Мы, вучні 6-8 класаў СШ №3 г. Капыля, са сваёй настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Людмілай Львоўнай Жылка пабывалі ў літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Наша экскурсія была прысвечана 120-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта.
[caption id="attachment_15047" align="aligncenter" width="443" caption="Ля музея М. Багдановіча ў Мінску"]

[/caption]
Музей размясціўся ў двухпавярховым будынку Траецкага прадмесця горада Мінска. Менавіта тут знаходзілася хата, дзе жыў Максім Адамавіч. На жаль, будынак не захаваўся. Літаратурны музей М. Багдановіча знаходзіцца недалёка ад гэтага месца.
Сярод самых каштоўных экспанатаў музея – зборнік «Вянок», арыгінальныя фатаграфіі, некалькі аўтографаў. Экспазіцыя музея складаецца з пяці залаў. Залы сімвалізуюць жыццёвы шлях паэта: ад дзяцінста да апошніх гадоў жыцця.
Першая зала прадстаўляе юнацкасць і раннія гады творчасці Багдановіча. Тут ёсць вырабы з саломкі, якія з’яўляюцца своеасаблівым раскрыццём цыклаў вершаў М.Багдановіча «У зачараваным царстве» і «Згукі бацькаўшчыны».
Матэрыялы другой залы адлюстроўваюць працэс станаўлення творчай індывідуальнасці М. Багдановіча, яго літаратурны дэбют у 1907 годзе з аповедам «Музыка» ў газеце “Наша ніва”.
Трэцяя зала экспазіцыі прысвечана тэме росквіту творчага таленту пісьменніка. Тут знаходзіцца зборнік вершаў «Вянок».
Наступная зала – «Мадонны» – адрозніваецца ад іншых сваім афармленнем. Люстра, якая напамінае крыж, умоўна падзяляе памяшканне на тры часткі. Тут ёсць любімая цацка М. Багдановіча – мішка, якому больш за 100 гадоў.
Менш за ўсё экспанатаў у пятай зале. На металічных канструкцыях, якія быццам лунаюць у паветры, выбіты назвы тых вершаў і аповедаў, якія пісьменнік хацеў выдаць, але не паспеў. Сярод прадстаўленых каштоўнасцей – кішэнны гадзіннік, падораны Максіму яго бацькам.
Пабываўшы ў музеі, мы шмат новага даведаліся пра Максіма Адамавіча. Вядомы паэт пражыў усяго 26 гадоў, але і за гэты кароткі час ён пакінуў пасля сябе вялікую культурную спадчыну беларускаму народу.
Настасся Гардзіевіч,
вучаніца 6 класа СШ №3 г. Капыля
Фота Таццяны НядзелькІ
Комментарии