Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

34

Даследчык роднай літаратуры

19.12.2011
15 снежня споўнілася б 90 гадоў беларускаму пісьменніку, літаратуразнаўцу, доктару філалагічных навук, прафесару, заслужанаму работніку культуры Сцяпану Хусейнавічу Александровічу. Сцяпан Хусейнавіч паходзіў з беларускіх татар. У аўтабіяграфіі «Радзіма мая – Капыль» ён сведчыў: «У Капылі здаўна жыла жменька нашчадкаў мангольскіх плямён. Сядзібы іх туліліся на дзвюх вулачках – Татарскай і Замкавай, ля плыценькай Каменкі, побач з высокім замчышчам (паводле падання, усе яны некалі складалі асабістую ахову капыльскага князя). У этнаграфічным абліччы мясцовых татар захаваліся яшчэ усходнія рысы, сяк-так ліпелі свае звычаі і абрады, але родную мову яны ўжо даўно страцілі і гаварылі па-беларуску». Прыгадваючы, якім вялікім поспехам карысталася беларуская кніга ў часы яго дзяцінства Александровіч пісаў: «Зусім натуральна, што пасля Кастрычніка цяга да беларускай кнігі і роднага слова ў нашым мястэчку яшчэ больш узрасла. Гэтаму са-дзейнічала і тое, што ў беларускай літаратуры актыўна працавалі нашы землякі Цішка Гартны, Алесь Гурло, Нічыпар Чарнушэвіч, Мікола Хведаровіч, цімкавец Кузьма Чорны, у Ленінгра-дзе жыў літаратуразнаўца Леў Клейнбарт, які таксама не забываў пра родны Капыль. Я чатыры гады трымаў у адной руцэ пугу, а ў другой – кнігу. Чытаў многа, чытаў запоем, аддаючы перавагу беларускай кніжцы. Увогуле трэба сказаць, што творы беларускіх пісьменнікаў у Капылі карысталіся вялікім поспехам...» Любоў да літаратуры і прывяла Сцяпана Александровіча ў 1939 годзе на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ды павучыцца не давялося – прызвалі ў армію. А там пачалося гітлераўскае нашэсце. Вось як пра гэта сказана ў аўтабіяграфіі: «Увогуле, жыццёвы тэмп быў незвычайны: у 18 год я быў у арміі, у 20 – на фронце, у 21 – у палоне». Разам з сябрамі ўцёк з лагера ваеннапалонных у Крывым Рогу, амаль два месяцы дабіраўся на Капыльшчыну. Стаў партызанам. Дарэчы, пра гэта вельмі праўдзіва Сцяпан Хусейнавіч расказаў у сваёй аўтабіяграфічнай аповесці «Далёкія зарніцы». Важны этап у жыцці С. Х. Александровіча – шматгадовая педагагічная праца ў Навагрудскай беларускай сярэдняй школе, настаўніцкі калектыў якой дапамог завяршыцца духоўнаму станаўленню Сцяпана Хусейнавіча і знайсці сваё месца ў жыцці. Скончыўшы завочна філфак БДУ і аспірантуру С. Александровіч уліваецца ў рады дзеячоў беларускай культуры. 3-пад яго пяра выходзяць кнігі краязнаўча-біяграфічных нарысаў пра Ф.Багушэвіча, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, М. Танка,  К.Чорнага, П. Броўку, М. Лынькова, якія склалі кнігі «Незабыўныя сцежкі» (1959), «Па слядах паэтычнай легенды» (1965). Пазней гэтыя нарысы, эсэ ўвайшлі ў аб’ёмны зборнік «Тут зямля такая...» (1974). Сцяпан Александровіч выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Наваельненскай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна і ў Навагрудку, працаваў у Мінскім бібліятэчным тэхнікуме, быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі, а з 1963 года звязаў свой лёс з Беларускім дзяржаўным універ-сітэтам. Сцяпан Хусейнавіч на працягу ўсяго свайго жыцця ў літаратуры і навуцы працаваў на поўную моц падараванага яму лёсам таленту, з рэдкай цягавітасцю і ўпартасцю, якая пры яго вельмі слабым здароўі, катастрафічна падарваным у гітлераўскім палоне, проста здзіўляла. Навуковыя працы Сцяпана Александровіча заўсёды прываблівалі сваёй багатай канкрэтыкай, шчодрым выкарыстаннем архіўных матэрыялаў і малавядомых фактаў, якія даследчык здабываў у выніку карпатлівых пошукаў. Каб напісаць чарговую кнігу ці толькі артыкул даследчага характару, ён нярэдка гадамі збіраў неабходныя звесткі, перачытваў горы старых выданняў у розных бібліятэках і музейных сховішчах былой савецкай краіны і за яе межамі, падымаў не толькі колішнюю беларускую,  але  і рускую, украінскую, польскую перыёдыку, працаваў у архівах Мінска і Масквы, Ленінграда і Вільнюса, Кракава і Прагі. I ён умеў займальна пісаць як пра свае пошукі, так і пра лёс пісьменнікаў, што станавіліся аб’ектам даследавання. Кнігі «Старонкі братняй дружбы», «Гісторыя і сучаснасць», «Кнігі і людзі», «Крыжаваныя дарогі», «Пуцявіны роднага слова», «Слова – багацце» і іншыя - значныя тым, што аўтар іх выступае адначасова і вучоным-даследчыкам, і пісьменнікам-мастаком, захопленасць якога роднай літаратурай перадаецца і чытачам. Памёр Сцяпан Хусейнавіч 1 мая 1986 года. «3 горкім-горкім шкадаваннем думаецца: як жа заўчасна звяла яго ў магілу бязлітасная хвароба, – напіша народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, – якой жа патрэбнай была б сёння яго прысутнасць у нашым грамадскім жыцці, як бы хораша служыла сёння справе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі яго жывое слова – праўдзівае, разумнае, пераканаўчае!..» Ірына Пятровіч, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Капыльскай ЦБС

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей