
— Сёлета нашы навучэнцы займаліся пасадкай дрэўцаў, — расказвае Наталля Лукашэвіч, — дапамагалі ветэранам, цяпер вось прыехалі навесці парадак у парку ў Вялікай Раёўцы.
— Некалькімі тыднямі раней яны працавалі на ўборцы мемарыяльнага комплексу ў Прусах, — працягвае гутарку Наталля Гарбацэвіч. — А наогул, выконваючы даручэнне старшыні Мінаблвыканкама Барыса Батуры, работы па навядзенні парадку ў населеных пунктах праходзяць гэтымі днямі па ўсім раёне.
У Вялікараёўскім сельскім Савеце цяжка абысціся без старонняй дапамогі. Як расказала яго старшыня Зоя Бордак, на тэрыторыі сельсавета няма ніводнай навучальнай установы. І калі ў іншых мясцовасцях звычайна клопат па падтрыманні парадку вакол помнікаў, брацкіх магіл, мемарыялаў бяруць на сябе школьнікі, тут даводзіцца шукаць іншы выхад. Таму дапамога навучэнцаў каледжа вельмі дарэчы.
“Работа па навядзенні парадку на зямлі прыпыняецца, можа, толькі зімой, — тумачыць Зоя Мікалаеўна. — Астатні час мы ні на хвіліну не выпускаем гэту праблему з поля зроку. Працуем з пустуючымі сядзібамі, шукаем нашчадкаў іх былых гаспадароў. Дарэчы, калі яшчэ некалькі гадоў таму такіх дамоў было каля 160, то цяпер засталося 47. Прайшла рэкультывацыя двух міні-палігонаў, заканчваюцца работы на трэцім. Вяскоўцы ахвотна заключаюць дагаворы з Капыльскай ЖКГ па зборы смецця. Таму парадку, вядома, стала больш, але да ідэалу яшчэ далёка”.
…Адцягнуўшы на пару хвілін сваю ўвагу на наш прыезд, перакінуўшыся некалькімі словамі, хлопцы зноў прыняліся за сваю работу. І не адчувалася ў гэтым ніякага прымусу, ніякага пазіравання, а толькі разуменне неабходнасці і важнасці той справы, якой яны зараз займаюцца.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии