Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

86

К 60-летию выхода в свет первого номера "Слава працы"

10.03.2023
Некалькі гадоў таму мне пашчасціла браць інтэрв’ю ў былога рэдактара «Слава працы» Віктара Адамавіча Семянкевіча. Гаворка выйшла цікавай і змястоўнай. Сярод іншага паважаны чалавек расказаў і пра тое, як газета змяніла сваю назву. Замест уступу Быў час, калі напрыканцы 50-х – пачатку 60-х гадоў ХХ стагоддзя нядоўга існавалі міжраённыя калгасна-саўгасныя ўпраўленні. Мясцовыя газеты з’яўляліся іх органам. Тады ж не стала раёнкі «Калгаснік Капыльшчыны». Так як адміністрацыя новай сельскагаспадарчай структуры знаходзілася ў Нясвіжы, то там і выдавалася адна газета на тры раёны – Нясвіжскі, Капыльскі і Клецкі. Вядома, жыццё Капыльшчыны яна асвятляла не ў поўную меру, а таму ў падпісчыкаў асаблівым поспехам не карысталася. Але хутка, як кажуць, усё вярнулася на сваё месца, бо міжраённыя калгасна-саўгасныя ўпраўленні, якія па сутнасці стаялі над раённымі камітэтамі партыі і райвыканкамамі, не прыжыліся, не апраўдалі сябе. Час адраджэння раёнкі Дзесьці ў лютым 1963 года пайшлі размовы пра тое, што ў Капылі зноў будзе выходзіць свая раёнка. Менавіта тады і пачаў фарміравацца калектыў газеты. А напярэдадні Віктара Адамавіча (на той момант ён быў намеснікам рэдактара міжраённай газеты «Сцяг працы» (г. Мар’іна Горка) выклікалі ў абласны камітэт КПБ і даручылі ўзначаліць газету любога раёна Міншчыны. Семянкевіч выбраў родную Капыльшчыну. Узнікла пытанне з назвай выдання. [caption id="attachment_126167" align="alignnone" width="300"] ■ Віктар Адамавіч Семянкевіч, 1963–1987 гг.[/caption] – Газета вашага раёна раней мела назву «Калгаснік Капыльшчыны», – звярнуўся да Віктара Адамавіча адказны партыйны работнік. – Нядрэнна, зусім нядрэнна. Аднак жывуць там не толькі калгаснікі, але і рабочыя, і прадстаўнікі інтэлігенцыі. А назва павінна адлюстроўваць усе аспекты жыцця раёна.  У  Мар’інай  Горцы ёсць свой «Сцяг працы», а ў вас няхай будзе «Слава працы». Так і пайшла ў жыццё назва «Слава працы», у якой і зараз гучыць сапраўдная слава простаму чалавеку. І нягледзячы ні на якія патрабаванні часу, газета застаецца своеасаблівым люстэркам і летапісам падзей, што адбываюцца на Капыльшчыне. Першы нумар – першыя выпрабаванні Прыехаўшы ў Капыль, Семянкевіч, які прайшоў добрую школу кіраўніка ў пухавіцкай газеце, з энтузіязмам узяўся за работу. Але нават яму, былому франтавіку, прыйшлося вельмі няпроста на гэтым своеасаблівым полі бою. Ні друкаванага станка, ні шрыфтоў, ні спецыялістаў-друкароў, таму што разам з рэдакцыямі раённых газет былі ліквідаваны і друкарні, абсталяванне з Капыля перавезлі ў Старыя Дарогі. Паміж заснаваннем рэдакцыі і выхадам першага нумара – усяго 10 дзён. За гэты час трэба было і знайсці літработнікаў, і падрыхтаваць матэрыялы, і зрабіць макеты старонак, і вызначыцца, дзе друкаваць. Дата выхаду першага нумара выбрана невыпадкова: 10 сакавіка 1963 года адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных. Друкаваць газету было вырашана ў Слуцкай гарадской друкарні. Як туды дабіраліся і вярталіся назад –  асобная гісторыя. Даехаць да Слуцка дапамог райвыканкам: даў машыну, на якой у суседні райцэнтр адправіліся рэдактар і тры супрацоўнікі. Два дні наборшчыца Колас Людміла без стомы сама вярстала палосы. Нарэшце газета была надрукавана. Усяго – 4950 экзэмпляраў! Толькі вось да Слуцкага чыгуначнага вакзала давялося ісці пешшу ды яшчэ несці такую каштоўную (і даволі цяжкую) ношу. Неяк даехалі да Цімкавіч. І тут новая праблема: як трапіць у Капыль? На шчасце, да райцэнтра ішла машына. Каб аднавіць друкарню, Віктару Адамавічу давялося папрацаваць. І ўжо на апошняй старонцы пятага нумара ад 20 сакавіка 1963 года значыцца: «Друкарня газеты «Слава працы». А для гэтага спатрэбілася прыкласці сапраўды тытанічныя намаганні: плоскадрукавальную машыну прывезлі са Стоўбцаў, лінатып – з Нясвіжа. Паступова склаўся і новы калектыў. Намеснікам рэдактара стаў Касцевіч Леанід Міхайлавіч, адказным сакратаром – ужо праеўшы зубы ў гэтай справе Гурыновіч Усевалад Канстанцінавіч, загадчыкамі аддзелаў: сельскагаспадарчага – Корзун Міхаіл Сямёнавіч, пісьмаў і масавай работы – Сяўрук Міхаіл. Цікава, але менавіта Гурыновічу раёнка абавязана тым лагатыпам, пад якім выходзіла на працягу дзесяцігоддзяў. Пасля таго, як з’явілася назва «Слава працы», Усевалад Канстанцінавіч намаляваў лагатып, а ў абласным упраўленні культуры яго зацвердзілі. Затым вырабілі клішэ і пячаткі. Адзіны зладжаны механізм У першыя дні сакавіка на работу ў рэдакцыю прыйшлі: бухгалтарам – Арлоўская Зінаіда, літработнікам –  Балога  Уладзімір,  карэктарам –  Мамчыц Ганна, сакратаром-машыністкай – Траяновіч Зінаіда, брыгадзірам друкарні – Шырын Фёдар, наборшчыкамі – Колас Людміла, Зарамбоўская  Аляксандра, Гладкая Ганна, Паўлюшчык Валянціна, друкарамі – Колас Уладзімір і Балажынскі Леанід. У хуткім часе на працу прыехала і першая лінатыпістка Коршук Валянціна. У красавіку ў рэдакцыі з’явіўся і свой фотакарэспандэнт – Ясевіч Уладзімір. Крыху   пазней райкам партыі спісаў і аддаў на баланс рэдакцыі ГАЗ-53, вадзіцелем якога стаў Ярмолік Канстанцін. Супрацоўнікі рэдакцыі былі розных узростаў, схільнасцей і характараў. Старэйшыя – прайшлі франтавымі дарогамі і спазналі пекла вайны, малодшыя – таксама зведалі ўсе яе жахі. Але ў тагачасным рэдакцыйным калектыве ніколькі не адчувалася ўзроставых бар’ераў, ніхто  нічым не імкнуўся вылучыцца. З першага дня ўсе стараліся працаваць як адзін адладжаны механізм. Раёнку Семянкевіч Віктар Адамавіч узначальваў на працягу 24 гадоў. Пад яго кіраўніцтвам газета знайшла свой стыль, матэрыялы адрозніваліся майстэрствам напісання, загалоўкі – трапнасцю. Затым яго змянялі Пракарына Іван, Марыя Шэіна і Таццяна Раіцкая. [caption id="attachment_126168" align="alignnone" width="300"] ■ Іван Іванавіч Пракарына, 1987–1995 гг.[/caption] [caption id="attachment_126169" align="alignnone" width="300"] ■ Марыя Уладзіміраўна Шэіна,
1995–2000, 2010–2022 гг.[/caption] [caption id="attachment_126170" align="alignnone" width="300"] ■ Таццяна Міхайлаўна Раіцкая,
2000–2010 гг.[/caption] Былы супрацоўнік раёнкі Балога Уладзімір, які ўзначальваў шматтыражную газету «Гомельскі ўніверсітэт», член Саюза журналістаў Беларусі, успамінаў такі пацешны выпадак: «Праз пэўны час пасля аднаўлення раёнкі ў яе рэдакцыю даслалі заказныя пячаткі і штэмпель. З нейкай урачыстасцю камусьці з супрацоўнікаў праштампавалі бланк камандзіроўкі. Усе прысутныя пацягнуліся пагля-дзець на зробленыя адзнакі. І раптам – дружны рогат. Аказалася, што на пячатцы замест «Слава працы» нейкія мудрацы адлілі «Слаба працы». Гэту хібу, пакуль зрабілі новую пячатку, ухілялі масцікай». Але праца ў газеце ніколі не была слабай ці лёгкай. Гэта заўсёды вялікая адказнасць, нястомная вытрымка і бясконцая творчасць. А роля раённай газеты, па словах Віктара Адамавіча, заўсёды адна і тая –  падтрымліваць райвыканкам, быць непасрэдным яго памочнікам. ...Чалавеку працы ва ўсе часы аддавалі пашану. Пра яго дасягненні і подзвігі складалі вершы, спявалі песні, здымалі кінафільмы. Таму словы «Слава працы» ніколі не згубяць сваёй актуальнасці, ніколі не выйдуць з моды.  У  іх – самая сутнасць  душы  і  характару нас, беларусаў. Дзіяна ТКАЧЭНКА Р.S. Паважаныя чытачы! Мы ствараем экспазіцыю друкаванага слова. калі вы маеце цікавыя тэматычныя рэчы, перадайце іх, калі ласка, у рэдакцыю. А мы пра гэта абавязкова  напішам.  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей