[caption id="attachment_14943" align="alignleft" width="300" caption="Ян Скрыган"]
[/caption]
Зачытваннем цытат з апавядання “Кругі” распачалася літаратурная вечарына, прысвечаная Яну Скрыгану, якая прайшла нядаўна ў Каменскай СШ. Падставай для такога цудоўнага мерапрыемства стала адкрыццё экспазіцыі, якая была арганізавана з нагоды 106-годдзя таленавітага майстра беларускага слова, пісьменніка, паэта, навеліста, публіцыста і крытыка.
Сапраўднае імя Яна Скрыгана – Іван Аляксеевіч Скрыган. З вёскі Труханавічы Капыльскага раёна, якая на той момант была ў складзе Слуцкага павета, у 1905 годзе распачаўся няпросты жыццёвы шлях будучага пісьменніка. Неверагодна, але факт: хросным бацькам хлопчыка з беднай сялянскай сям’і стаў… тутэйшы пан. Малады Іван закончыў мясцовую царкоўнапрыходскую школу. Затым паступіў у сельскагаспадарчы тэхнікум г. Слуцка, але, захоплены літаратурай, на 4-м курсе пакінуў навучальную ўстанову, таму што цвёрда вырашыў прысвяціць сваё жыццё творчасці. Пасля гэтага паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы працаваў у шэрагу выданняў, а пасля ў газеце “Літаратура і мастацтва”. У
[caption id="attachment_14950" align="alignright" width="288" caption="Галіна Скрыган"]
[/caption]
1936-м Яна Скрыгана арыштавалі, на той час яго імя было ўжо даволі вядомае. Ён быў рэпрэсіраваны і на 10 гадоў высланы ў Кемераўскую вобласць, а пасля ў 1946 годзе зноў арыштаваны і высланы ў Сібір. І толькі ў 1954 годзе, пасля поўнай рэабілітацыі, Ян Скрыган вярнуўся ў Мінск і аднавіў актыўную творчую дзейнасць. Працаваў рэдактарам у Дзяржвыдавецтве БССР, літкансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі, рэдактарам і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”. Як добры знаўца мовы, быў запрошаны на пасаду загадчыка літаратурна-кантрольнай рэдакцыі выдавецтва “Беларуская савецкая энцыклапедыя”.
Дэбют яго вершаў адбыўся ў 1925 годзе, але хутка Скрыган перайшоў на празаічныя жанры, хоць паэзія пісалася і пазней.
Нямала цікавых твораў было напісана таленавітым пісьменнікам, вялікую літаратурную спадчыну пакінуў пасля сябе Скрыган. Аб жыццёвым і творчым шляху непаўторнага і арыгінальнага майстра распавядалі запрошаныя на вечарыну ў Каменскую СШ госці: дачка пісьменніка Галіна Скрыган, галоўны рэдактар выдавецтва “Кнігазбор” пісьменнік Кастусь Цвірка, актрыса Галіна Дзягілева, беларуская паэтэса Хрысціна Лялько, беларускія пісьменнікі Анатоль Бутэвіч, Сяргей Панізнік, Мікола Касцюкевіч.
На парозе школы дарагіх гасцей шчыра вітала дырэктар Галіна Васілевіч. Літаратурнае свята пачалося з адкрыцця экспазіцыі. У невялікай зале школы сіламі настаўнікаў, вучняў і вяскоўцаў былі сабраны цікавыя экспанаты. Ганаровае права разрэзаць чырвоную стужку і адкрыць экспазіцыю школьнага музея было прадстаўлена Галіне Скрыган. Затым настаўніца пачатковых класаў Ірына Тагіль правяла займальную экскурсію па школьным музеі.
[caption id="attachment_14952" align="aligncenter" width="443" caption="Куток экспазіцыі: асабістыя рэчы Яна Скрыгана"]
[/caption]
Шматлікія фотаздымкі расказвалі пра жыццё Скрыгана, яго маладосць, падарожжы, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Некалькі картачак распавядалі пра яго прыезд у Капыль на юбілей Кузьмы Чорнага. Прыцягнуў маю ўвагу і прывітальны адрас з нагоды 70-годдзя Скрыгана: “Ад імя шматтысячнай арміі чытачоў нашай газеты горача і сардэчна віншуем Вас – нашага земляка, выдатнага майстра беларускай прозы, з юбілеем”. Падпісана паштоўка калектывам рэдакцыі Капыльскай раённай газеты “Слава працы” 18 лістапада 1975 года.
Таксама ў экспазіцыі былі сабраны асабістыя рэчы пісьменніка: пояс, вытканы яго ўнукам, гальштук, пасведчанні, узнагароды.
“Чырвоным” кутом у экспазіцыі стаў імправізаваны рабочы кабінет нашага земляка, дзе стваральнікі школьнага музея пастараліся найбольш дасканала перадаць тую атмасферу, у якой жыў і пісаў Ян Скрыган. Захаваліся газеты, якія ён чытаў, і ручкі, якімі карыстаўся, яго пісьмовы стол і гадзіннік, партфель, лямпа і папкі. Былі прадстаўлены і драўляныя кіёчкі, якія пісьменнік выразаў сам, пакрываў лакам, а пасля дарыў сваім сябрам. Знайшлі сваё месца ў экспазіцыі прылады, якімі карысталіся ў той час людзі: плеценыя лапці, бондарскія вырабы, ткацкі станок, ступа і іншыя. Менавіта гэтыя экспанаты найбольш дакладна адлюстроўваюць быт людзей у дадзенай мясцовасці. Пасля агляднай экскурсіі, калі ўсе жадаючыя пакінулі запісы ў кнізе водгукаў, гаспадары свята запрасілі гасцей непасрэдна на саму літаратурную вечарыну.
У актавай зале, дзе павінна была праходзіць імпрэза, прысутных сустракала прыемная музыка ў выкананні салістаў Белдзяржфілармоніі Сяргея Долгушава і Андрэя Еўдакімава.
[caption id="attachment_14953" align="aligncenter" width="443" caption="Экскурсію для гасцей праводзіць Ірына Тагіль"]
[/caption]
Пра свайго бацьку расказала Галіна Скрыган. Прыгожым беларускім словам лілося выступленне дачкі пісьменніка. Яна зачытвала вытрымкі з дзённікаў, успамінала пра маленства. У яе мову часта ўпляталіся словы “мілата”, “любата”, “смаката”, якія вельмі любіў Іван Аляксеевіч.
Сваімі ўспамінамі падзялілася і беларускі літаратар Хрысціна Лялько. Яна была добра знаёма з пісьменнікам, таму пра яго жыццё ведала не па чутках. Паэтэса прэзентавала ў школьны музей ручку, падораную на яе дзень нараджэння Янам Скрыганам, і двухтомнік з творамі пісьменніка 1975-га года выдання, падпісаны яго рукой.
[caption id="attachment_14954" align="aligncenter" width="443" caption="Падчас вечарыны"]
[/caption]
Падзяліліся з прысутнымі сваімі думкамі і пачуццямі Анатоль Бутэвіч, Сяргей Панізнік і Мікола Касцюкевіч. Больш за гадзіну доўжылася імпрэза, насычаная ўспамінамі і вытрымкамі з твораў і асабістых дзённікаў пісьменніка, якія зачытвала актрыса Галіна Дзягілева.
Фінальным акордам стала беларуская народная песня “Там, каля млына” ў выкананні Сяргея Долгушава, пасля якой дачка пісьменніка падарыла кнігі Яна Скрыгана ўсім жадаючым.
У лірычным, спакойным настроі выходзілі з залы госці. Упэўнена, пасля такога вечара многія абавязкова прачытаюць альбо перачытаюць творы знакамітага майстра беларускага слова.
Крысціна ЖОГАЛЬ
Фота аўтара
Комментарии