Для Ніны Пятроўны Лабацэвіч з в. Падгорцы, як і для тых, хто нарадзіўся ў СССР, 70-80-я гады мінулага стагоддзя былі самымі адметнымі ў жыцці. Дарэчы, 28 жніўня яна адзначыла шаноўны юбілей – 85-годдзе.
[caption id="attachment_122820" align="alignnone" width="600"]
Ніна Лабацэвіч сёння[/caption]
[caption id="attachment_122821" align="alignnone" width="600"]
і ў 1954 годзе[/caption]
Шчыра, напружана і годна працавала даяркай у саўгасе імя Ф.Э. Дзяржынскага больш за 40 гадоў. Неаднаразовая пераможца сацыялістычнага спаборніцтва і перадавік сельскай гаспадаркі, удзельнік рэспубліканскага сходу партыйнага, савецкага, прафсаюзнага і камсамольскага актыву. За поспехі ў сацыялістычным спаборніцтве, павелічэнні вытворчасці малака ўдастоена ордэнаў «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга, сярэбранага медаля Галоўнага камітэта ВДНГ СССР, знака «Ударнік дзясятай пяцігодкі», дзвюх Ганаровых грамат Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровых грамат Дзяржаўнага аграпрамысловага камітэта БССР і абласнога выканаўчага камітэта, Савета народных дэпутатаў. У 1985 годзе стала Лаўрэатам прэміі савецкіх прафсаюзаў імя К.П. Арлоўскага. Яе імя назаўсёды ўнесена ў Кнігу працоўнай славы Капыльшчыны.
Пачыналася ўсё ў вёсцы Слабада-Кучынка, калі ў мнагадзетнай сям’і (6 дзяцей)
Пятра Кандыбовіча ў 1937 годзе нарадзілася дачушка
Ніна. Гэта звычайная сялянская сям’я, дзе ў пашане былі добрасумленнасць і працавітасць. Дзяцінства нельга назваць бестурботным: бацька, паранены на фронце, памёр праз тры гады пасля вайны, старэйшы брат
Іван служыў у арміі, на руках у маці
Любові Мікітаўны засталіся пяцёра дзяцей. Жылі бедна, ежы не хапала, не было чаго апрануць і абуць. Але неяк выжывалі. Ніначка з 6-га класа бегала на ферму дапамагаць матулі даіць кароў. Гэтым эканомілі час, а затым усёй сям’ёй разам касілі і сушылі сена, садзілі бульбу і гародніну, палолі грады.
Ніна скончыла Слабада-Кучынскую сямігодку, адзін год наведвала Бальшавіцкую СШ, але трэба было плаціць за навучанне, а грошай не было, таму пайшла на торфараспрацоўкі, праполвала буракі і кок-сагыз у калгасе «Зара свабоды». З 1954 года пачынаецца працоўны стаж даяркі.

[caption id="attachment_122823" align="alignnone" width="840"]
Ніна Лабацэвіч (першая справа) падчас мерапрыемства ў раённым Доме культуры[/caption]
Неўзабаве на танцах у клубе пазнаёмілася з добрым хлопцам
Георгіем Лабацэвічам з в. Падгорцы. Доўга не чакалі, згулялі вяселле. Маладыя пайшлі жыць да бацькоў мужа. Гэта таксама мнагадзетная сям’я, і прынялі яе як сваю. Яна хутка знайшла агульную мову з новымі сваякамі, бо сама па жыцці – чалавек просты, сціплы і душэўна шчодры.
Першы час пасля пераезду на новае месца Ніна працавала ў паляводчай брыгадзе саўгаса імя Ф.Э. Дзяржынскага. Калі ў сям’і нарадзіўся першы сын
Анатолій, перайшла на ферму, дзе даіла 25 рагуль, а затым і 50. Першая дойка ў 5.00, другая ў 19.00, а некаторы час даілі і ў абед. Неабходна было адвязаць і прывязаць жывёлу, пачысціць, падкласці саломы, выпусціць на двор. А яшчэ паміж дойкамі трэба было падаіць сваю кароўку, прыбраць у хаце, памыць і папрасаваць бялізну, зварыць есці, зрабіць урокі з сынамі і адправіць у школу. Заўсёды наведвала бацькоўскія сходы. Яна хутка заваявала павагу сярод калег, якія былі значна старэйшыя, а затым і сама стала добрым памочнікам для моладзі. Імпанаваў яе настойлівы характар, уменне спраўляцца з жывёлай, ды якасць працы была высокай.
— На ферме прайшло маё жыццё. У нас быў зладжаны, праца-здольны калектыў з 11 жанчын і цудоўнага загадчыка
Канстанціна Рыгоравіча Гурыновіча, — з павагай і ўдзячнасцю ўзгадвае Ніна Пятроўна. — Калегі заўсёды падтрымлівалі, падбадзёрвалі і давалі змястоўныя парады. З кароўкамі размаўляла, лашчыла іх, сачыла за самаадчуваннем. Калі трэба было, больш кармоў падкладу, калі нядужыцца – адразу ветэрынара клічу.
Усё гэта разам з працавітасцю і добрасумленнасцю дало свой плён у атрыманні высокіх вынікаў: надоі складалі 5000 кілаграмаў, затым 6000-7000, павысілася і якасць малака. За працоўнымі дасягненнямі прыйшлі і заслужаныя ўзнагароды: ордэны, медалі, шматлікія граматы і падзякі. Пабывала на адпачынку ў Расіі, Балгарыі, Чэхаславакіі. За ўдзел у выставе ВДНГ Ніне Пятроўне ўручылі ключы ад аўтамабіля «Масквіч», неаднаразова выбіралі дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, узначаліла клуб даярак-пяцітысячніц Капыльскага раёна. Асабліва памятае першы падарунак — вазу, якую ўручыў на ўрачыстым сходзе дырэктар саўгаса
Аляксандр Антонавіч Патапаў.
Былі і перажыванні. Малодшага сына Ігара ў 1979 годзе прызвалі ў армію (служыў у Мінску). Бацькі радаваліся, што блізка і можна наведаць праз выхадныя. Здарылася так, што на адзін месяц прыпынілася перапіска з ім. На апошняй сустрэчы ён не прызнаўся, што яго адправяць за межы рэспублікі. Ужо збіраліся ехаць у Мінск, а тут нечакана прыходзіць ліст з пячаткай «Ханой»: «Мама! Не хвалюйцеся і толькі не плачце, у мяне ўсё добра, служу ў В’етнаме». Радавы Лабацэвіч забяспечваў урадавую сувязь паміж савецкім пасольствам і Міністэрствам абароны СССР.
Але галоўным дасягненнем у жыцці лічыць сям’ю — моцную і дружную.Разам з мужам Георгіем Міхайлавічам у згодзе і разуменні пражылі 48 гадоў, пабудавалі новы дом, сынам справілі провады ў армію і вяселлі. З пяшчотай расказвае Ніна Пятроўна пра іх і нявестак, якія называюць яе мамай. Сённяшняй радасцю з’яўляюцца для бабулі пяцёра ўнукаў і 10 праўнукаў. Мілыя сэрцу людзі жывуць побач у Капылі. Кожны дзень тэлефануюць, спраўляюцца аб здароўі, наведваюць у будні і выхадныя дні, дапамагаюць апрацоўваць прысядзібны ўчастак і заўсёды збіраюцца на святы, каб павіншаваць самага любімага і дарагога чалавека. На пытанне: вярнулася б, калі можна было, у тыя гады, адказала: «Вярнулася б у той час не задумваючыся. У тую краіну, дзе людзі былі больш добрыя, усе жылі адкрыта, весела і ніхто нікому не зайздросціў. Сустрэцца б калектывам у ленінскім пакоі за кубкам гарбаты, парадавацца за сваіх дзяцей і ўнукаў».
Землякі паважаюць юбіляра як клапатлівую маці, добрую працаўніцу і сардэчнага чалавека.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Комментарии