным фестывалі атрымаў дыплом лаўрэата. У 1960 годзе вядомы ўжо мастак Іван Іванавіч Пешкур быў прыняты ў Саюз мастакоў. Усплеск вядомасці не закружыў галаву нашаму земляку, яго запрашаюць многія тэатральныя калектывы, нават з Масквы, але Пешкур ідзе працаваць у Тэатр юнага гледача. За трынаццаць гадоў творчай працы ў тут ён аформіў сваімі дэкарацыямі звыш 100 спектакляў і па ўзгадненні з дырэкцыяй тэатральнай установы дапамагае многім тэатрам Мінска і абласных цэнтраў. Яго работы вызначаюцца жывапіснай шматколернасцю, дынамікай і завершанасцю. Таксама ён стварае для артыстаў маляўнічыя касцюмы, ды так удала, што рэжысёрская задума ярка раскрываецца ў пастаноўках. У 1970 годзе па ініцыятыве міністэрства культуры Пешкур будзе пераведзены на працу ў оперны тэатр. Дарэчы, Іван Іванавіч Пешкур разам з мастаком Красоўскім стварыў дыяграму «Лагер смерці ў Трасцянцы», якая дзейнічае ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. Ен быў на дзіва працалюбівы і паспяваў рабіць дэкарацыі не толькі для спектакляў, але і афармляў шмат урадавых канцэртаў, ствараў тэатральныя касцюмы, як, напрыклад, для “Песняроў”. Яго творчая палітра  была багатай. У 1976 го-дзе ён выставіў свае карціны на персанальную выставу. Наведвальнікаў прыгожага мастацтва радавалі лірычныя пейзажы, напісаныя Пешкурам у розныя гады,  партрэты, акварэлі. У мастацкіх творах Пешкура аматараў мастацтва прыцягваюць смелыя дынамічныя кампазіцыі, прыгажосць і велічнасць прыроды. Душэўнасцю і цеплынёй вее ад яго партрэтаў. Ён любіў людзей, любіў родную Капыльшчыну і часта наведваў родныя мясціны, якія падсілкоўвалі яго мастацкай энергіяй. Шкада, што трагічна загінуў у росквіце творчых сіл. Іван ІГНАТЧЫК, г. Капыль  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей