Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

23

Жители Копыльщины о трагедии белорусских деревень

24.03.2023
Хатынь. Хто з беларусаў не ведае гэтага слова? Яно стала сімвалам пакут, мужнасці і гераізму нашага народа. Болем адгукаецца ў сэрцы кожнага з нас жалобны хатынскі набат. За гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты знішчылі на тэрыторыі Беларусі звыш 2,5 мільёна грамадзян, 628 вёсак былі спалены разам з жыхарамі, загінуў кожны трэці беларус … Восемдзесят гадоў  мінула з таго часу. Вырасла некалькі  пакаленняў, якія  не засыналі пад грукаты кананады, не чулі свісту куль, не бачылі гібелі блізкіх. Для многіх маладых людзей вайна – проста гісторыя.  Класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч пісаў: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асуджаны зноў перажыць яго. Безліч разоў». Чаму мы зноў і зноў варушым гісторыю? Чаму зноў і зноў згадваем трагедыю Хатыні? Каб памяталі! Менавіта з гэтай мэтай (каб памяталі!) зноў пагаворым пра вайну. Шмат разоў войны парушалі мірнае жыццё беларусаў, але Вялікая Айчынная вайна стала сапраўдным генацыдам беларускага народа. Хатынь – назва сімвалічная. Уся Беларусь у 1943 годзе нагадвала Хатынь. Менавіта тады гітлераўцы арганізавалі карныя экспедыцыі супраць партызанаў Міншчыны. Бяда не абмінула і Капыльшчыну. У пачатку 1943 года была праведзена карная экспедыцыя  пад кодавай назвай «Свята ўраджаю». Колькі цынізму, іроніі, чалавеканенавіснасці ў гэтых словах! 23 лютага 1943 года ў Грозаве  былі спалены жыхары вёскі Аксаміты, 16 чалавек. Гэта былі жанчыны, дзеці, старыя - партызанскія сем'і. Хатынская і аксаміцкая трагедыі – адзін ланцуг злачынстваў, здзейснены па адным крывавым сцэнарыі. У 2011 годзе навучэнцы Грозаўскай сярэдняй школы даследавалі абставіны тых страшных падзей, наладзілі экспедыцыю па вёсках Грозава, Аксаміты, Балгавічы, сустрэліся з роднымі і блізкімі спаленых жыхароў вёскі Аксаміты, наведалі архіў у горадзе Слуцку і ўстанавілі памятны знак на месцы трагедыі, побач са школай. Менавіта на такіх канкрэтных справах выхоўваецца гістарычная памяць, здзяйсняецца ідэалагічная сфарміраванасць падрастаючага пакалення. Без мінулага ў народа няма будучыні. Фашызм хацеў адабраць у народа ўсё – і мінулае, і будучыню. Відаць, пагэтаму сярод ахвяраў спаленых вёсак вялікая колькасць дзяцей. Згадваецца фільм «Ідзі і глядзі», пастаўлены па сцэнарыі Элема Клімава і нашага земляка Алеся Адамовіча. Памятаеце жахлівую сцэну, калі палае хлеў, напоўнены людзьмі, гучыць дзіцячы плач, раздзіраюць душу галашэнні жанчын і раптам - «літасцівы» голас паліцая: «Хто без дзяцей – выходзь». Так, дзеці з'яўляліся для фашыстаў найбольшай пагрозай. Дзеці – сведкі трагедыі Хатыні, соцень беларускіх Хатыняў – павінны былі загінуць, згарэць, каб у народа адабраць будучыню. Што адбылося ў Хатыні 23 сакавіка 1943 года вядома кожнаму беларусу. Але ці ўсе ведаюць, што назву для кінафільма «Ідзі і глядзі» па сваёй кнізе «Хатынская аповесць» Алесь Адамовіч узяў з Апакаліпсісу Іаана Багаслова? Кожнаму неабходна пабываць у Хатыні, прапусціць праз сэрца ўвесь боль і пакуты таго трагічнага дня, прайсціся па хатынскай вуліцы, пачуць жалобны хатынскі звон… Ідзі і глядзі, чалавек. І складзі ў сваім сэрцы боль аб тваім народзе, аб яго пакутах. Ідзі і глядзі, і запомні ўсё, каб перадаць наступным пакаленням гістарычную памяць і святы наказ продкаў: «Людзі, беражыце мір!» Сімвалічны і той факт, што фільм “Ідзі і глядзі”, зняты ў 1985 годзе, атрымаў новае жыццё. У 2017 годзе спецыялісты кінаканцэрна “Масфільм” рэстаўрыравалі карціну, і яна атрымала галоўны прыз на 74-ым Венецыянскім кінафестывалі. На жаль, падзеі, адлюстраваныя ў фільме, пагражаюць стаць рэальнасцю. Фашызм падымае галаву. Але ці ўсе гэта разумеюць?  Жыццё не фільм. Таго, што перажыта, не пераздымеш, не вернеш, кнігу жыцця не перапішаш… І з памяці сваёй не выкінеш. Таму пытанне патрыятычнага выхавання моладзі становіцца галоўным пытаннем сучаснасці. Сёння важна захаваць памяць пра кожную спаленую вёску, пра кожнага земляка, які загінуў, абараняючы родную зямлю. Перадаць маладому пакаленню пачуццё павагі да мінулага нашай Радзімы, да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – найважнейшая задача не толькі школы, але і ўсяго сучаснага грамадства. Алена ДУБІНА, аг. Грозава  

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей