Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

31

Мы – Народ з вялікай літары

18.03.2023
Кожны з нас – усяго толькі пясчынка беларускай нацыі, яе зярнятка, але ад кожнага з нас залежыць вельмі многае ў жыцці. А разам мы, беларусы і беларускі, – вялікая, нязломная, непераможная сіла. У гэтым нам не аднойчы давялося пераканацца і ў такія знакавыя апошнія гады – Год народнага адзінства, Год гістарычнай памяці, – асабліва. На жаль, і ў ХХІ стагоддзі маёй Бацькаўшчыне, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, вельмі нялёгка: у свеце распладзілася шмат вар’ятаў і нячысцікаў, паганцаў ды ашуканцаў. Манкуртаў ды проста беглых… Якія плявузгаюць на свой народ, які іх выхаваў, вывучыў, даў пуцёўку ў жыццё. Аднак нягледзячы ни на што мы выстаялі як нацыя, загартаваліся як Народ з вялікай літары. Колькі адметных мерапремстваў было праведзена, колькі ўсяго высакароднага і велічнага прагучала і засталося ў душах беларусаў! А хіба можна не ганарыцца, што Усебеларускі народны сход у нас набыў канстытуцыйныя правы і абавязкі?! Я, грамадзянін Беларусі,  ніколі не пераставаў  ганарыцца сваім народам, яго гісторыяй, культурай, людзьмі. Землякамі і суайчыннікамі. І ўвесь час скрупулёзна аналізую. Думаю: чаму многія стагоддзі мой народ, такі слаўны, мужны, гасцінны, прыгняталі, абражалі, выпрабоўвалі, ганьбілі? А нашым папярэднікам даводзілася расплачвацца крывёй, якая, як вядома, не вадзіца, потам, слязьмі, незайздросным лёсам, рознага кшталту чарнобылямі – матэрыяльнымі і духоўнымі. Колькі памыяў было выліта на нас?! Колькі жыццяў маіх папярэднікаў было аддадзена на алтар Перамогі ў Вялікую Айчынную?! Мой народ шматпакутны: цяжка ўспомніць наогул хоць адно стагоддзе, якое ён пражыў бы ў  спакоі, без войнаў. Аднак нягледзячы на гэта, мы здолелі насуперак усім ворагам і нелюдзям захаваць сваю ідэнтычнасць,  чалавечнасць, светлыя душы і палымяныя сэрцы. Чаму? Бо беларусы – цярплівыя, прыгожыя душой, вялікія сэрцам, працавітыя і мудрыя людзі. І таму я ганаруся тым, што нарадзіўся ў самай гушчы народа, ганаруся тым, што жыву ў самай прыгожай у свеце краіне, сярод самых прыгожых  людзей. Каштоўнай рысай беларусаў  з’яўляецца і тое, што мы з павагай, цярпімасцю і разуменнем ставімся а чужых перакананняў. У нашай краіне не назіраецца ганенняў па нацыянальных і рэлігійных прыкметах. На Беларусі сёння пражываюць і многія іншыя народнасці, у асноўным гэта расiйцы, палякі, украінцы, яўрэі, татары і іншыя. Асаблівасцю рэлігійнага складу насельніцтва з’яўляецца яго поліканфесійнасць і верацярпімасць. Хрысціянства – самая распаўсюджаная рэлігія ў Беларусі, а праваслаўе і каталіцызм займаюць вядучае месца ў рэлігійным жыцці. Усяго ў Беларусі налічваецца 25 рэлігійных канфесій, найбольшае распаўсюджванне атрымалі пратэстантызм, уніяцтва, іслам. Мы, людзі Беларусі, здолелі захаваць насуперак усім ныцікам, песімістам і псеўдаадраджэнцам родную мову, якая на працягу стагоддзяў якасна развівалася, ўдасканальвалася. Упэўнены, што сучаснікі, асабліва творчыя людзі, будуць толькі дапаўняць матчыны слоўцы, прыдумваць новыя. Бо мы ведаем: самае галоўнае – захаваць мову для нашчадкаў, не даць ёй памерці. Ля сэрца трэба насіць бессмяротныя слоўцы першага нацыянальнага класічнага паэта Беларусі Францішка Багушэвіча: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» А аўтар таленавітай «Палескай хронікі» Іван Мележ дадаваў: «Хто не паважае родную мову, не паважае родны народ». Канстанцін КАРНЯЛЮК, пазаштатны аўтар «СП»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей