Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

49

80 лет со дня трагедии в д. Роспы

21.02.2023
У гады ваеннага ліхалецця вёску Роспы называлі «партызанскай сталіцай». Тут знаходзіўся штаб брыгады імя В.І.Чапаева, падпольны райкам партыі, шпіталь і друкарня. [caption id="attachment_125101" align="alignnone" width="840"] ■ Ля помніка бязвінным пакутнікам вайны в. Роспы, спаленым у лютым 1943 г., в. Харытонаўка[/caption] У гэты дзень у час карнай экспедыцыі пад назвай «Свята ўраджаю», па даносе гітлераўцы і іх памагатыя знішчылі 20 мірных жыхароў, сярод якіх было шасцёра дзяцей. На месцы забойства і спальвання людзей праз 26 гадоў пасля жалобнай даты быў устаноўлены помнік, а ў 2016 годзе на месцы пахавання ў вёсцы Харытонаўка – крыж з надпісам: «Бязвінным пакутнікам вайны». Самабытны паэт Капыльшчыны Мікалай Майсюк прысвяціў гэтай падзеі верш «Дзіцячыя слёзы». [caption id="attachment_125102" align="alignnone" width="400"] ■ Расціслаў Герт[/caption] Аб тым, што пачалася вайна, жыхары вёскі даведаліся ад старшыні мясцовага калгаса. Падлеткі і дарослыя хадзілі ў пасёлачак Перавоз паглядзець, як адступае наша войска. Нямецкія самалёты скінулі некалькі бомбаў, але не атрымалася разбіць мост праз Лошу. Не ўсіх мужчын паспелі прызваць у армію. Частка з іх хутка вярнулася, таму што нямецкія самалёты разбамбілі Слуцкі гарнізон, а частка – трапілі ў палон. Потым іх і прызваных з суседняга раёна дапамагала вызваляць Дора Марцінаўна Пратасевіч – немка, родам з горада Кюстрына, якую пасля Першай Сусветнай вайны прывёз на сваю радзіму былы палонны, салдат  расійскай імператарскай арміі Сцяпан Пратасевіч. Калі гітлераўцы хацелі спаліць вёску разам з людзьмі, яна некалькі разоў выратоўвала сваіх аднавяскоўцаў ад смерці. [caption id="attachment_125103" align="alignnone" width="400"] ■ Арсеній Герт з сынам Расціславам, 1939 г.[/caption] Хутка з’явіліся акупанты і пачалі ўсталёўваць «новы парадак». Зямлю і калгасную маёмасць раздзялілі. Прыйшлі ў Роспы тры камандзіры Чырвонай Арміі, якія былі ў акружэнні пад Беластокам. Жыхары вёскі, добразычлівыя і спагадлівыя, далі прытулак усім. У Паліны Ганчар пасяліўся Яроменка, у Івана НавіцкагаСінякоў, у Палікарпа АдамовічаМарчанка. Афіцэры збіралі зброю, у лесе выкапалі зямлянку і хацелі ўступіць у партызанскі атрад. Нехта данёс ва ўздзенскую паліцыю. Падпільнавалі ваенных у канцы вясны 1942-га на выгане, калі тыя пасля начлегу ў вёсцы ішлі ў лес. Паліцай Савіцкі асабіста расстряляў усіх па-здрадніцку, у спіну. Са з’яўленнем першых партызанскіх атрадаў, людзі дапамагалі народным мсціўцам. Старшыня калгаса «Чырвоныя Роспы» Ігнась Рудакоўскі збіраў па хатах харчаванне, адзенне, абутак, грузіў на воз бульбу, збожжа, сена і адвозіў усё ў партызанскі лагер у Старыцкі лес. Каваль і самабытны майстар Веця Пратасевіч рамантаваў зброю, падкоўваў коней. Столяр Арсеній Герт вырабляў лоджыі і прыклады для вінтовак і аўтаматаў, разам з сынамі наладзіў пераправу праз раку для сувязных і партызан. У час блакады партызанская брыгада вымушана была адступіць з Капыльшчыны на Палессе. Акупанты і іх памагатыя пачалі адчуваць сябе гаспадарамі, бо ведалі, што людзей няма каму абараніць. Сёння мала засталося сведкаў той крывавай трагедыі.  Успаміны дзяцей вайны – гэта летапіс жалю і болю.  Ім зусім ужо шмат гадоў і яны абавязкова імкнуцца паспець увекавечыць памяць тых, хто аддаў жыццё за нас. Расціслаў Герт, жыхар г. Астравец: У той лютаўскі дзень я збіраўся да сябра ў Перавоз. Наша хата стаяла паміж гэтым невялічкім пасёлачкам і Роспамі. Яшчэ з раніцы нейкі ўнутраны голас мне падказваў, што не трэба туды ісці. Разам з бацькам мы пачулі, як галасілі жанчыны і прагучалі першыя аўтаматныя чэргі. Сярод паліцаяў у форме вылучаўся нямецкі афіцэр. Схаваліся з бацькам у гаспадарчую прыбудову і праз адчыненыя дзверы назіралі, як гітлераўцы заганялі ў хлеў сям’ю Іосіфа Пратасевіча. Мой сябар Сашка вырваўся з рук карнікаў і кінуўся ўцякаць. Не хапіла некалькі метраў да выратавальнага лесу, як падлетка дагнала фашысцкая куля, выпушчаная здраднікам Савіцкім. Пратасевічаў (мужыка і жонку) спалілі разам з дачкой Тоняй (маёй аднакласніцай) і яшчэ дзвюмя старымі жанчынамі. Алену, другую дачку, злавілі ў канцы вёскі і  ўкінулі ў полымя. Згарэла і ўся жывёла. Страшэнна раўла карова. Затым забойцы адправіліся да камуніста Ігнася Рудакоўскага. У хаце былі гаспадар і чацвёра яго дзетак: Мікола – 9 гадоў, Лё-дзя – 7, Косця 5, Каця – 3.  Але на месцы не аказалася жонкі і старэйшага сына Валодзі, якога паспела схаваць у падпечак патрыётка Марыя Пратасевіч. Запраўляў усім Савіцкі: ён загадаў Лёдзі прывесці маці, якая раніцай пайшла да сваякоў у суседнюю вёску Мрочкі. Выпхнулі яе з хаты на сцюдзёны мароз у адным валёначку, каб не ўцякла.  Але нелюдзь хутка перадумаў, загадаў аднаму з падначаленых на кані дагнаць дзяўчынку: «Маці не прывядзе і сама не прыйдзе». На паўшляху яе вярнулі. У гэты час да Рудакоўскіх прывялі сувязную партызанскага атрада імя Чапаева Таццяну Францкевіч. Фашысты зачынілі ўсіх у хаце, падперлі дзеры і запалілі. Убачыўшы дым, Марыя Рудакоўская зразумела няладнае, кінулася дамоў. Яе перапыніў знаёмы паліцай, зміласцівіўся і пхнуў у плечы ў суседскі двор: «Не бачыш, што тут робіцца?». А ў гэты час іскры полымя ўздымаліся ў неба над роднай хатай. Гэтага аказалася мала.  Раз’юшаныя забойцы ў хляве спалілі трох жанчын з сям’і Надзеі Пратасевіч і трох чалавек з сям’і Івана Навіцкага, а ва ўрочышчы Найдубава – Палікарпа Адамовіча і яго цяжарную дачку Юлію, якая была на апошнім месяцы.  Ігнася Рудакоўскага забралі ва Узду, дзе катавалі   ў бочцы, запоўненай цвікамі і шклом, а затым закапалі жывым. Гэта была помста за прытулак акружэнцам і дапамогу партызанам. [caption id="attachment_125105" align="alignnone" width="840"] ■ Помнік загінулым у Роспах[/caption] Пасля трагедыі на папялішчы  людзі сабралі абгарэлыя астанкі сваіх родных і аднавяскоўцаў, памясцілі ў невялічкую скрыню і пахавалі на харытонаўскіх могілках. Доўгі час дажджы вымывалі  маленькія дзіцячыя костачкі. Землякі помняць, як усё астатняе жыццё Марыя Рудакоўская падыходзіла да таго месца, дзе згарэлі амаль усе яе родныя. Ды што гэта было за жыццё ў чалавека са зламаным лёсам і парушанай псіхікай. Стаяла ў задуменні. Здавалася, што размаўляла з імі, а можа, чытала малітву. Яшчэ яна ў час нямецкай бамбардзіроўкі на лясной паляне нарадзіла сына Вікенція. Мясцовыя жыхары хавалі яе і двух сыноў, дапамаглі пабудаваць невялічкую хатку. Усё астатняе жыццё жанчына жыла і чакала таго часу, калі далучыцца да сваіх загінулых дзяцей. – Вайна пакінула незагойныя раны ў кожнай сям’і, – успамінае старажыл вёскі Уладзімір Францкевіч. – У час карнай экспедыцыі нашу сям’ю і многіх аднавяскоўцаў канваіры  гналі ў калгасны свіран, які быў ужо абкладзены саломай. Жыццё сапраўды вісела на валаску. Усіх выратавала Дора – немка, якая здзейсніла высакародны ўчынак, стала паміж былымі суайчыннікамі і намі, упэўнена, па-нямецку, растлумачыла афіцэру, што старыя, жанчыны і дзеці – мірныя жыхары. Нас зберагла, а мужа – не. Перад самым вызваленнем той загінуў ад асколка бомбы. Праз некалькі гадоў пасля перамогі нашых землякоў  дагоніць вайна. Мы з сябрамі на раллі знайшлі невялічкую касетную бомбу, падобную да матыля. Пачалі падкідаць, гулялі. Сцёпка Пратасевіч кінуў смяротную знаходку на складзеныя бярвенні, на якіх сядзеў Косцік Пратасевіч. Адбыўся выбух.  Хлопцу асколак трапіў у жывот. Да бальніцы не давезлі – памёр. Мяне, Ярошу Францкевіча і Мішу Пратасевіча крыху зачапіла асколкамі. У час бамбёжкі  згарэла некалькі дзясяткаў хат. 13 мужчын вёскі Роспы з вайны так і невярнуліся, загінулі на фронце.  Пасля вызвалення Беларусі ў Роспах было 63 двары і 214 жыхароў (98 дзяцей). Сёння з 32 хат толькі 13 жылыя, астатнія дачы. 26 жыхароў і толькі пяцёра дзяцей. Кожны год навучэнцы і настаўнікі Слабадакучынскай СШ, апошнія сведкі трагедыі наведваюць месцы гібелі і пахавання нявінных ахвяр, закатаваных у той бязлітаснай вайне. Усе моўчкі схіляюць галовы. Запальваюцца лампады, ускладаюцца кветкі, аб’яўляецца хвіліна маўчання. Гэта лепшае праяўленне нашай памяці і правільнае выхаванне моладзі. Сучаснае пакаленне павінна ўсвядоміць, што самы большы дар на зямлі – жыццё! Барыс ДЗЕНІСЮК, член ГА «Беларускі саюз журналістаў»

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей