Мікалай Анатольевіч Міхайлоўскі, жыхар вёскі Свідзічы, прайшоў той нялёгкі шлях, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак...
Вайна ў Афганістане сёння ўжо стала гісторыяй. Тысячы воінаў у складзе абмежаванага кантыгенту савецкіх войскаў, уведзенага ў гэтую краіну, прайшлі суровы шлях вайны. Шмат юнакоў загінула, сталі інвалідамі, а некаторыя, хто вярнуўся, затым так сябе і не знайшлі ў мірным жыцці.
Прызываючыся на службу ў армію ў красавіку 1982 года, падумаць не мог, што вось так зложыцца яго армейскае жыццё. У тыя гады здавалася, што армія – гэта мірная армія. А пра падзеі ў той экзатычнай краіне гаварылі ціха ці наогул маўчалі. На самай жа справе юнаку прыйшлося страляць па ворагах, быць пад прыцэлам іх зброі.

Сам Мікалай з мнагадзетнай сям’і, з простай біяграфіяй. Вучыўся ў Слабадакучынскай СШ. У час летніх, восеньскіх і веснавых канікул працаваў у калгасе «Новы свет» і ўвесь заробак аддаваў маці, якая гадавала яго і яшчэ трох сыноў. Бацька памёр, калі хлопцу было толькі тры гады. Пасля ўрокаў Мікалай спяшаўся дапамагчы матулі па гаспадарцы і на ферме, дзе яна працавала даяркай. Яшчэ на «гражданцы» атрымаў дзве прафесіі: трактарыста ў школе і вадзіцеля ў ДТСААФ.
Усё пачыналася звычайна, як гэта бывае ў арміі. Пералёт з Мінска ў Ташкент. Трапіў у вучэбнае падраздзяленне, дзе ішла падрыхтоўка малодшых авіяцыйных спецыялістаў. Прысягу прыняў у святочны дзень 1 мая. Спачатку было нялёгка: іншы клімат, казённая ежа, фізічныя нагрузкі. Значная ўвага надавалася вынослівасці, стралковай падрыхтоўцы і, зразумела, уменню кіраваць грузавым аўтамабілем ва ўмовах гор і пяскоў (500-кіламетровы марш). Адным словам – прывыкалі да ўмоў службы ў «гарачай кропцы». У вучэбцы быў адным з лепшых: прысвоена кваліфікацыя ваеннага вадзіцеля 3-га класа. Хутка праляцелі пяць з паловай месяцаў. Толькі ў самалёце афіцэр паведаміў, куды ляцяць. Мабыць, кожны думаў у тую хвіліну, што вернуцца гэтым жа складам праз два гады…
Горад Кабул, сталіца ДРА, сустрэў трывожнай цішынёй і даволі высокай тэмпературай паветра. Там зіма і вясна праходзяць за тры месяцы. Прылёт на аэрадром супаў з трагічнай падзеяй. Вайсковае падраздзяленне, куды прыбыло маладое папаўненне, страціла экіпаж верталёта. Упершыню ўбачылі, як уздымаецца ў паветра самалёт Ан-12 (называлі «Чорны цюльпан») з «грузам 200». Пачалася служба ў ваенна-паветраных сілах. Радавога Міхайлоўскага прызначылі вадзіцелем на ЗІЛ-130 у 248-ю асобную роту аэрадромна-тэхнічнага забеспячэння. Вазіў гаручае для самалётаў і верталётаў, дастаўляў балоны з кіслародам, які быў патрэбен для жыццядзейнасці экіпажа і падтрымання працаздольнасці авіятэхнікі, запуску рухавіка ў разрэджаным паветры. Стараслужачыя аберагалі малады прызыў, ва ўсім аказвалі дапамогу. Жылі спачатку ў палатках, затым у казарме. Цяжкасці былі з вадой, якую прывозілі за 30 кіламетраў. Улетку спёка моцная. І няма ні дрэўца, ні кусціка, каб схавацца ў цень. Схуднелі хутка навабранцы. Вернымі сябрамі сталі бронежылет і аўтамат Калашнікава АК-74, якія заўсёды трымалі пры сабе. На вайне да ўсяго прывыкаеш. Дапамагалі практычныя навыкі. У час шквальных абстрэлаў прыходзілася займаць абарону і адбіваць напады душманаў. Кулі прабівалі кабіну аўтамабіля, клаліся побач. Быў ад смерці на валаску.
[caption id="attachment_125005" align="alignnone" width="600"]

■ Падчас прысягі ў Ташкенце[/caption]
Да нашых салдат мірнае насельніцтва адносілася днём добра, а ноччу – непрыязна, як і моцны вецер-«афганец», што прыносіў з сабой вялікія пясчаныя буры. Нават дзеці 8- 10 гадоў трымалі ў руках зброю. Уразіў адзін выпадак. Падлетак прапоўз праз калючы дрот. Часавы – малады салдат – папярэдзіў яго, а затым выстраліў, як патрабаваў устаў. Хлопчык памёр. Часавога перавялі ў іншае месца. За забітых жанчын, дзяцей, старых афганцы заўсёды помсцілі, такія ў іх былі законы. Мікалай, як і ўсе, проста выконваў свой воінскі абавязак, не задумваючыся аб тым, ці патрэбна гэта вайна, быў упэўнены, што ўсё робіцца правільна, што мы дапамагаем будаваць мірнае жыццё.
