Сваімі меркаваннямі дзеліцца начальнік Капыльскага раёна электрычных сетак Мікалай Варвашэня.
Абрадавала
Станоўчыя эмоцыі выклікае тое, што нашы двое дзетак падрастаюць з кожным днём, і ўсё больш пазнаюць свет і радуюць нас з жонкай. А на працы задаволены тым, што ў чарговы раз працаўнікі нашага прадпрыемства ў кароткі тэрмін ухілілі наступствы стыхіі, якая праляцела над раёнам у пачатку тыдня, і прафесійна выканалі каля 40 заявак.
Абурае
Абыякавасць людзей адзін да аднаго. А калі гэта датычыцца менавіта іх саміх, то тут кожны, нават да хрыпаты ў горле, будзе адстойваць свае патрабаванні — ці то да дзяржавы, ці то да прадпрыемства.
Хвалюе
Як кожнага, мабыць, у наш час хвалюе рост цэн у крамах, асабліва на дзіцячыя тавары і харчаванне. Як беларусу, мне неабыякавы лёс нашай роднай мовы. Як дэпутата, мяне непакоіць будучыня нашых вёсак, якія з кожным годам старэюць і выміраюць. З хваляваннем адношуся да лёсу будынкаў, у якіх некалі цеплілася жыццё, а цяпер пустуюць. Таксама неабыякавы да праблемы п’янства насельніцтва, асабліва вясковага.
Прымушае задумацца
Як кіраўніку раёна электрасетак, даводзіцца думаць пра недахоп грошай на іх рэканструкцыю, а ў нашым раёне яшчэ больш за 90 км сетак на драўляных слупах. Турбуе таксама тое, як прывучыць насельніцтва да эканоміі прыродных і энергарэсурсаў.
Запісаў Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии