Адмысловым перыядам у літургічным годзе Касцёла з’яўляецца адвэнт (прыйсце) – час радаснага чакання на нараджэнне Езуса Хрыста
Вельмі добра сэнс Адвэнту раскрывае літургія гэтага перыяду. Першая займае 2/3 часу (каля 3 тыдняў) і канцэнтруецца на таямніцы другога прыйсця Хрыста. Другая частка (апошні тыдзень: 17–24 снежня) – гэта ўспамін падрыхтоўкі выбранага народа да першага прыйсця Божага Сына. З гэтага вынікае, што мэта Адвэнту – нагадаць нам пра рэальнасць і непазбежнасць другога прыйсця Хрыста ў гэты свет. Яшчэ больш важная неабходнасць быць падрыхтаваным да сустрэчы з Ім у любы момант. Ад нашай гатоўнасці да сустрэчы з Божым Сынам, калі Ён паўторна прыйдзе, залежыць наша збаўленне.
У Адвэнце мы закліканыя адмовіцца ад граху і аднавіцца ў любові, бо нас чакае шчасце. Бо Бог надыходзіць, каб прынесці паўнату шчасця. Таму з радасцю бярэмся за ўсе аскетычныя практыкі, каб вызваліцца ад усяго, што нам яшчэ перашкаджае быць чыстымі, вольнымі, па-сапраўднаму любячымі. Бо гэты час мае іншае значэнне, чым Вялікі пост, хоць вельмі падобны ў практычным аскетычным вымярэнні (больш інтэнсіўная праца над сабой, устрыманне ад шумных святочных мерапрыемстваў, посныя практыкі, рэкалекцыі, больш часу на роздум, малітву, перамену жыцця). Радасць Адвэнту – гэта не проста весялосць з падрыхтоўкі да святаў, а перадусім радасць вызвалення, чування, гатоўнасці да рэальнага і чаканага другога прыйсця любімага і любячага Збавіцеля.
РАРАТНАЯ СВЯТАЯ ІМША
Рараты – гэта вельмі папулярнае адвэнтавае набажэнства. Так называецца ватыўная святая Імша на ўшанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі ў перыяд Адвэнту. Ватыўная Імша азначае, што яна цэлебруецца з выкарыстаннем асаблівых малітваў і літургічнага адзення, адрозных ад прадпісаных на гэты дзень. Гэта дазваляецца рабіць з важнай нагоды або дзеля пабожнасці вернікаў. На Раратнай святой Імшы ўжываюцца малітвы пра Маці Божую, літургічнае адзенне белага колеру, а таксама спяваецца гімн «Хвала на вышынях Богу», паколькі гэтая цэлебрацыя носіць урачысты характар. Гэтая Імша традыцыйна цэлебруецца вельмі рана на світанні. Зазвычай Рараты распачынаюцца пры выключаным святле. Святыня асвятляецца толькі агеньчыкамі свечак, якія таксама прыносяць з сабою вернікі. У многіх парафіях дзеці з дапамогаю бацькоў і катэхетаў рыхтуюць ліхтарыкі, з якімі прыходзяць раніцай на Раратную Імшу. Калісьці гэтыя ліхтары асвятлялі людзям дарогу да касцёла на досвітку доўгай зімовай ночы.
У перыяд Адвэнту варта зрабіць высілак і пастарацца прынамсі час ад часу браць удзел у Раратных Імшах, лепш за ўсё менавіта раніцай. Гэта дапаможа напоўніць перыяд Адвэнту духам чування і малітвы, каб праз заступніцтва Панны Марыі – Маці адвэнтавага чакання – годна падрыхтавацца да сустрэчы Збаўцы ў святкаванні Божага Нараджэння.
ВІГІНІНЫ СТОЛ
З даўніх часоў у Касцёле існуе звычай: дзень перад вялікай урачыстасцю вернікі захоўваюць строгі пост і ўсю ноч чакаюць гэтага свята, молячыся разам. Выключна рэлігійны характар мае і вігілійная вячэра ў сем’ях. Глыбокае перажыванне гэтага вечара яднае сем’і і застаецца найлепшым успамінам на ўсё жыццё. Варта перажыць гэты вечар найбольш духоўна, бо разам з Хрыстом у нас нараджаецца надзея, адраджаемся духоўна мы самі...
У цэнтры памяшкання ўстанаўліваюцца (калі гэта магчыма) яселькі з Дзіцяткам Езусам. На стале рассцілаецца крыху сена – як напамін аб убостве бэтлеемскага грота, дзе Марыя паклала нованароджанага Хрыста на сена ў яслі. Стол засцілаецца белым абрусам. Можна ўпрыгожыць яго яловымі лапкамі са свечкамі. У цэнтры стала на талерку, пакрытую сурвэткай, кладзецца аплатка і разгорнутая кніга Евангелля.
На стол падаюцца посныя стравы і безалкагольныя напоі. Калі загарыцца першая зорка на небе – сімвал Бэтлеемскай зоркі – сям’я збіраецца пры вігілійным стале. Па даўняй славянскай традыцыі адно месца за сталом застаецца вольнае – як памяць аб памерлых і аб падарожных, якія неспадзявана могуць пастукаць у дзверы.
Комментарии