Сапраўднай падтрымкай і святам для нашых воінаў у час службы стала выступленне
Іосіфа Кабзона. Просты беларускі хлопец упершыню ўбачыў спевака сусветнага ўзроўню. У мірным жыцці нават і марыць не мог аб тым, каб трапіць на яго канцэрт. Іосіф Давыдавіч на роўных, па-простаму, размаўляў з салдатамі, спяваў з імі разам. Было відаць, што ён паважае ўсіх і разумее, па якой мяжы яны хо-дзяць.
Жанчыны і дзеці часта прыходзілі да аэрадрома. Нашы салдаты дзяліліся вадой, раздавалі хлеб, муку, цукар, дзецям – салодкія пачастункі. Гэта выкарысталі маджахеды: пераапрануліся ў жаночае адзенне, на галовы чадру, у хусткі замест немаўлят закруцілі аўтаматы. Калі «шураві» выйшлі насустрач з падарункамі, тыя хутка скінулі з сябе ўсё непатрэбнае і адкрылі агонь. Перад Мікалаем, скошаныя варожымі кулямі, упалі некалькі таварышаў. Ён паспеў выхапіць свой аўтамат і пачаў страляць у адказ. Дзве кулі апяклі правае плячо. Страціў прытомнасць. Пасля бою яго паклалі ў рад разам з загінулымі аднапалчанамі. Выратаваў санінструктар, калі назваў прозвішча Міхайлоўскі. Знаходзячыся ў небыцці, той змог паварушыць пальцамі на руцэ. Так малады арганізм змагаўся за жыццё. Лячыўся ў шпіталі. За гэты бой быў прадстаўлены да медаля «За баявыя заслугі». За выдатныя поспехі ў баявой і палітычнай падрыхтоўцы, прыкладную дысцыпліну і бездакорную службу ў радах Узброеных Сіл СССР адзначаны нагрудным знакам «Выдатнік ВВС», дзвюмя Падзякамі і Граматай ад камандавання.
У сакавіку 1984 года перакінулі ў горад Баграм. Выйшаў загад міністра абароны аб звальненні, але на месяц давялося застацца, чакалі замену. І вось доўгачаканае звальненне са службы ў запас. Іл-76 выруліў на паласу, нешта доўга не мог узляцець, усе хваляваліся, але затым узлёт. Дэмабілізаваныя дружна закрычалі: «Ура!». 9 мая радавы Міхайлоўскі ступіў на родную капыльскую зямлю. Было свята – Дзень Перамогі, і яго сустракала ўся вуліца, у тым ліку і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Зразумела, ад слёз радасці маці нічога не магла гаварыць. Увесь гэты час
Валянціна Васільеўна жыла лістамі ад сына, у якіх ён імкнуўся супакоіць і ўсяліць надзею на тое, што ўсё бу-дзе добра. Самаму дарагому чалавеку падарыў невялічкую шкатулку з натуральнага каменя.
Працаваў ударна ў родным калгасе «Новы свет» механізатарам, вадзіцелем, рабочым на пілараме. У мірны час быў узнагароджаны медалямі «Воіну-інтэрнацыяналісту», «70 гадоў Узброеных Сіл СССР» і інш. Ажаніўся. Выпрабаванні вайной, дзе праявіў мужнасць, вытрымаў, а вось у жыцці – не заўсёды ладзілася.але траіх дзяцей выхаваў добрымі, міласэрнымі і спагадлівымі. У гэтым годзе яму споўнілася б 60 гадоў (памёр у 2013-м ад хваробы). Дачка
Дар’я Апанасчык свята захоўвае памяць пра бацьку: узнагароды, салдацкі кіцель, фотаздымкі, дакументы, выступае перад школьнікамі на ўроках мужнасці. Унук
Раман – член клуба «Патрыёты Радзімы» – у школьным музеі прадстаўляе экспазіцыю, прысвечаную выпускнікам школы, якія прайшлі «гарачыя кропкі». Заўсёды ў час экскурсіі ўзгадвае свайго дзядулю.
Памяць пра тыя падзеі ўвекавечана не толькі ў абелісках і помніках, яна жыве ў нашых сэрцах. Нізкі вам паклон, ветэраны Афганістана. Дзякуй вам за вашу мужнасць і гонар, адвагу і адданасць Радзіме. Пакуль мы помнім – мы жывём!
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член грамадскіх аб’яднанняў «Беларускі саюз афіцэраў» і «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии