Вынікам добрасумленнай і шчырай працы калектыву ААТ “Капыльскі масласырзавод” за апошні год сталі чатыры дыпломы пераможцаў у двух рэспубліканскіх конкурсах, вынікі якіх былі агучаны на мінулым тыдні.

Перапрацоўчае прадпрыемства з’яўляецца штогадовым удзельнікам разнастайных конкурсаў і дэгустацый. Сёлета першая прыемная навіна прыйшла ў мінулую сераду з Рэспубліканскага грамадскага конкурсу “Лепшая прадукцыя года-2011”. Дыпломы пераможцаў прэстыжнага форуму прысуджаны тром відам прадукцыі: сырам “Беларускае золата” (50% тлустасці), “Купалаўскі” (50% тлустасці) (намінацыя “Сыры сычужныя”) і крэму тварожна-ёгуртнаму 4% у намінацыі “Тварожная прадукцыя”.
назаўтра спецыялісты масласырзавода выехалі яшчэ па адну ўзнагароду конкурсу-дэгустацыі “ГУСТ”. Усяго ў конкурсе 2011 года па выніках двух этапаў прынялі ўдзел 129 прадпрыемстваў, на экспертную адзнаку было прадстаўлена больш за 1260 відаў прадуктаў. Эксперты, а гэта вядучыя спецыялісты Мінаблсельгасхарчу, Міністэрства аховы здароўя, Дзяржстандарта, Белдзяржхарчпрама, Белкаапсаюза, НАН Беларусі, прааналізавалі органалептычныя паказчыкі прадуктаў (густ, колер, пах, кансістэнцыя і г. д.), пэўная ўвага была звернута і на ўпакоўку. Па выніках атрыманых балаў права звацца лепшымі і, адпаведна, маркіравацца знакам «ГУСТ» атрымалі 194 прадукты, прадстаўленыя 56 прадпрыемствамі рэспублікі. Сярод пераможцаў — ААТ “Капыльскі масласырзавод”. Дыплом конкурсу-дэгустацыі пера-працоўчае прадпрыемства атрымала за малако пастэрызаванае “Вкусное” 2,5% тлустасці ў намінацыі “Малако пітное”.
Віншуем з выдатнымі і заслужанымі ўзнагародамі!
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии