Прадстаўнікі Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў годна выступілі, прадэманстраваўшы віртуознасць і талент у III Міжнародным конкурсе ансамбляў і выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах «Фанфары Наднямоння-2023».
Выкладчык па класе флейта
Уладзіслаў Каліноўскі і яго вучаніца
Надзея Дубовік па выніках конкурсу ўзнагароджаны Дыпломамі I ступені.

– Мне заўсёды была цікавая гэтая тэма, – дзеліцца ўражаннямі Уладзіслаў Ігаравіч. – Вельмі падабаецца сольнае выкананне твораў і таму, калі ўбачыў, што можна прыняць удзел у конкурсе, падумаў: «А чаму б і не?» У розных узроставых катэгорыях былі прадстаўлены канкурсанты да 28 гадоў. Мая навучэнка Надзея, нягледзячы на юны ўзрост, выдатна дэманструе свае здольнасці ігры на духавым інструменце. Падалі заяўку і сталі працаваць над праграмай. Усведамляць важнасць і маштаб конкурсу было хвалююча, бо ён міжнародны. У ім прымалі ўдзел сольныя выканаўцы з замежных краін і Рэспублікі Беларусь.
У асноўны дзень гучалі канцэртныя і сольныя нумары канкурсантаў і ансамбляў на духавых і ўдарных інструментах. У намінацыі сольнае выкананне капыляне паказалі майстэрства па класе флейта. Уладзіслаў Каліноўскі іграў санату Іагана Себасцьяна Баха ў трох частках і беларускі твор «Забытая мелодыя» Ігара Мангушава. На-дзея Дубовік – твор Джузэпэ Вердзі «Травіята» і лірычную мелодыю Яўгена Глебава.
– Я ўпершыню стала ўдзельнікам такога маштабнага конкурсу, – кажа Надзея Дубовік. – Першапачаткова разумела, што трэба на высокім узроўні паказаць свае здольнасці і віртуознасць, не падвесці настаўніка. Безумоўна, было вельмі трывожна, але дзякуючы падтрымцы Уладзіслава Ігаравіча справілася з пастаўленай задачай. Мы – справіліся! Гэта добры стымул рухацца далей, прымаючы ўдзел у падобных мерапрыемствах. Падтрымала прадстаўнікоў Капыльшчыны і канцэртмайстар
Алена Мельнік.
Дарэчы, арганізатарамі конкурсу выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама, ГА «Беларускі саюз музычных дзеячаў», ГА «Беларуская асацыяцыя духавых аркестраў і ансамбляў», ГА «Асацыяцыя выканаўцаў на народных духавых інструментах», Беларускі саюз музычных дзеячаў, міжнародная грамадска-навуковая арганізацыя «Міжнародная Акадэмія інфармацыйных тэхналогій» пры падтрымцы Міжнароднага фонду Юрыя Розума ў СНД.
Наталля ДАВЫДЗЕНКА
Комментарии