Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

80 лет Сталинградской битве

02.02.2023
СТАЛІНГРАД: час пералому Заўтра адзначаецца знамянальная дата – 80-годдзе Сталінградскай бітвы, той самай бітвы, якая лічыцца паваротным момантам Вялікай Айчыннай вайны. Гэта перамога Чырвонай арміі паклала пачатак «карэннаму пералому», калі савецкае галоўнакамандаванне перахапіла стратэгічную ініцыятыву не толькі ў Вялікай Айчыннай, але і ва ўсёй Другой сусветнай вайне. У складзе шматнацыянальнай Чырвонай арміі гераічна змагаліся пад Сталінградам і жыхары Капыльшчыны. На жаль, іх ужо няма ўжывых. Але словы і ўспаміны некаторых з іх захаваліся, у тым ліку і на старонках раёнкі. Уладзіміру Лявонцьевічу ДРАКО з вёскі Саўкова давялося прайсці цяжкі і доўгі баявы шлях. Ён быў паранены ля Смаленска, затым ваяваў на розных франтах і закончыў вайну на Эльбе. Ратныя подзвігі былога разведчыка адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна» і іншымі ўрадавымі ўзнагародамі. Асабліва памятным для ветэрана з’яўляецца медаль «За абарону Сталінграда», якую ён атрымаў напрыканцы 1942 года. У складзе воінаў 126-га палка праслаўленай 62-й арміі генерала Чуйкова ён апынуўся тады ў самым эпіцэнтры баявых дзеянняў, калі баі вяліся ўсяго ў 20 кіламетрах ад вялікага горада на берагах Волгі. Закаваныя ў браню фашысцкія армады рваліся наперад, каб перакрыць важную водную артэрыю і адарваць цэнтр краіны ад важнейшых стратэгічных і прамыслова-сыравінных частак. Справа даходзіла да таго, што нават конныя разведчыкі вымушаны былі спешвацца і весці агонь па браніраваных машынах ворага з супрацьтанкавых ружжаў. Пра стойкасць артылерыстаў расказваў Усевалад Яўгенавіч ПЯСЕЦКІ, які з’яўляўся ў той час камандзірам артылерыйскай разведкі: – Абаронныя баі распачаліся са жніўня 1942 года і вяліся ў вельмі дрэнных ландшафтных умовах. Батарэі знаходзіліся ў нізіне, а вораг сканцэнтраваў свае сілы на безымянных вышынях мясцовасці. Ледзь толькі пачынала днець, як над артылерыйскімі пазіцыямі завісалі нямецкія сцярвятнікі, не давалі спакою снайперы. Каб увесці праціўніка ў зман, а затым падаўляць яго агнявыя ўчасткі, даводзілася прымяняць розныя хітрыкі, працаваць ноччу. Паставім, бывала, якое-небудзь бервяно, замаскіруем яго галінкамі. А ранкам ужо такая гармата, якая знаходзіцца воддаль нашай пазіцыі, ушчэнт разлятаецца ад нямецкай бомбы. Даводзілася пераадольваць вялікія цяжкасці, несці страты. Але як бы там ні было, воіны-артылерысты стойка і мужна выконвалі свае баявыя заданні. На арэне вялікай прыволжскай бітвы пакрылі сябе неўміручай славай прадстаўнікі ўсіх родаў савецкіх войск. Неймаверны  цяжар выпаў на долю нястомных работнікаў вайны – сапёраў. Пад вобліскі варожых ракет яны прабіраліся ў стан ворага, з зарадамі ўзрыўчаткі падрывалі іх умацаванні, ставілі мінныя загароды, пракладвалі шляхі для нашых разведчыкаў. Людзі часта ішлі на непазбежную гібель, але бездакорна выконвалі адказныя задачы камандавання. Аб гэтым вельмі вобразна і пераканаўча расказваў былы сапёр праслаўленай 64-й арміі Рыгор Фёдаравіч ГАТОЎЧЫК з Капыля. Ветэран вайны прыпамінаў даволі цікавы выпадак: як аднойчы адзін уварваўся ў нямецкі бліндаж, дзе аказаліся пяць узброеных салдатаў. Іншым часам такая сустрэча закончылася б для сапёра трагічна. Але гэта адбылося ўжо ў той памятны зімовы перыяд, калі нашы войскі перайшлі ў контрнаступленне. Немцы настолькі былі ашаломленыя, змучаныя, падаўленыя духам, што адразу здаліся ў палон. У той рашаючы гістарычны перыяд у цеснай узаемасувязі з выключнай стойкасцю і адвагай дзейнічалі савецкія пехацінцы, артылерысты, танкісты, лётчыкі, службы забеспячэння. Івану Ігнатавічу ВЯРБІЦКАМУ з вёскі Роспы даводзілася тады мець справу з авіятарамі. З вялікім гонарам за ратныя справы аднапалчан у свой час ён расказаў аб тым, як нашы «кукурузнікі» літаральна за 8-10 кіламетраў ад лініі фронту рабілі пасадкі на шасэйных дарогах, невялікіх пляцоўках, загружаліся новымі запасамі боезарадаў і абрушвалі іх на недабітых яшчэ фашыстаў. У ходзе Сталінградскай бітвы асабліва адчувальныя ўдары па ворагу наносілі нашы праслаўленыя гвардзейскія мінамёты «кацюшы». У адным з разлікаў такой грознай баявой устаноўкі давялося быць і Аляксею Рыгоравічу ЮРГЕНЕВУ са Старыцы. – Мы доўга не затрымліваліся на адным месцы, – успамінаў былы франтавік. – Дадзім залпаў некалькі па варожым стане і адразу накіроўваемся на іншую пазіцыю. Гэтыя залпы ўзнімалі велізарную паніку ў стане ворагаў, пераломвалі іх сілы. А для нашых байцоў і камандзіраў з’яўленне на пазіцыі «кацюш» узнімала баявы дух, усяляла веру ў вялікую Перамогу. Калі побач з’явіліся гвардзейскія мінамёты, значыць, у хуткім часе для фрыцаў будзе добрая прыпарка. У складзе байцоў 66-га гвардзейскага  мінамётнага палка А.Р. Юргеневу давялося ваяваць і пад камандаваннем праслаўленага палкаводца Пліева, тройчы рабіць рэйды па варожых тылах. Апошні свой залп ён зрабіў пры вызваленні чэхаславацкага народа ад гітлераўскай нечысці. А вось пра свайго прадзядулю Андрэя Рыгоравіча ПАНЧАНКУ звесткі збірала праўнучка Паліна Серадзінская, якая навучаецца ў СШ №2 г. Капыля.  Ён нарадзіўся на Украіне, працаваў на швейнай фабрыцы ў г. Чырвоны Ліман. На франтах Вялікай Айчыннай са жніўня 1941 года па 9 мая 1945 года. Ваяваў у складзе 116-га артылерыйскага палка – камандзір аддзялення разведкі. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, медалямі «За абарону Масквы», дзвюма «За баявыя заслугі», «За абарону Сталінграда», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей